Адам Адамавіч Церах

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адам Адамавіч Церах
Дата нараджэння 8 верасня 1882(1882-09-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 ліпеня 1938(1938-07-07) (55 гадоў)
Месца смерці
Прафесія драматург
Тэатр
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адам Адамавіч Церах  (8 верасня 1882, в. Кабылле, Вілейскі павет, цяпер Вілейскі раён — 7 ліпеня 1938, Менск, НКУС) — беларускі драматург. Карыстаўся псеўданімам А. Гаротны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 8 верасня 1882 года ў вёсцы Кабылле Крайскай воласці Вілейскага павета[1].

Быў членам Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ў 1917—1920 гадах[1].

У лютым 1918 года разам з Фларыянам Жданавічам арганізаваў у Менску па загадзе каменданта Канстанціна Езавітава атрады беларускай міліцыі па ахове парадку ў горадзе пасля ўцёкаў бальшавікоў (перад уваходжаннем нямецкіх войскаў). У польскую акупацыю з’яўляўся намеснікам старшыні Менскага таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, інструктарам Надзвычайнага беларускага нацыянальнага камітэта па Меншчыне. Удзельнік драматычнай секцыі Беларускай вучнёўскай грамады ў 1919—1920 гадах[1].

Іграў у пастаўленых гэтым калектывам п’есах: «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, «Пасля смерці» і «На маскарад» С. Іванова (Сымона Музыкі), «Слуцкая варона» і «Мікітаў лапаць» М. Чарота, «Васількі» А. Паўловіча[1].

У 1919—1922 гадах разам з Усеваладам Фальскім і Алесем Ляжневічам кіраваў тэатральнай секцыяй клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі «Беларуская хатка». Як акцёр і драматург выступаў пад псеўданімам А. Гаротны[1].

«Lekary і lekі». 1927
Адам Церах з жонкай Ксеніяй Ільінічнай

У 1926 годзе падаў заяўку пра ўступленне ў драматургічную секцыю літаратурнага аб’яднання «Маладняк», быўшы аўтарам ужо каля 20 п’ес, якія ставіліся пераважна на клубных сцэнах. Сярод іх: «Лекары і лекі», «Два жаніхі», «Перамена», «1 мая», «На Вялікдзень», «Калядны вечар», «З бязволля на волю», «Па дзвюх дарогах», «Соль за соль», «Нетрывалае сяброўства», «У змаганні з цемрай». Першыя тры з пералічаных п’ес выйшлі ў 1925—1926 гадах асобнымі выданнямі[1].

Зняўся ў ролі вайсковага пракурора ў фільме «Кастусь Каліноўскі» (1927)[1].

У ролі Лірніка ў п’есе «Машэка»

Адам Церах працаваў акцёрам у I Беларускім дзяржаўным тэатры з 1922 года (то бок з дня яго заснавання). Нягледзячы на тое, што калегі адзначалі досвед і добрасумленны падыход А. Цераха да сцэнічнай ігры, ён пачуваў сябе пакрыўджаным, бо рэжысёры запрашалі яго толькі на другарадныя ролі. Гэта прыгнечанасць асабліва абвастрылася ў 1930—1931 гадах, калі акцёр пачаў выпрабоўваць і матэрыяльныя цяжкасці. Неўзабаве ён быў вымушаны пакінуць тэатр і ўладкавацца на працу кіраўніком драмгуртка на швейную фабрыку «Кастрычнік»[1].

У пачатку 1938 года ён быў арыштаваны. Асуджаны 25 мая 1938 года пастановай НКУС СССР і Пракурора СССР як агент польскіх выведворганаў паводле арт. 68 КК БССР да ВМП. Расстраляны ў Менскай турме 7 ліпеня 1938 года. Рэабілітаваны пракуратурай Беларускай ваеннай акругі 24 ліпеня 1989 года[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]