Алесь Дудар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 23:28, 21 ліпеня 2013, аўтар 93.85.202.28 (размовы) (+ фота з нямецкай Вікіпедыі)
Алесь Дудар

Алесь ДУДАР, сапр.: Аляксандр Аляксандравіч ДАЙЛІДОВІЧ (24 снежня 1904, в. Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губ., цяпер Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы і крыптанімы: Т. Глыбоцкі; Тодар Глыбоцкі; Ал. Д.; Т. Г.; Т.Г-кі; Арцём Яроцкі) — беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям'і беззямельнага селяніна. Падчас Першай сусветнай вайны Дайлідовічы знаходзіліся ў бежанстве. Выязджалі ў Тамбоўскую вобл. (Казлоў, цяпер Мічурынск). Вясной 1917 сям'я вярнулася ў Беларусь. Пасля сканчэння (1921) сярэдняй школы (па іншых звестках — 7-годкі) А. Дудар уступіў у тэатральную трупу У. Галубка. У 1923 адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій «Маладняка». У 1927—1928 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультета БДУ. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць універсітэт. У снежні 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб'яднання «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» арыштаваны ДПУ 20.3.1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.7.1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Член СП БССР (з 1934). У 1935—36 у асноўным займаўся перакладамі. Трэці раз арыштаваны 31.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай аб'яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 21.9.1957. Асабовая справа А. Дудара № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасць

Дэбютаваў вершам у 1921 (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). У 1959 выйшлі Выбраныя творы, у 1984 — зборнік вершаў і паэм «Вежа». Разам з А. Александровічам і А. Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).

Выступаў і як крытык. Пад псеўданімам Т. Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў некаторыя творы А. Пушкіна, «Дванаццаць» А. Блока, урыўкі з «Фаўста» І. В. Гётэ, творы С. Ясеніна, Б. Пастарнака, М. Ціханава, Г. Гейнэ, Э. Вайнерта і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі «Выбраныя вершы» С. Стандэ (1932), аповесць Ф. Гладкова «Новая зямля» (1932), раман У. Кузьміча «Крыллі авіяспіралі» (1932), «Апавяданне пра кайданы» М. Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Ф. Шылера (1934), «Жаніцьба Фігара» П. Бамаршэ (1936).

Бібліяграфія

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Алесь Дудар
  • Выбр. тв. Мн., 1959;
  • Вежа: Вершы і паэмы. Мн., 1984.



Шаблон:Літ