Перайсці да зместу

Алкуін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алкуін
стар.-англ.: Ealhwine
стар.-англ.: Alhwin
лац.: Alcuinus
лац.: Albinus
Рабан Маўр (злева) і Алкуін (па цэнтры) падносяць свае кнігі майнцкаму арцыбіскупу Атгару.
Рабан Маўр (злева) і Алкуін (па цэнтры) падносяць свае кнігі майнцкаму арцыбіскупу Атгару.
Дата нараджэння каля 740[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 мая 804[3]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці багаслоў, паэт, пісьменнік, філосаф, каталіцкі святар
Альма-матар
Вядомыя вучні Haymo of Halberstadt[d] і Hilduin[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Статуя Алкуіна. Музей гісторыі мастацтваў, Вена

А́лкуін (лац.: Alcuinus[7], таксама Albinus; каля 735[8]19 мая 804[9]) — англасаксонскі вучоны, багаслоў і адзін з натхняльнікаў Каралінгскага Адраджэння. Акадэмічнае імя Алкуіна — Флак (лац.: Flaccus), у гонар рымскага паэта Гарацыя.

Нарадзіўся ў Нартумбрыі, вучыўся ў арцыбіскупскай школе ў Ёрку. Тут жа прайшла большая частка яго жыцця: спачатку — настаўнік у школе Эгберта Ёркскага, а потым, з 778 года — яе кіраўнік. Дасягнуў велізарнай для свайго часу эрудыцыі.

У 781 годзе адправіўся з царкоўна-дыпламатычным даручэннем у Італію і сустрэўся там з Карлам Вялікім, які наблізіў яго да сябе: у 782 годзе Алкуін пераехаў у Ахен і ўзначаліў там Палацінскую акадэмію. Акадэмія ў Ахене пад кіраўніцтвам Алкуіна зрабілася буйным цэнтрам распаўсюджвання класічных ведаў у Еўропе. Арганізаваны Алкуінам гурток, куды ўваходзілі Карл Вялікі, паэт Ангільберт і біёграф Карла Вялікага Эйнхард, стаў цэнтрам каралінгскага адраджэння — перыяду росквіту культуры і мастацтваў у Заходняй Еўропе ў канцы VIII — сярэдзіне IX стагоддзя. Алкуін быў адным з найбліжэйшых дарадцаў Карла Вялікага ў рэформах адукацыі і богаслужэння. Ідэал акадэміі Алкуіна — злучэнне антычнай формы з хрысціянскім духам. Часам Алкуіна называюць вучнем Беата Ліебанскага. У 796 годзе стаў абатам кляштара св. Марціна ў Туры (Сэн-Мартэн-дэ-Тур), дзе таксама заснаваў школу і найбуйнейшы скрыпторый эпохі Карла Вялікага.

Алкуін быў выдатным педагогам, яго ролю ў стварэнні свецкай адукацыі цяжка пераацаніць. Асабіста склаў для сярэднявечнай школы і настаўнікаў некалькі кніг і дапаможнікаў, захаваліся некаторыя яго падручнікі па прадметах трывіума (trivium; гл. ніжэй), яго падручнікі па граматыцы, рыторыцы, дыялектыцы і арыфметыцы выкарыстоўвалі ў школах да канца Сярэднявечча.

Да гэтага часу вядомыя некаторыя з яго лагічных галаваломак, асабліва галаваломка пра ваўка, казу і капусту: «Адзін чалавек павінен быў перавезці праз раку ваўка, казу і качан капусты. І не ўдалося яму знайсці іншага судна, акрамя як такога, якое магло вытрымаць толькі дваіх з іх. Задача, такім чынам, заключалася ў тым, як усіх перавезці на іншы бераг у цэласці і захаванасці. Скажыце, хто здольны: якім шляхам яны могуць перабрацца на іншы бераг цэлымі?» (пераклад з лаціны А. І. Сухінай з трактата Задачы для адточвання розуму юнакоў).

Алкуін стаў адным з ідэолагаў царкоўнай і адукацыйнай рэформ каралінгскага Адраджэння. У прыватнасці, ён адзін з аўтараў праграмнага цыркуляра Карла Вялікага Пра неабходнасць занятакаў навукамі (De litteris colendis). Яго трактат Пра сапраўдную філасофію (De vera philosophia) вярнуў сярэднявечнай школе антычную сістэму выкладання вучэбных прадметаў («сем вольных мастацтваў»), якая ўключала 2 цыклы: трывіум («трохдарожжа» — ніжэйшая ступень пазнання) — граматыка, дыялектыка (логіка), і рыторыя квадрывіум («чатырохдарожжа» — вышэйшая ступень пазнання) — арыфметыка, геаметрыя, музыка і астраномія.

З трактата Алкуіна «Пра дыялектыку» (De dialectica) пачынаецца адраджэнне логікі, грунтаванай на працах Арыстоцеля, стоікаў і Парфірыя. Дыялектыка ў Алкуіна мела асабліва канструктыўна-моўны характар, гэта — фармальная логіка, «рацыянальная дысцыпліна пошуку, вызначэння і выкладу, якая мае таксама магчымасць адрозніваць сапраўднае ад ілжывага». Яна цесна звязана з рыторыкай і адрозніваецца ад яе таксама як «сціснуты кулак адрозніваецца ад раскрытай далоні». Дыялектыка фармулюе прадмет гутаркі і несупярэчлівую аргументацыю, рыторыка ж вучыць канкрэтна прымяняць гэтую аргументацыю, г.зн. выкладаць ужо знойдзенае.

У 796 годзе Алкуін стаў абатам кляштара св. Марціна ў Typы. Ён значна пашырыў манастырскую бібліятэку і ўважліва сачыў за працай скрыпторыя. Лічыцца, што пад яго кіраўніцтвам распрацаваны новы від кніжнага пісьма, вядомага як каралінгскі мінускул — самы дасканалы з усіх тыпаў лацінскага сярэднявечнага пісьма, які пасля выкарыстоўваўся ў друкарскай справе і дажыў да нашых дзён.

Алкуін увёў у практыку каралінгскай вучонай супольнасці лацінскую перапрацоўку «Катэгорый» Арыстоцеля, назваўшы яе «Дзесяць катэгорый» (Decem categoria) і памылкова прыпісаўшы аўтарства Аўгусціну, «Увядзенне ў катэгорыі» Парфірыя, «Пра тлумачэнне» Псеўда-Апулея, каментарыі «Пра тлумачэнне» Баэцыя да трактата Арыстоцеля і іншыя.

Працы Алкуіна мелі вялікае значэнне для фарміравання рымскай каталіцкай абраднасці (у прыватнасці, літургіі). Пасля Алкуіна засталося каля 300 лістоў на лацінскай мове, якія даюць шырокае ўяўленне пра побыт, норавы, адукаванасць, заняткі, у тым ліку і навуковыя, у каралінгскую эпоху. Заслугай Алкуіна, як лічаць даследчыкі яго спадчыны, было тое, што ён дакладна сфармуляваў граматычныя правілы сучаснай яму лацінскай мовы і спрасціў арфаграфію. Гэта рабілася не толькі для ўдасканалення арфаграфіі і граматыкі, колькі з мэтай прывядзення ў парадак літургічных кніг. Алкуін стварыў каліграфічную школу ў манастыры св. Марціна ў Туры (Францыя), удасканаліў унцыйны шрыфт, які пісаўся без якіх-небудзь падзелаў, што рабіла чытанне вельмі цяжкім. Ён упершыню паміж словамі ў тэксце ўвёў прабел. Паступова гэтае новаўвядзенне было прынята ва ўсіх мовах свету.

Зноскі

  1. https://books.google.cat/books?id=oYviDwAAQBAJ&pg=PA19 — С. 19.
  2. https://books.google.es/books?id=0xXREAAAQBAJ
  3. Histoire littéraire de la France — Т. IV. — С. 299.
  4. MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
  5. Roux P. d. Nouveau Dictionnaire des œuvres de tous les temps et tous les pays — 2 — Éditions Robert Laffont, 1994. — Vol. 1. — P. 50. — ISBN 978-2-221-06888-5
  6. Find a Grave — 1996.
  7. Oxford Dictionaries (с агучваннем) Архівавана 15 лістапада 2018..
  8. Алкуин // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890. — Т. I. — С. 457—458.
  9. Лебедев С. Н. Алкуин // Православная энциклопедия. — М., 2001. — Т. II : «Алексий, человек Божий — Анфим Анхиальский». — С. 25—27. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-007-2.