Амамівініні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Амамівініні
Omàmiwininiwak
The American Museum journal (c1900-(1918)) (17537513224).jpg
Малюнак 1805 г.
Агульная колькасць 6800 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова алганкінская мова
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы аджыбвэ, атава, шаўні

Амамівініні (саманазва: Omàmiwininì, Omàmiwininiwak), таксама вядомыя як алганкіны (англ.: Algonquin, фр.: Algonquins) — індзейскі народ, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (2016 г.) - 6 800 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым амамівініні былі часткай народа аджыбвэ. Яны мігрыравалі ў даліну ракі Атава з ракі Святога Лаўрэнція. Займаліся рыбалоўствам і паляваннем. Амамівініні было вядома земляробства. Яны вырошчвалі кукурузу і бабовыя. Назва алганкіны замацавалася за імі дзякуючы французскім перасяленцам XVII ст. Відавочна, яна была запазычана ў малісіт, на мове якіх elakómkwik значыць "яны — нашы саюзнікі"[2]. У 1603 г., калі пачаліся кантакты паміж французамі і амамівініні, колькасць апошніх складала каля 6 000 чалавек. Яны не былі адзінымі і ўключалі наступныя тэрытарыяльныя групы:

  • Кічэсіпірыні, або "народ вялікай ракі", што складаў большасць амамівініні
  • Кінаўнчэпірыні (пасля 1650 г. далучыліся да атава)
  • Іракет
  • Мадаваска
  • Нібвчыс
  • Атагуаттаўэамін
  • Квенангэбін
  • Вескарыні
  • Сагаігунініні
  • Сагінітаўігама

У больш позні час да амамівініні далучыліся блізкія па мове і заняткам групы.

Французы захоўвалі з тубыльцамі мірныя адносіны. Амамівініні былі для іх важнымі гандлёвымі партнёрамі і саюзнікамі ў барацьбе з іракезамі. У 1636 г. і 1637 г. магаўкі атрымалі шэраг буйных перамог над амамівініні і практычна выціснулі іх з даліны Атавы. Наступ магаўкаў спыніла толькі эпідэмія воспы, што пачалася сярод іракезаў. Многія алганкіны мігрыравалі на поўнач. З 1640-х гг. яны актыўна прымалі каталіцкую веру. У 1676 - 1679 гг. амамівініні самі перажылі вялікую эпідэмію. У 1768 г. іх агульная колькасць не перавышала 1 500 чалавек.

Пасля паражэння французаў у 1763 г. тэрыторыі амамівініні перайшлі пад кантроль Вялікабрытаніі. У 1783 г. брытанскія ўлады перадалі ніжнюю частку алганкінскіх зямель лаялістам. Нягледзячы на гэта амамівініні прынялі бок Вялікабрытаніі ў вайне з ЗША ў 1812 - 1813 гг. У 1822 г., а пазней у 1840-х гг. алганкіны зноў згубілі частку зямель у даліне Атавы. Яна была перададзена лесанарыхтоўчым кампаніям. У выніку было створана 11 аўтаномных рэзервацый. 10 з іх знаходзяцца на тэрыторыі правінцыі Квебек, 1 — на тэрыторыі правінцыі Антарыа.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі амамівініні да кантактаў з еўрапейцамі былі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Земляробства не адыгрывала істотнай ролі. Са свойскай жывёлы трымалі толькі сабак, мяса якіх ужывалі ў ежу. Земляробы-іракезы называлі амамівініні андырандакамі, літаральна пажыральнікамі дрэваў. У выніку кантактаў з французамі значную ролю ў гаспадарцы знайшлі здабыча футравых звяроў і гандаль футрам. Распаўсюджаныя рамёствы: апрацоўка драўніны, бярозавай кары, выраб керамікі, кошыкаў, каркасных лодак.

Улетку амамівініні жылі ў буйных паселішчах, размешчаных каля месцаў здабычы. Узімку падзяляліся на невялікія групы і мігрыравалі ў лясныя раёны. Суровыя зімы часцяком прыводзілі да нястач і голаду, таму сярод амамівініні існаваў звычай самазабойства хворых і старых. Жылі ў крытых карою канічных вігвамах wìkiwàm або ў крытых драўнінай mìkiwàm. Вакол буйных паселішчаў стваралі ўмацаванні. Так, Самюэль дэ Шамплейн спыняўся ў 1613 г. ва ўмацаваным паселішчы Кічысіпірыні.

Вопратка уключала насцегнавыя повязі, вузкія нагавіцы з ласінай скуры, спадніцы, плашчы і г. д. Скуры жывёл сшывалі ніткамі з тонкіх яловых каранёў. Скураныя макасіны былі добра прыстасаваны для хаджэння па перасечанай мясцовасці і ўжывліся нават еўрапейцамі.

Пераважалі малыя нуклеарныя сем'і, якія аб'ядноўваліся ў роды. Тыя ўваходзілі ў склад тэрытарыяльных груп на чале правадыра. На чале сям'і стаяў бацька. Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі. Была распаўсюджана палігінія.

Да прыняцця хрысціянства амамівініні верылі ў шматлікіх духаў. Цэнтральнае месца іх пантэона займаў Вялікі Дух. Памерлых хавалі пад навесамі. Лічылася, што пасля смерці дух паляўнічага працягвае паляваць на душы забітых ім жывёл. Шаманская практыка засноўвалася на патаемным мастацтве лекавання мідэвівін.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]