Перайсці да зместу

Аргумент ласося

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ласось высакародны (Salmo salar)

Аргумент ласося (ням.: Lachsargument) выкарыстоўваўся ў гістарычнай лінгвістыцы для вызначэння межаў прарадзімы індаеўрапейцаў.

Аргумент заключаецца ў тым, што назва ласося ў шэрагу індаеўрапейскіх моў узыходзіць да агульнага праіндаеўрапейскага кораня, а значыць, праіндаеўрапейцам быў вядомы ласось, і ён жыў на іх прарадзіме.

У XIX стагоддзі з’явіўся метад лінгвістычнай палеанталогіі[1], які дазволіў лакалізаваць прарадзіму якога-небудзь народа: рэканструяваўся слоўнікавы склад мовы гэтага народа і, адпаведна, вядомыя яму рэаліі. Прарадзіма шукалася ў межах арэалаў жывёл і дрэў, вядомых у мове даследавання.

Сярод іншых назваў для праіндаеўрапейскага слова на падставе руск.: лосось, укр.: лосось, чэшск.: losos, польск.: łosoś, асет. læsæg, літ.: lašišà, lašaša, lãšis, лат.: lasis, старажытнапрускага слова lasasso, старажытнаверхнянямецкага lahs, старажытнаісландскага lax была рэканструявана і назва ласося. Навукоўцы, пачынаючы з Ота Шрадэра[de] (1883), палічылі, што так праіндаеўрапейцы называлі атлантычнага ласося, які жыве толькі ў рэках басейна Атлантычнага акіяна і Балтыйскага мора. На падставе гэтых меркаванняў і быў высунуты аргумент ласося, паводле якога прарадзіма індаеўрапейцаў знаходзілася ў паўночнай Еўропе[2].

Кумжа (Salmo trutta trutta)

Пазней Рычард Дыбалд[en] выказаў здагадку, што праіндаеўрапейскае слова магло адносіцца не да Salmo salar, а да Salmo trutta trutta, што жыве ў Чорным і Каспійскім морах, а таксама ў рэках, якія ўпадаюць у іх. Такім чынам, па логіцы вучонага, у славянскіх, балтыйскіх і германскіх мовах слова *lok’s змяніла значэнне з Salmo trutta trutta на Salmo salar пасля сыходу продкаў — носьбітаў гэтых моў з прарадзімы і знаёмства іх з новымі рэаліямі ў новых месцах пасялення.

Згодна з другім пунктам гледжання, значэнне «ласось» у індаеўрапейскага кораня, які абазначаў «рыбу» (пар. тах. laks «рыба»), з’явілася як інавацыя толькі ў балта-славяна-германскай мове (альбо як агульнае семантычнае развіццё ў балта-славянскай і прагерманскай мовах).

На думку Тамаза Гамкрэлідзэ і Вячаслава Іванова «вузкая сфера дыялектнага распаўсюджвання гэтага слова, якога няма ў шэрагу індаеўрапейскіх дыялектаў, выяўляе яго позняе паходжанне ў спецыяльным значэнні асаблівай разнавіднасці рыбы з чырвонай плямістай афарбоўкай, якая водзіцца ў рэках басейна Каспійскага мора і ў паўночнаеўрапейскіх водах». Назву ласося яны ўзводзяць да асновы *lak — «чырвоны, плямісты»[3].

Зноскі

  1. Шрадер Отто. Индоевропейцы. — М.: УРСС, 2003. — С. С. 35..
  2. J. P. Mallory,Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. С. 497.
  3. Гамкрелидзе Т. В., Иванов Вяч. Вс. Индоевропейский язык и индоевропейцы. Тбилиси: Изд-во ТГУ, 1984. Т. II. С. 536—537.