Туле (культура)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Археалагічная культура Туле)
Jump to navigation Jump to search
Археалагічная культура · Арктыка
Туле
Жалезны век
Ancient Thule Home.jpg
Рэшткі хаціны з кітовых костак культуры Туле
Лакалізацыя Аляска, Канада, Грэнландыя
Датаванне канец 1 тысячагоддзя да н.э. — другая палова 2 тысячагоддзя да н.э.
Носьбіты інуіты
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства
Пераемнасць:
Берынгаморская культура, археалагічная культура Дорсет

Культура Туле (англ.: Thule culture, дацк.: Thule-kulturen, фр.: culture de Thulé) — археалагічная культура канца 1 тысячагоддзя - другой паловы 2 тысячагоддзя н. э. у арктычных раёнах Паўночнай Амерыкі. Атаесамляецца з продкамі эскімосаў-інуітаў.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

У навуковы зварот паняцце культура Туле ўвайшло дзякуючы экспедыцыі 1923 - 1924 гг. дацкага палярнага даследчыка Кнуда Расмусена. Назва паходзіць ад наймення эскімоскага паселішча на паўночным захадзе Грэнландыі.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічная культура Туле сфарміравалася да VIII - IX стст. н. э. на тэрыторыі сучаснай Аляскі на ўсход ад заліва Амундсена на аснове адгалінаванняў старажытнай берынгаморскай культуры. Каля 1000 г. н. э. яе прадстаўнікі рушылі на ўсход і паўночны ўсход. Менавіта гэтым часам прадстаўлена найстаражытнейшая стаянка культуры Туле на востраве Банкс у Канадзе. На працягу наступных 2 стагоддзяў стаянкі Туле з'явіліся на ўсіх буйных астравах Арктычнага архіпелага. Каля 1200 г. прадстаўнікі Туле мігрыравалі з вострава Элсмір на поўнач Грэнландыі.

Большасць дадзеных тэрыторый была занята палеаэскімосамі-носьбітамі археалагічных культур Дорсет і Індэпэндэнс II. Палеагенетыкі сцвярджаюць, што наступ прадстаўнікоў Туле не быў звязаны з асіміляцыяй папярэдняга карэннага насельніцтва. У легендах саміх інуітаў апавядаецца пра барацьбу іх продкаў з тубыльцамі. У выніку культура Дорсет у Грэнландыі знікла да 1450 г. У XIV ст. пісьмова зафіксаваны сутычкі людзей Туле з нарманскімі каланістамі паўднёвай Грэнландыі. Перасяленне прадстаўнікоў Туле на Лабрадор і канчатковае вынішчэнне імі тутэйшых носьбітаў Дорсет таксама адбылося не раней за XV ст.

Перасяленні ў значнай ступені былі выкліканы кліматычнымі зменамі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што міграцыі не мелі выгляд адной хвалі, назіраліся перыяды наступлення і адступлення перасяленцаў з пэўных тэрыторый. Напрыклад, у Грэнландыі налічваюць 2 буйныя хвалі міграцый з тэрыторыі Арктычнага архіпелага. Самыя апошнія перасяленцы-інуіты прыбылі на гэты востраў у XIX ст.

XII - XV стст. лічацца росквітам класічнай культуры Туле. З XVI ст. назіраецца еўрапейскі ўплыў і падзел на некалькі рэгіянальных культур інуітаў.

Характэрныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Носьбіты археалагічнай культуры Туле выкарыстоўвалі матэрыялы, даступныя ва ўмовах Арктыкі, — скуру і косткі кітоў і ластаногіх, некаторых наземных звяроў. Ім былі вядомы выраб керамікі і апрацоўка метэарытнага жалеза. Галоўны занятак — паляванне з дапамогай гарпуноў з рухомым навершам. Вырабляліся вялікія гарпуны для палявання на кітоў, да якіх чапляліся паплавы з цюленяй скуры. Узімку палявалі пераважна на нерпу. Шырока карысталіся непрамакальнай скураной вопраткай. Носьбіты Туле былі выдатнымі разьбярамі.

Распаўсюджаны зімовыя хаціны зямлянкавага тыпа, якія складаліся з каменнай платформы, драўлянага або касцянога каркаса, абкладзенага дзёрнам. Многія стаянкі налічвалі 10 - 15 хацін. У якасці агменя выкарыстоўваўся кітовы пузыр, напоўнены жывёльным жырам. Увесну ў зямлянках збіралася вада, таму іх пакідалі і жылі ў скураных намётах. Падчас зімовага палявання будавалі часовыя снежныя іглу.

Адна з прычын паспяховага распаўсюджвання культуры Туле — развіццё транспартных сродкаў. Продкі інуітаў трымалі сабак, якіх запрагалі ў лёгкія нарты. На моры карысталіся скуранымі каркаснымі лодкамі-каякамі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]