Аршанскія гарадскія ўмацаванні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Аршанскія гарадскія ўмацаванні — комплекс абарончых збудаванняў Оршы ў XIVXVIII стст.

У XIV — пачатку XV ст. цэнтрам абароны горада з'яўляўся былы старажытны дзядзінец, што размяшчаўся ў сутоках Аршыцы з Дняпром. У першай палове XIV ст. для расшырэння пляцоўкі дзядзінца яго валы былі скапаны, a па краі павялічанай пляцоўкі насыпаны новы земляны вал, пастаўлены драўляныя абарончыя сцены, вежы i ўязная брама. Аршанскі замак быў цэнтрам абароны горада.

У пачатку 16 ст. закончылася фарміраванне гандлёва-рамесніцкага пасада, які займаў участак, абмежаваны р. Дняпро i Аршыца на поўнач і захад ад замка. Для яго аховы ўтвораны новы пояс гарадской абароны — «острог посадский», які складаўся з землянога вала i драўляных абарончых збудаванняў на ім — гародняў i вежаў.

Уезд i выезд ажыццяўляўся праз 3 гарадскія брамы: Дняпроўскую, якая выводзіла да паромнай пераправы цераз Дняпро на яго левы бераг i далей на Горы i Мсціслаў; Магілёўскую, што адкрывала дарогу на мост цераз Аршыцу i далей па правым беразе Дняпра на Копысь, Друцк, Шклоў, Магілёў; Віцебскую, якая знаходзілася ў заходняй частцы горада i адкрывала шлях на Віцебск, Полацк i ў Прыбалтыку. Перад валам з паўночнага i заходняга бакоў знаходзіўся абарончы роў, які выходзіў канцамі ў Дняпро i Аршыцу.

Унутры горада i на подступах да яго, асабліва на падыходзе да мураванага замка, на скрыжаваннях галоўных магістралей размяшчаліся мураваныя храмы, манастыры i кляштары, якія служылі дадатковымі пунктамі абароны Оршы.

Пабудова, догляд i рамонт аршанскіх гарадскіх умацаванняў былі абавязкам гараджан. Аднак стратэгічная важнасць горада прымушала ўлады накіроўваць у Оршу з вёсак i мястэчак Заходняй Беларусі i Магілёўскага Падняпроўя дадатковую рабочую сілу. Паводле спецыяльнай «Уставы повинностей» 1594 года, дадзенай аршанцам Жыгімонтам III, усё дарослае мужчынскае насельніцтва аб'ядноўвалася ў ваенна-падатковыя падраздзяленні — 4 сотні на чале з сотнікамі. Дакладна рэгламентаваліся ваенныя абавязкі: «…вси и кождый засобна, для обороны в час небеспечности… от неприятеля господарского, стрельбу вшелякую, то есть гаковницы, ручницы и сагайдаки и иную оборону, то есть рогатину и што иного ку той обороне належить, у доме своих мети, a без обороны таковое в дому своим не мешкать». У прывілеі на магдэбургскае права 1620 года яшчэ раз падкрэсліваліся абавязкі гараджан па абароне горада i догляду за аршанскімі гарадскімі ўмацаваннямі: будаваць «острог также альбо вал около места и кгды того потреба укажеть под час небеспечности для обороны». У сувязі з пабудовай ратушы з замка перанеслі звон, у які званілі «под час великой небеспечности». У гарарскім арсенале знаходзіліся артылерыя, якую абслугоўвалі пушкары на ўмовах валодання зямельнымі надзеламі. Паводле сведчанняў статутаў кравецкага, пастрыгацкага i кушнерскага рамесных цэхаў за 1612 і 1632 гады, члены ix мелі ваенную амуніцыю, харугву і герб.

За час існавання аршанскія гарадскія ўмацаванні зведалі шмат войнаў i аблог. Дакументы канца 18 ст. называюць вал, 3 гарадскія брамы, але яны сведчылі нестолькі пра магутнасць тагачасных аршанскіх гарадскіх умацаванняў, колькі пра сілу гістарычных традыцый мясцовага ваенна-інжынернага мастацтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Аршанскія гарадскія ўмацаванні