Асманская мініяцюра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мастакі падчас працы (1595-1603)

Асманская мініяцюра (часам званая турэцкай мініяцюрай; турэцк.: Osmanlı minyatür sanatı) — форма мастацтва ў Асманскай імперыі, якая можа быць звязаная з персідскай мініяцюрнай традыцыяй, а таксама з кітайскім мастацкім уплывам. Яна была часткай кніжнага мастацтва Асманскай імперыі: разам з ілюмінацыяй (tezhip), каліграфіяй (hat), мармуровай паперай (ebru) і вокладкай (cilt). Словы taswir або nakish выкарыстоўваліся пры пазначэнні мініяцюрнага жывапісу ў самой Асманскай Турцыі. Студыі, у якіх працавалі мастакі, называліся «накашанэ»[1][2].

Самі мініяцюры звычайна не падпісваліся аўтарамі, што, магчыма, было звязана з «адмовай ад індывідуалізму» ці з'яўлялася следствам таго, што работы ствараліся не адным чалавекам. Па традыцыі, галоўны мастак распрацоўваў кампазіцыю (сцэну) мініяцюры, а яго вучні і чаляднікі прарысоўвалі контуры (якія называліся «тахрыр») чорнымі або каляровымі чарніламі, а затым — малявалі саму мініяцюру, не ствараючы ілюзіі трэцяга вымярэння (перспектывы). У некаторых рукапісах сучаснымі даследчыкамі былі выяўлены імёны і нават выявы галоўных мастакоў, але, значна часцей, азначаўся пісар, які працаваў над тэкстам.

Разуменне перспектывы ў асманскай мініяцюры адрознівалася ад такога ў «суседнем» еўрапейскам жывапісе эпохі Адраджэння: намаляваная сцэна часта ўключала розныя часавыя перыяды ў рамках аднаго малюнка. Мініяцюры акуратна ішлі за кантэкстам кнігі, у якую яны былі ўключаны, нагадваючы больш сучасныя ілюстрацыі, чым «аўтаномныя» творы мастацтва.

Фарбы для каляровых мініяцюр атрымліваліся з парашковых пігментаў, змешаных з яечным бялком, а пазней — з разведзеным гуміарабікам. Атрыманыя такім чынам колеры былі яркімі, а кантрасныя колеры яшчэ больш падкрэслівалі гэтую якасць. Найбольш выкарыстоўваемымі колерамі ў асманскіх мініяцюрах былі ярка-чырвоны, пунсовы, зялёны і розныя адценні сіняга.

Светапогляд, які ляжыць у аснове асманскага мініяцюрнага жывапісу, таксама адрозніваўся ад светапогляду еўрапейскай рэнесанснай традыцыі: мастакі ў асноўным не імкнуліся маляваць людзей, жывёл або нежывыя прадметы рэалістычна, хоць растучы рэалізм ўсё ж выяўляецца ў творах пачынаючы з канца XVI стагоддзя. Асманскія мастакі ў сваіх творах як бы намякалі на бясконцую і трансцэндэнтную рэальнасць (гэта значыць на Алаха — згодна з пантэістычнага пункту гледжання, уласцівага суфізму): у выніку чаго атрымліваліся стылізаваныя і абстрактныя выявы.

Гісторыя і развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Падчас праўлення султана Мехмеда II у палацы Тапкапы ў Стамбуле быў створаны студыя «Накашанэ-і-Рум», якая таксама функцыянавала як акадэмія для стварэння ілюмінаваных рукапісаў, якія выкарыстоўваліся як султанам, так і прыдворнымі. У пачатку XVI стагоддзя майстэрня персідскіх мініяцюрыстаў у Гераце была зачынена, а яе знакаміты мастак Бехзад (або Біхзад) адправіўся ў Тэбрыз. Пасля таго, як асманскі султан Селім I ў 1514 годзе на кароткі час заваяваў Тэбрыз і адправіў шмат мясцовых рукапісных кніг у Стамбул, у палацы Тапкапы была створана «Персідская акадэмія жывапісу».

У выніку, мастакі гэтых двух акадэмій стварылі дзве розныя школы жывапісу: мастакі з Накашанэ-і-Рума спецыялізаваліся на дакументальных кнігах, у той час як «персідскія майстры», дэманстравалі публіцы і нейкую частку асабістага жыцця уладароў (іх партрэты і гістарычныя дасягненні). У апошніх творах можна сустрэць выявы вяселляў і, асабліва, урачыстасцяў абразання. Сярод работ меліся таксама і навуковыя кнігі: па батаніцы і заалогіі, алхіміі, касмаграфіі і астралогіі, медыцыне, тэхнічныя творы і нават любоўныя лісты.

Цараванне Сулеймана Пышнага (1520-1566) і, у асаблівасці, Селіма II (1566-1574) у другой палове XVI стагоддзя стала «залатым векам» асманскай мініяцюры — у гэты перыяд яна дасягнула свайго піку. Накаш Асман (вядомы як Асман-мініяцюрыст) быў самым важным мініяцюрным жывапісцам таго часу, а мастак Нігары — найважнейшым партрэтыстам эпохі. Матракі Насух быў знакамітым мастаком-мініяцюрыстам ў часы праўлення як Селіма I, так і Сулеймана Пышнага: ён стварыў новы жанр жывапісу пад назвай «тапаграфічны жывапіс». У сваіх работах ён адлюстроўваў горада, парты і замкі — прычым, без чалавечых фігур — і актыўна камбінаваў сцэны (на яго працах адну сцэну можна часта назіраць з розных кропак гледжання).

У часы праўлення Селіма II (1566-1574) і Мурада III (1574-1595) быў створаны класічны стыль асманскай мініяцюры. Вядомымі мініятурыстамі гэтага перыяду былі Накаш Асман, Алі Чэлебі, Мола Касым, Хасан Паша і Лютфі Абдула. Да канца XVI стагоддзя і ў пачатку XVII стагоддзя, асабліва ў час праўлення султана Ахмеда I, папулярнымі сталі асобныя мініяцюры, якія ствараліся на асобнай старонцы і прызначаліся для збору ў альбомы. Яны існавалі і ў часы Мурада III, які замовіў сабе цэлы альбом у жывапісца Веліжана. Да XVII стагоддзя мініяцюрны жывапіс стаў папулярным сярод жыхароў Стамбула.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Асманскім мініяцюрыстам і заняпаду мастацтва мініяцюры ў Асманскай імперыі прысвечаны раман Архана Памука «Мяне клічуць Чырвоны».

Зноскі

  1. Barry 2005, с. 27.
  2. And 1985, с. 40—44.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Michael Barry. Figurative Art in Medieval Islam: And the Riddle of Bihzard of Herat (1465—1535). — Flammarion, 2005. — 978-2080304216 с.
  • Metin And 17. Yüzyil Türk çarşi ressamlari // Tarih ve Toplum. — 1985. — Красавік — № 16.