Ашурадэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ашурадэ
перс. آشوراده
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча8 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
36°54′59″ пн. ш. 53°59′45″ у. д.HGЯO
АкваторыяКаспійскае мора
Краіна
Ашурадэ (Іран)
Ашурадэ
Ашурадэ
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ашурадэ, таксама Ашур-Ада (перс.: آشوراده) — востраў на паўднёвым усходзе Каспійскага мора. Уваходзіць у склад Ірана. Плошча — 8 км².

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ашурадэ месціцца на паўднёвым усходзе Каспійскага мора за 266 км на паўночны ўсход ад Тэгерана, сталіцы Ірана. Сфарміраваўся ў выніку складаных тэктанічных працэсаў, калі ўзняцце марскога дна прывяло да намывання на яго асадкавых парод. З-за сталых змен узроўню Каспійскага мора абрысы вострава і яго плошча змяняюцца. Так, у пачатку XIX ст. ён уяўляў сабою архіпелаг з 3 асобных астравоў, а ў канцы XIX ст. фактычна ператварыўся ў паўвостраў.

Паверхня раўнінная з доўгімі пясчанымі выдмамі. Найвышэйшы пункт — каля −27 м над узроўнем сусветнага акіяна.

Клімат сухі субтрапічны. Зімовыя тэмпературы рэдка сягаюць ніжэй за 2 °C. Улетку сярэдняя тэмпература трымаецца каля 25 °C, зрэдку падвышаецца да 32 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 398 мм.

Прырода і яе ахова[правіць | правіць зыходнік]

Сухі клімат і пясчаныя глебы Ашурадэ абмяжоўваюць развіццё расліннасці. Пераважаюць травы і хмызнякі-ксерафіты. Каля пакінутай вёскі захоўваюцца фруктовыя дрэвы. На востраве шмат птушак. Тут гняздуюць або спыняюцца качкі, пеліканы, бакланы, фазаны. У прыбярэжных водах вядзецца лоў асятровых, здабываецца каля 40 % іранскай чорнай ікры.

У 1975 г. Ашурадэ абвешчаны Рамсарскім угоддзем, на ім была абмежавана гаспадарчая дзейнасць. Аднак у 2004 г. каля 380 га плошчы вострава былі перададзены ў прыватную маёмасць. На гэтай тэрыторыі развіваецца турызм. Іранскія экалагічныя арганізацыі, а таксама пракуратура дамагаюцца вяртання адчужаных зямель у дзяржаўную маёмасць.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Хаця некаторыя даследчыкі мяркуюць, што Ашурадэ ўзгадваўся пад іншымі назвамі ўжо ў сярэднявеччы, гэтаму няма пацверджанняў. У канцы XVIII — XIX ст. ён разглядаўся як важны пункт для пранікнення ў Мазендэран. У 1781 г. Ага Махамед Хан Каджар дазволіў М. Войнавічу, які ўзначальваў расійскую экспедыцыю, заснаваць на тэрыторыі сучаснага вострава гандлёвую факторыю. Калі замест яе была ўзведзена крэпасць з 18 гарматамі, Ага Махамед арыштаваў некалькіх расійскіх афіцэраў і вымусіў іх пакінуць занятае месца. Тым не меней, у 1838 г. расійскія караблі занялі Ашурадэ быццам бы для барацьбы з туркменскім піратам Кіятам. Нягледзячы на пратэсты з боку Ірана, акупацыя працягвалася да 1921 г. і была скончана ў выніку дагавора паміж іранскім і савецкім урадамі.

У XX ст. на востраве знаходзілася туркменскае паселішча, жыхары якога займаліся рыбалоўствам, працавалі мячэць і рыбалоўны порт. У 1975 г. Ашурадэ быў абвешчаны Рамсарскім угоддзем, усталяваны рэжым аховы прыродных рэсурсаў. Падвышэнне ўзроўню Каспійскага мора прывяло да адсялення мясцовага насельніцтва. У нашы дні на Ашурадэ спыняюцца рыбакі, дзейнічаюць ваенны і памежны пасты, востраў наведваюць турысты.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]