Антон Іванавіч Царанкоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Царанкоў)
Антон Іванавіч Царанкоў
Дата нараджэння 5 лютага 1887(1887-02-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лістапада 1971(1971-11-24) (84 гады)
Месца смерці
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявак, протадыякан

Антон Іванавіч Царанкоў (5 лютага 1887, в. Вусце, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці — 24 лістапада 1971, Мінск) — беларускі спявак (бас-актава), протадыякан.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Беларус. З сялянскай сям’і. У 1897 годзе паступіў у Народнае вучылішча ў Магілёве дзякуючы клопатам архіепіскапа Магілёўскага Мітрафана (Краснапольскага). Пачаў спяваць у хоры Магілёўскай Брацкай царквы. Пасля сканчэння вучобы ў 1900 годзе працаваў бібліятэкарам. У час знаходжання імператара Мікалая II у Магілёве атрымаў ад яго Чырвоную стужку — узнагароду Свяшчэннага Сінода. Па запрашэнні ўладыкі Мітрафана пераехаў у Мінск, служыў протадыяканам у Мінскім праваслаўным кафедральным саборы, спяваў у хоры пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора С. Кнігі.

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года Царанкоў пазбаўлены грамадзянскіх правоў, а яго сын выключаны з гімназіі. Падчас прыезду ў Мінск Дз. Меражкоўскага і яго жонкі З. Гіпіус з мэтай нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу прытуліў іх у сваёй кватэры. У сярэдзіне 1920-х гг. служыў у Пакроўскай царкве в. Семежава (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Першы раз арыштаваны 27 сакавіка 1927 года. Асуджаны 17 чэрвеня 1927 са святарамі Мінскай епархіі М. Лукашэвічам, дыяканам А. Крыкуновым і інш. асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Салавецкі канцлагер АДПУ Архангельскай вобласці. На этапе і ў канцлагеры некаторы час знаходзіўся з біскупам Мікульскім, ксяндзом С. Віткоўскім, галоўным святаром нямецкай кірхі ў Мінску В. Кранцам, рабінам галоўнай сінагогі ў Мінску З. Зільберглейтам, мулам татарскай мячэці У. Мазалевічам, акадэмікам С. Некрашэвічам.

Пасля сканчэння тэрміну (23.3.1930) у сувязі з забаронай НКУС выязджаць за межы Архангельскай вобласці жыў у Кемі. Неўзабаве да Царанкова прыехала жонка. Паступова пасяленцы стварылі невялікі прыход, дзе па сведчанні ўнука Яўгена[1] служыў Царанкоў. Неўзабаве царкву закрылі, а яго з жонкай адправілі ў канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1933 года па амністыі для будаўнікоў Беламорска-Балтыйскага канала.

Вытрымаў экзамен прыёмнай камісіі Вялікага тэатра, у складзе якой былі В. Давыдава, І. Казлоўскі, С. Лемешаў, Л. Собінаў, А. Сцяпанаў, браты Піраговы і залічаны ў яго штат. Удзельнічаў у гастролях тэатра па Эстоніі і Украіне, але пасля выкліку ў АДПУ вырашыў пакінуць Вялікі тэатр і пераехаць у 1934 годзе ў Кіеў. Працаваў салістам хора Кіеўскага радыё.

Атрымаў запрашэнне ад Менскага тэатра оперы і балета і пераехаў у 1935 годзе ў Менск. У час Другой сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, працаваў у Камісарыяце па харчаванні (пад кіраўніцтвам пазней вядомага польскага камуніста, як потым высветліцца, буйнога рэзідэнта савецкай разведкі Б. Берута). Дапамог стаць на харчовае забеспячэнне акадэміку М. Нікольскаму, прафесарам Маславу, В. Тэміну, кампазітару А. Туранкову, артыстам Мінскага опернага тэатра Саладуху, Лабко і інш.

Зноў арыштаваны 20 ліпеня 1944 года падчас адной з рэпетыцый у памяшканні тэатра Я. Купалы. Асуджаны 19 чэрвеня 1945 года трыбуналам войск НКУС Мінскай вобл. за «дапамогу нямецкім акупантам і антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа. Некаторы час у зняволенні знаходзіўся з кампазітарам А. Туранковым. Вызвалены 14 ліпеня 1954 года. Прыехаў у Брэст да сына, загадчыка кафедры Брэсцкага педагагічнага інстытута.

Са жніўня 1954 года артыст Дзяржаўнай харавой капэлы БССР. Пасля смерці жонкі выйшаў на пенсію, але ад удзелу ў канцэртах не адмаўляўся амаль да самай смерці.

Па першай справе (№ 28843-с; захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 28 снежня 1989 пракуратурай Мінскай вобласці, па другой (№ 11904-с) — 29 чэрвеня 1963 Вярхоўным судом БССР.

Зноскі

  1. Царанкоў Яўген Леанідавіч (6.2.1936 — 7.11.2003, Мінск), інжынер-канструктар. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Шмат гадоў працаваў на радыёзаводзе ў Мінску. Даследаваў лёс свайго дзеда, інш. рэпрэсаваных. Пахаваны на Паўночных могілках.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Царанкоў Я. Загублены талент. — Мн., 1998.