Шматгадовая водная расліна з паўзучым карэнішчам даўжынёй да 1—1,5 м, якое замацоўваецца на дне вадаёма. Сцёблы дасягаюць паверхні вады. Лісце з кветкамі плаваюць на паверхні вады. Лісце акругла-эліптычнае, каля асновы сэрцападобнае, на верхавінцы выемчастае, знізу густа пакрытае залозістымі плямкамі. Кветкі ярка-жоўтыя, у дыяметры да 5 см. Вяночак глыбока рассечаны на махрыстыя па краях лопасці, чашачка 5-раздзельная. Плод — яйкападобная каробачка.
Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Расце невялікімі групамі на мелкаводдзях (30—50 см) у непраточных ці мала праточных вадаёмах (рэках, старыцах, азёрах і сажалках) з пясчаным і глейка-пясчаным дном.