Перайсці да зместу

Белавочка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Белавочка
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ballerus sapa (Pallas, 1814)

Арэал

выява

Ахоўны статус

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  639434
NCBI  155073
EOL  225843

Белавочка, таксама Сапа[1] (мясцовыя назвы кляпец, глазар, лупар, лац. Ballerus sapa) — рыба сямейства карпавых з роду ляшчоў.

Дасягае даўжыні да 41 см, масы да 0,8 кг. Цела белавочкі — сціснутае з бакоў, больш выцягнута ў даўжыню, чым у роднаснага ёй ляшча. Афарбоўка серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Выцягнутая з вады хутка губляе серабрыстае адценне, пругкасць цягліц.

Рыла тоўстае, тупое, уздутае. Рот высоўны, паўніжні. Вочы вялікія (да 30 % ад даўжыні галавы) з бела-срэбранай рагавіцай (адсюль назва).

Плаўнікі няпарныя. Ніжняя лопасць хваставога плаўніка падоўжаная. Спінны плаўнік кароткі, з 3 простымі і 8-9 галінастымі промнямі. Анальны плаўнік вельмі доўгі, промняў адпаведна 3 і 36-41.

Жаберныя тычынкі доўгія, густыя, у колькасці 17-23. Глотачныя зубы аднарадныя. Луска звычайна вялікая, шчыльная, у бакавой лініі 48-52 (часам да 54) лускавінак. Пазванкоў 45-48.

Існуюць дзве формы: жылая і паўпрахадная. Арэал перарваны. Водзіцца ў рэках басейна Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў басейна Балтыйскага мора. На Беларусі сустракаецца ў басейне Дняпра і яго прытокаў (Прыпяці, Сажа, Бярэзіны), на поўначы даходзіць да Оршы.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Аддае перавагу біятопам з хуткім і ўмераным цячэннем, пазбягае поймавых вадаёмаў. Дарослыя асобіны заўсёды прытрымліваюцца глыбокіх участкаў ракі і цячэння, моладзь некаторы час трымаецца на мелкаводдзях. У час нагулу трымаецца невялікімі чародкамі, збіраецца разам у час нересту і зімоўкі. Да восені ідзе ўніз па цячэнні на зімоўку на глыбокія ямы, а ранняй вясной падымаецца ўверх па рэках да нерастовішчаў.

Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Моладзь інтэнсіўна спажывае планктон, пазней рацыён узбагачаецца знойдзенымі на дне беспазваночнымі, дробнымі ракамі, лічынкамі насякомых і інш.

Палавой спеласці дасягае ў 4-5 гадоў пры даўжыні цела 18-22 см. Нерастуецца пры тэмпературы вады 10,5-12 градусаў, часцей за ўсё ў другой палове красавіка на поймавых перакатах. Ікра клейкая, 2 мм ў дыяметры.

Максімальны ўзрост 7-8 гадоў.

Мае другаснае прамысловае значэнне, аб'ект аматарскага рыбалоўства.

Зноскі

  1. Напісанне Белавочка, Сапа ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.2. Мн., 1996, С.381