Белорусская жизнь

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Арыгінальная
назва
руск.: Белорусская жизнь
Тып газета

Заснавана 9 (22) лютага 1909 і 1 (14) студзеня 1911
Спыненне публікацый 9 (22) жніўня 1911
Палітычная прыналежнасць заходнерусізм
Мова руская

«Белорусская жизнь» — штодзённая грамадска-палітычная газета праваакцябрысцкага кірунку, орган Беларускага таварыства. Выдавалася 9(22) лютага 1909 і з 1(14) студзеня да 9(22) жніўня 1911 г. Выдавец А. С. Кудзерскі планаваў выданне газеты на 2 мовах (рускай і беларускай), але, атрымаўшы дазвол, адмовіўся ад беларускамоўнага варыянта. Газета, як і Беларускае таварыства, стаяла на пазіцыях заходнерусізму, адмаўляла самабытнасць беларускага народа, выступала за яго русіфікацыю, паступовую замену беларускай мовы рускай. Шляхам сацыяльнай дэмагогіі і палітычнай мімікрыі выдаўцы газеты спрабавалі падладзіцца пад беларускі нацыянальна-культурны рух, перахапіць ідэі газеты «Наша ніва», надаўшы ім супрацьлеглы, вялікадзяржаўна-шавіністычны сэнс. У пробным нумары (9 лютага 1909 г.) выдаўцы змясцілі статут Беларускага таварыства і абвясцілі сябе органам «свядомай» беларускай інтэлігенцыі, а эпоху ВКЛ — «самым светлым перыядам у гісторыі нашага народу». Аднак у артыкуле Саланевіча «Нашае нацыянальнае самавызначэнне і наша пазіцыя ў польскім пытанні» (той жа нумар) адмаўлялася нацыянальная і культурная самастойнасць беларусаў як «непадзельнай часткі рускага народа». За публікацыю паведамлення «Пакаранне смерцю» ўлады арыштавалі тыраж пробнага нумара і прыпынілі выданне. Аднавіўшы газету ў студзені 1911 г.. Саланевіч і новы выдавец Каранкевіч працягвалі лінію на русіфікацыю беларускага народа. Разглядаючы сацыяльную і нацыянальную структуру насельніцтва краю, газета абвясціла беларусаў «вялікай рускай большасцю Паўночна-Заходняга краю», запэўнівала чытачоў, быццам беларуская мова — гэта руская, часткова засмечаная польскімі і іншымі ўплывамі, і пры «нармальным развіцці» яна «пяройдзе ў рускую народную мову» (1 студзеня 1911 г.). Паводле логікі выдаўцоў, усе палякі ў краі — «клас памешчыкаў», яўрэі — «клас мяшчанскі, гандлёвы, гарадскі», а беларусы («рускія») — «клас выключна сялянскі, сельскі» (15 студзеня 1911 г.). У цыкле артыкулаў «Беларусы ў мінуўшчыне» ананімны аўтар, скажаючы гісторыю, прыпісваў беларусам стварэнне «рускай культуры» ў ВКЛ і ператварэнне яго ў «рускую дзяржаву». Газета з правых пазіцый крытыкавала царскі ўрад за перабольшванне ролі «розных беларускіх суполак», створаных быццам бы групкай «польскай вучнёўскай моладзі» і некалькімі прадстаўнікамі з «велікарускага асяроддзя» (16 студзеня 1911 г.). Карыстаючыся гэтай шавіністычнай меркай, газета шальмавала «Нашу ніву», называла беларускіх пісьменнікаў і іншых дзеячаў нацыянальнай культуры палякамі, якія апрануліся ў беларускую світук (15 чэрвеня 1911 г.). Патрабавала ад беларусаў схіліцца перад памяццю М. М. Мураўёва — душыцеля паўстання 1863—1864 гг., расхвальвала палітыку П. А. Сталыпіна. Газета атрымала прывітальны ліст ад лідэра партыі акцябрыстаў А. І. Гучкова (15 студзеня 1911 г.), публікавала інфармацыю пра сельскагаспадарчыя выстаўкі, друкавала (у недасканалых запісах) фрагменты беларускіх песень, паданняў, этнаграфічных апісанняў, змяшчала ўрыўкі з хрэстаматыйных твораў рускіх пісьменнікаў. З 10(23) жніўня 1911 г. выходзіла пад назвай «Северо-Западная жизнь»[1][2].

Зноскі

  1. Турук, с.23
  2. ЭнГістБел, Т.2 с.5 Конан У. М.