Перайсці да зместу

Бердыж (археалагічны помнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Бердыж, археалагічны помнік)
Раскопкі палеалітычнай стаянкі Бердыж. 1928. Музей гісторыі НАН Беларусі
Раскопкі палеалітычнай стаянкі Бердыж. 1928. Сядзяць (злева направа) Канстанцін Палікарповіч, Сяргей Дубінскі, Іна Рытар, стаяць Аляксандр Каваленя, Аляксандр Ляўданскі. Музей гісторыі НАН Беларусі

Бердыж, або Бердыжская стаянка — археалагічны помнік у Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, належыць да эпохі палеаліту.

Знаходзіцца 0,3 км на поўдзень ад вёскі Падлужжа, на схіле высокага правага берага ракі Сож, ва ўрочышчы Калодзежкі, якое складаецца з паўночнага і паўднёвага яроў. Культурны пласт помніка найлепш захаваўся на поўдні ад яра.

Стаянка адкрыта К. М. Палікарповічам у 1926 годзе. Аб гэтай падзеі А. Г. Калечыц узгадвае наступнае:

"

Існуе легенда аб тым, што Канстанцін Міхайлавіч ішоў правым берагам Сажа. Затрымаўся каля крыніцы, што выцякае з вусця Паўночнага яра… На камені побач сядзеў пастух. Паразмаўлялі аб справах, аб ураджаі, аб тым, ці няма ў акрузе цікавых знаходак, і раптам позірк вучонага спыніўся на валуне, на якім сядзеў пастух. Гэта быў велізарны чэрап маманта, увесь залеплены зямлёй, з вачніцамі, забітымі глінай, бясформенны і зусім, на першы погляд, не падобны на тое, чым з’яўляўся.

"

Стаянку назвалі Бердыжскай, але назва гэтая не зусім дакладная. Вёска Бердыж, адкуль прыйшоў К. М. Палікарповіч, размешчана кіламетрах у трох на поўнач, а вось да вёскі Падлужжа — усяго некалькі сот метраў.

У яе вывучэнні ў далейшым прымалі ўдзел вядучыя спецыялісты ў галіне першабытнай археалогіі, а таксама палеантолагі, геолагі і палеагеографы. Раскопкі праводзіліся ў 1926 г. К. М. Палікарповічам (ускрыта 10 кв. м.), у 1927 г. С. М. Замятніным (20 кв. м.), у 19281929 гг, 19381939 гг. К. М. Палікарповічам, П. П. Яфіменкам  (руск.), Г. А. Бонч-Асмалоўскім, В. І. Громавым, Г. Ф. Мірчынкам (240 кв. м.), у 1959 г., 19681970 гг. У. Д. Будзько, Л. М. Вазнячуком, М. М. Цыпенка, В. В. Шчагловай, М. В. Мотузам (130 кв. м.), у 1971 г. А. Г. Калечыц (156 кв. м.). Агульная плошча раскопак склала каля 536 кв. м.

Аднак, паколькі раскопкі праводзіліся са значнымі перапынкамі па часе і ў сувязі са стратай у гады вайны даваеннай палявой дакументацыі, у далейшым адны і тыя ж плошчы неаднаразова ўскрываліся паўторна. З улікам распаўсюджання познапалеалітычных артэфактаў тэрыторыі, якую займала старажытнае паселішча, па дадзеных А. Г. Калечыц, мела плошчу каля 500 кв. м.

У раскопе 1926 г. было знойдзена больш за 700 фауністычных рэшткаў, якія (па вызначэнні В. І. Громава) належалі маманту, каню і мядзведзю, а таксама некалькі дзесяткаў крэменяў, кавалкі касцянога вугалю. Сярод крэменяў былі і штучна апрацаваныя, у т.л. пласціны, адшчэпы. Пасля раскопак С. М. Замятніна з’явілася першае меркаванне аб узросце помніка. Вучоны датаваў стаянку верхнепалеалітычным часам і правёў аналогіі з помнікамі Касцёнкі-1, Боршава-1, Гагарына і з познаарыяньякскімі помнікамі Маравіі і Ніжняй Аўстрыі (Пшэдмасць, Ніжні Вістэрніц, Пекарна, Вілендорф і інш.). Велізарную ролю ў высвятленні стратыграфіі культурнага пласта Бердыжа ў перадваенныя гады адыгралі работы Г. Ф. Мірчынка. Зробленыя ім высновы ў наступным былі дэталізаваны і ўдакладнены, але прынцыпова не змяніліся.

Працы вучоных, якія вывучалі стаянку ў пасляваеныя гады, былі скіраваны на ўдакладненне стратыграфіі і геалагічных умоў залягання культурнага пласта помніка. Л. М. Вазнячук з гэтай мэтай у 1959 г. заклаў на стаянцы звыш 30 шурфаў. На пачатку 1970-х гг., па меркаванні У. Д. Будзько і Л. М. Вазнечука, на помніку 2 культурныя пласты — паселішча ранняга верхняга палеаліту, якое адносілася да кола помнікаў касцёнкаўска-аўдзееўскай культуры больш ранняга, чым Бердыж, і менавіта стаянка — помніка позняга верхняга палеаліту, якую можна датаваць у межах 34 — 22-га тыс. да н.э. Такія высновы лёгеп тлумачыліся рэзкім падзеннем культурных рэшткаў уніз на схіле яра. Пры наяўнасці ўскрытых плошчаў на вяршыні схіла і шурфа на яго днішчы ўсвядоміць адзінства пласта, які меў розніцу ў адзнаках да 4 м, было амаль немагчыма. Для вырашэння гэтага спрэчнага пытання ў 1970 г. у геахраналагічнай лабараторыі Ленінградскага аддзялення Археалагічнага інстытута на падставе аналізу, праведзенага па зубе маманта, была атрымана першая абсалютная дата помніка. Вынікам прац А. Г. Калечыц, якая зрабіла на стаянцы некалькі апорных падоўжных і папярочных профіляў, стала выснова аб аднаслойнасці помніка, культурныя рэшткі якога былі пераадкладзены ў выніку магутнага ўздзеяння соліфлюкцыйных працэсаў. Таму аднавіць колькасць і форму касцявых жытлаў, якія, відавочна, тут былі пабудаваны, не ўяўляецца магчымым.

Агульная колькасць знаходак, атрыманых за гады раскопак, перавышае 3 тыс. адз., у т.л. каля 2 тыс. касцявых рэшткаў, большасць з якіх належала маманту. Колькасны пераважаюць цэлыя і фрагментаваныя рэбры, пазванкі, расколатыя трубчастыя косткі, зубы, фрагменты чэрапа, біўняў і інш. Ад 50 іншых жывёл захаваліся цалкам некалькі чарапоў, ніжніх сківіц, біўняў, радзей лапатак і костак таза. Астатнія касцявыя рэшткі — адзінкавыя косткі яшчэ 14 відаў жывёл, сярод якіх тыповыя прадстаўнікі верхнепалеалітычнага комплексу: валасаты насарог, конь, мядзведзь, пясец, паўночны і высакародны алені і інш.

Для вырабу прылад жыхары стаянкі выкарыстоўвалі сожскі валунны крэмень характэрнай шэрай афарбоўкі з белымі кропкавымі ўкрапінамі, якія ў вялікай колькасці сустракаецца ў россыпах на паверхні і ў карэнным заляганні ў крэйдавых адкладах, што маюць выхады на паверхню па схілах ракі Сож. Большасць артэфактаў абкатаная, з характэрным матавым бляскам.

Крамянёвы інвентар (больш за 1 тыс. адз.) складаецца са шматлікіх канкрэцый і кавалкаў крэменю, асобныя з якіх маюць сляды штучнай апрацоўкі, адно- і двухпляцовачных нуклеусаў прызматычнай формы, мноства нарыхтовак (пласцін і адшчэпаў). Найбольш важную ролю адыгрываюць такія знойдзеныя прылады працы, як наканечнікі стрэл з бакавой выемкай і нажы з масіўных пласцін з усечанымі канцамі. Комплекс прылад з другаснай апрацоўкай характарызуецца наяўнасцю рэтушаваных і на вугле зламанай пласціны разцоў, канцавых, двайных і мысападобнага скрабкоў, а таксама вастрычмі, скоблепадобнымі вырабамі, праколкамі і невялікай колькасцю мікрапласцін з рэтушшу.

У сусветнай археалагічнай літаратуры стаянка агульнапрызнана як познепалеалітычная, якая належыць да кола помнікаў вілендорфска-паўлаўска-касцёнкаўскага адзінства альбо вілендорфска-касцёнкаўскай археалагічнай культуры. Датуецца 23 430 ± 180 гадоў назад.

  • Будько, В. Д. О жилищах Бердыжской палеолетической стоянки // Краткие сообщения о докладах и полевых иссследованиях Института археологии. — 1964. — Вып. 101. — С. 31 — 34.
  • Будько, В. Д., Вознячук, Л. Н. Палеолит Белоруссии и смежных территорий (Итоги исследования за годы советской власти) // Древности Белоруссии: Доклады к конференции по археологии Белоруссии: март 1969 / АН БССР, Сектор археологии Института истории, Белорусское общество охраны памятников истории и культуры; Под ред. В. Д. Будько, П. Ф. Лысенко, Л. Д. Поболь, М. М. Чернявского. — Мн., 1969. — С. 4 — 27
  • Будько, В. Д., Вознячук, Л. Н., Калечиц, Е. Г. Палеолитическая стоянка Бердыж // Археологические открытия 1970 года. — М.: Наука, 1971. — С. 303—304.
  • Калечиц Е. Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии / Науч. ред. Б. Н. Гурский; Академия наук Белорусской ССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1984. — 160 с.: ил.
  • Калечыц, А. Г. Першыя людзі на зямлі Беларусі: дапаможнік / А. Г. Калечыц. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — С. 32—33.
  • Калечыц, А. Г. Бердыжская стаянка / А. Г. Калечыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 103—106. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Поликарпович, К. М. Палеолит Верхнего Поднепровья. — Мн.: Наука и техника, 1968.