Бора-Бора
Бора-Бора | |
---|---|
фр. Bora Bora | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 29,3 км² |
Найвышэйшы пункт | 727 м |
Насельніцтва | 8 880 чал. (2008) |
Шчыльнасць насельніцтва | 303,07 чал./км² |
Размяшчэнне | |
16°29′40″ пд. ш. 151°44′11″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Таварыства |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бора-Бора (франц., таіц.: Bora Bora) — востраў у Французскай Палінезіі. Уваходзіць у групу Падветраных астравоў Таварыства. Плошча — 23,9 км². Насельніцтва — 8880 чал. (2008 г.)
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваны каля 4 млн гадоў таму. Большай часткай узгорысты. Найвышэйшы пункт — гара Атэману (727 м). Геолагамі вызначана, што Бора-Бора паступова апускаецца пад ваду з хуткасцю каля 1 см у стагоддзе. Вулканічны востраў атачае кола каралавага рыфа з мноствам невялікіх астраўкоў моту.
Клімат трапічны пасатны. Вылучаюцца дажджлівы (з мая па кастрычнік) і сухі (з лістапада па красавік) сезоны. Сярэдняя колькасць ападкаў 2263 мм у год. Сярэднегадавая тэмпература 28 — 30 °C. Назіраюцца частыя і моцныя, але кароткія штормы. Востраў знаходзіцца пад пагрозай моцных трапічных цыклонаў.
Бора-Бора з яго зялёнымі краявідамі ў атачэнні каралавых астраўкоў з’яўляецца адным з самых прыгожых у Французскай Палінезіі. У перадгор’ях захаваліся шыракалістыя трапічныя лясы. На ўзбярэжжы шмат культурных раслін. Але фаўна даволі бедная, прадстаўлена крабамі, казуркамі і птушкамі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў быў населены палінезійцамі з астравоў Тонга ў VIII—IX стст. Вядома старажытная назва Вавау («перш народжаны»), якая пазней трансфармавалася ў Бора-Бора. Згодна паданням, першым кіраўніком вострава быў Ахататама, першы сын Хіра, легендарнага правадыра суседняга вострава Раіатэа. З-за перанаселенасці мясцовыя жыхары вялі частыя войны і лічыліся аднымі з найбольш жорсткіх ваяроў у Палінезіі.
У 1769 г. Бора-Бора быў адкрыты Джэймсам Кукам. У 1820 г. яго насельніцтва прыняло хрысціянства.
У кан. XVIII ст. Бора-Бора быў далучаны да дзяржавы манархаў Таіці. Яго жыхары выступілі супраць усталявання французскага пратэктарату ў 1842 г. Аднак у 1888 г. востраў быў далучаны да Французскай Палінезіі.
Пад час II Сусветнай вайны на ім размяшчалася амерыканская ваенная база. Дзякуючы амерыканскім ваенным на Бора-Бора з’явіўся першы ў Французскай Палінезіі аэрапорт, што садзейнічала ў пасляваенны час імкліваму развіццю турызму.
Эканоміка і інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Адміністрацыйны цэнтр і самае вялікае паселішча (з насельніцтвам 4927 чал.) Ваітапе размешчана ў заходняй частцы Бора-Бора. Са знешнім светам востраў злучаны з дапамогай міжнароднага аэрапорта і паромнай пераправай на суседнія астравы, Таіці і Мурэа.
Невялікая колькасць астравіцян займаецца сельскай гаспадаркай — вырошчвае какосавую пальму і гародніну. Аднак асновай мясцовай эканомікі з’яўляецца абслугоўванне турыстаў. Бора-Бора славіцца сваімі буйнымі гатэлямі, пабудаванымі ў палінезійскім стылі на палях над лагунай або на моту.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Бора-Бора ў сяр. XIX ст.
-
Старажытнае свяцілішча
-
Гатэль на палях
-
Від на Атэману