Брэсцкае перадледавікоўе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Брэсцкае перадледавікоўе, або добрушскае перадледавікоўе — частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэрыторыі Беларусі.

Вылучана (Н. А. Махнач; 1971) як найбольш старажытная частка антрапагену працягласцю каля 400 тысяч гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й паловы эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыбіні 10—170 м). Паверхня тэрыторыі Беларусі была выраўнаваная, найбольш узвышаная на паўночным усходзе. Рэкі цяклі на поўдзень і захад. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на поўдні і паўночным захадзе, у балотах і далінах рэк.

Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін устаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэрыторыі Усходне-Еўрапейскай раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй частцы кромеру Нідэрландаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]