Бібліятэка Жыгімонта II Аўгуста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Жыгімонта II Аўгустабібліятэка, створаная ў Вільні пры двары вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста (1548—1572). Паводле памеру і складу не саступала бібліятэкам інш. еўрапейскіх двароў. Пачала збірацца да 1545 года[1].

Кнігі набываліся праз спецыяльных камісіянераў у краіне і за мяжой. Кнігазбор павялічваўся і за кошт шматлікіх дароў, у т.л. дзеячаў Рэфармацыі. Сярод іх экзэмпляр Бібліі, дасланы М. Лютэрам, выданні прац Ж. Кальвіна, Г. Булінгера, падараваныя аўтарамі. Збор апекавалі прыдворныя бібліятэкары Ян з Козьміна (1546—1548), потым С. Кашуцкі, які закаталагізаваў юрыдычны аддзел бібліятэкі, і з 1559 года П. Гурніцкі[1].

Паводле ацэнак сучаснікаў, бібліятэка налічвала ад 4 да 5 тыс. тамоў. У ёй пераважала літаратура па праве і гісторыі, была тэалагічная літаратура, выданні класічных аўтараў, кнігі па астраноміі і медыцыне. Вялікая ўвага аддавалася эстэтычнаму выгляду кніг: аправы былі зроблены з дрэва, абцягнутага скурай, з пазалочанымі суперэкслібрысамі на верхнім вечку (вядомы 7 варыянтаў)[1].

У адпаведнасці з тастаментам уладальніка ад 1571 года бібліятэку павінны былі падзяліць паміж Віленскім калегіумам езуітаў і касцёлам Св. Ганны. Аднак пажаданне Жыгімонта II Аўгуста выканалі толькі часткова. Яго сястра каралева Ганна Ягелонка частку кніг (пераважна юрыдычную літаратуру) перадала ў 1586 у бібліятэку Кракаўскага ўніверсітэта, частка трапіла ў рукі прыдворных. Некаторая іх колькасць перайшла да Кацярыны Ягелонкі і потым увайшла ў склад збораў Жыгімонта III Вазы. Значная частка кніг апынулася ва ўладанні канцлера і гетмана Яна Замойскага, заснавальніка акадэміі ў Замосці. Кнігі па праве і медыцыне, якія захоўваліся ў Каралеўскім замку ў Варшаве, у 1656 у час польска-шведскай вайны трапілі ў Швецыю[1].

У сярэдзіне 18 ст. некаторыя з кніг каралеўскай бібліятэкі, што вернуты намаганнямі Яна III Сабескага, сталі часткай бібліятэкі Залускіх, якая пасля падзелу Рэчы Паспалітай цалкам перавезена ў Пецярбург. Пасля Рыжскага дагавора 1921 года яна вернута ў Варшаву ў Нацыянальную бібліятэку і загінула ў час Другой сусветнай вайны[1].

Цяпер значная частка кніг з бібліятэкі Жыгімонта Аўгуста, атрыманая ў асноўным з Бібліятэкі ардынацыі Замойскай, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Выданні з каралеўскай бібліятэкі захаваліся таксама ў фондах іншых бібліятэк Польшчы, Літвы, Расіі, Швецыі, Германіі і інш. краін Еўропы. Вядомы 960 выданняў (590 тамоў) знакамітага кнігазбору (улічаны ў каталогу А. Кавецкай-Грычовай)[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Т. І. Рошчына. Бібліятэка Жыгімонта II Аўгуста // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]