Бітва ў Тэўтабургскім лесе
Бітва ў Тэўтабургскім лесе | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: заваяванне Германіі | |||
| |||
Дата | верасень[1] 9 года | ||
Месца | Брамшэ (Тэўтабургскі лес, Германія) | ||
Вынік |
знішчэнне рымскай арміі Адмова Рыма ад заваявання Германіі |
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бітва ў Тэўтабургскім лесе — бітва ў верасні 9 года паміж германцамі і рымскай арміяй.
Нечаканым нападам германцаў, на чале з правадыром херускаў Армініям, на рымскае войска ў Германіі на маршы праз Тэўтабургскі лес, 3-ы легіёны былі знішчаны, іх камандуючы Квінтылій Вар скончыў самагубствам. Вынікам бітвы было вызваленне Германіі з-пад улады Рымскай імперыі і пачатак працяглай вайны Імперыі з германцамі. Урэшце, германскія землі захавалі незалежнасць, а Рэйн стаў паўночнай мяжой Рымскай імперыі на захадзе.
Прадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У валадарства першага рымскага імператара Аўгуста яго палкаводзец, будучы імператар Тыберый, да 7 года да н.э. пакарыў Германію ад Рэйна да Эльбы, паводле Велея Патэркула, гэта адбылося без значных страт для рымскага войска, а краіна была абкладзена подаццю і даведзена амаль да стану рымскай правінцыі[2].
У 5 годзе была заснавана імперская правінцыя Германія, пра палітычны лад якой амаль няма звестак. Вядомы даследчык Т. Момзен рэканструяваў яе, абапіраючыся на асобныя дэталі ў старажытнарымскіх крыніцах, па аналогіі з рымскай Галіяй.[3] У прырэйнскіх лагерах, а таксама ва ўмацаваных лагерах усярэдзіне Германіі размяшчаліся 5—6 рымскіх легіёнаў. Улетку рымляне здзяйснялі паходы ў вобласці германскіх плямёнаў для разбору судовых спраў, якія вялі рымскія юрысты паводле рымскіх законаў. Меркавалася перапісаць насельніцтва, абкласці яго падаткамі і арганізаваць прызыў германцаў у рымскае войска, як рабілася па ўсёй Імперыі.
Аднак Рым асцерагаўся моцнай дзяржавы, якая сфарміравалася на чале з правадыром маркаманаў Марабодам ў Байахэмуме (Багемія, сучасн. Чэхія).[4] Марабод пазбягаў адкрыта варожых дзеянняў адносна Імперыі, з іншага боку, ён не заключаў з Рымам саюзу і даваў прытулак ворагам Імперыі.
У 6 годзе рымляне арганізавалі ваенны паход супраць Марабода. Тыберый павёў 5 легіёнаў ад Дуная на поўнач, легіёны Гая Сенцыя Сатурніна з верхняга Рэйна павінны былі нанесці ўдар у фланг і тыл маркаманаў. Калі войскі Тыберыя выступілі супраць Марабода і ўжо блізка падышлі да яго ўладанняў, у Паноніі і Далмацыі нечакана ўспыхнула антырымскае паўстанне. Пра яго маштабы сведчыць Светоній, называе гэтую вайну самай цяжкай, якую вёў Рым пасля Пунічных, паведамляючы пра ўдзел 15 легіёнаў (больш паловы ўсіх легіёнаў Імперыі)[5]. Імператар Аўгуст прызначыў Тыберыя камандуючым войскамі для задушэння паўстання, з Марабодам заключаны ганаровы для яго мір.
Намеснікам Германіі ў адсутнасць Тыберыя быў прызначаны Публій Квінтылій Вар, быўшы праконсулам Сірыі. Паводле Велея Патэркула, Вар паходзіў з сям'і хутчэй вядомай, чым знатнай, і быў ад прыроды чалавекам мяккім, спакойнага нораву, непаваротлівым целам і духам, прыдатным хутчэй да лагернага адпачынку, чым да ваеннай дзейнасці. Вар любіў грошы, што даказала яго праконсульства ў Сірыі — бедным ён прыйшоў у багатую краіну, а вярнуўся багатым з беднай.[6]
Паводле Флора, Вар даволі неасцярожна выхваляўся тым, што можа ўтаймаваць дзікасць варвараў розгамі ліктараў і голасам глашатая, а Велей Патэркул ставіць яму ў віну ўцягненне ў працяглыя судовыя працэсы і страту пільнасці ў адносінах з германцамі.
Толькі ў 9 годзе Тыберый здолеў разграміць паўстанцаў у Паноніі і Далмацыі, але амаль адразу ж у верасні таго ж гады пачалося паўстанне ў Германіі.
Падрыхтоўка паўстання
[правіць | правіць зыходнік]Паўстанне германцаў падрыхтаваў і ўзначаліў Арміній, 25-гадовы сын правадыра херускаў Сігімера. Арміній служыў у рымскім войску, камандаваў атрадам германцаў, і заслужыў рымскае грамадзянства.[7] Квінтылій Вар яму цалкам давяраў, яны часта разам піравалі. Рымскі намеснік перанёс сваю стаўку ў землі херускаў (басейн ракі Везер), каб адтуль уладжваць спрэчкі паміж германскімі плямёнамі і арганізоўваць збор подацей.
Германцы паводзілі сябе мірна. Квінтылій Вар распыліў войскі па іх краіне для барацьбы з разбойнікамі, а Арміній тым часам падрыхтоўваў змову, пераконваючы іншых правадыроў выступіць супраць рымлян. Крыніцы не паведамляюць, якія менавіта плямёны змовіліся, паводле ўскосных сведчанняў, апроч херускаў гэта былі бруктэры, марсы і хаўкі.[8] Адзін са знатных херускаў Сегест, чыя дачка Туснельда была жонкай Армінія, папярэдзіў Вара аб небяспецы, але той палічыў гэта паклёпам на свайго саюзніка і не прыняў ніякіх мер.
Паводле задумы Армінія, спачатку паўсталі аддаленыя германскія плямёны. Быццам для барацьбы з імі Арміній сабраў войска і суправаджаў легіёны Вара, якія выступілі ў паход на паўстанцаў, але потым адстаў, чакаючы падыходу новых сіл. Ваенны гісторык Г. Дэльбрук мяркуе, што Вар выступіў не ў ваенны паход, а проста адводзіў войскі з цэнтральнай Германіі ў зімовыя лагеры бліжэй да Рэйна (як рабілася заўсёды), пра што сведчаць пара года і вялікі абоз з жанчынамі і дзецьмі.
Бітва ў Тэўтабургскім лесе
[правіць | правіць зыходнік]Адстаўшы ад Вара, воіны Армінія перабілі асобныя рымскія атрады, пасля чаго нагналі на маршы рымскае войска, якое затрымліваў вялікі абоз.
Пэўна не вядома, колькі рымскіх салдатаў было ў маршавай калоне Вара. Велей Патэркул паведамляў пра гібель у Германіі 3-х легіёнаў[9], шасці кагорт і 3 конных атрадаў,[6] частка з іх магла быць знішчана ў іншых месцах (па-за калонай Вара). Гісторык Г. Дэльбрук ацэньвае сілы ў маршавай калоне Квінтылія Вара ў 12—18 тыс. салдат, а ўлічваючы абоз з жанчынамі і дзецьмі, павялічвае колькасць да 18—30 тысяч.[10]
Падрабязнасці 3-дзённай бітвы ў Тэўтабургскім лесе ёсць толькі ў «Гісторыі» Дыяна Касія. Германцы выбралі для нападу ўдалы момант, рымляне не чакалі, а моцны дождж узмацніў блытаніну ў калоне. Паводле Дыяна Касія, рымляне, як у мірны час, вялі за сабою мноства вазоў і ўючных жывёл, за калоннай ішла вялікая колькасць дзяцей, жанчын і іншай прыслугі, таму войска расцягнулася на вялікую адлегласць, яно наогул распалася на некалькі частак з прычыны моцнага дажджу і ўрагану.[11]
Германцы пачалі з абстрэлу рымлян з лесу, затым атакавалі ў рукапашную. Ледзь адбіўшыся, легіёны спыніліся і паводле свайго звычаю разбілі лагер на ноч. Большасць вазоў і частку маёмасці спалілі. На наступны дзень калона рушыла у больш арганізаваным парадку. Германцы не спынялі нападаў, але мясцовасць была адкрытай, нязручнай для засад.
На 3-ці дзень калона ўвайшла ў лясістую мясцовасць, дзе немагчыма было трымаць самкнуты баявы парадак, да таго ж зноў пайшоў праліўны дождж. Прамоклыя шчыты і лукі рымлян страцілі баяздольнасць, гразі заміналі руху абозу і цяжкаўзброеных салдат, тым часам лёгкаўзброеныя германцы рухаліся хутка. Рымляне спрабавалі ўзвесці абарончы вал і роў. Колькасць нападаючых павялічылася, да херускаў, даведаўшыся пра горкае становішча рымлян і ў спадзяванні на здабычу, падыходзілі новыя воіны. Параненыя Квінтылій Вар і яго афіцэры прынялі рашэнне закалоцца, каб не трапіць у ганебны палон. Пасля іх самагубства дэмаралізаваныя салдаты кідалі зброю і гінулі, амаль не абараняючыся. Прэфект лагера Цэйоній здаўся ў палон, легат Нумоній Вал з конніцай бег да Рэйна, кінуўшы пяхоту.
Германцы прынеслі ў ахвяру сваім багам палонных трыбунаў і цэнтурыёнаў. Тацыт піша пра шыбеніцы і ямы, на месцы апошняга бою засталіся развешаныя на дрэвах чарапы рымлян. Флор паведамляе, пра выключную лютасць германцаў адносна рымскіх суддзяў — адным выколвалі вочы, іншым адсеклі рукі, аднаму зашылі рот, перад гэтым выразаўшы язык — трымаючы ў руках язык, адзін з германцаў выклікнуў: «Урэшце ты перастаў шыпець, змяя!». Велей Патэркул адзначыў мужнасць аднаго палоннага — Кальд Цэлій, убачыўшы катаванні германцамі рымлян, разбіў сабе галаву звяном ланцуга, якім быў закуты, і адразу памёр[12].
Ацэнка рымскіх страт асноўваецца на колькасці падраздзяленняў Квінтылія Вара, якія патрапілі ў засаду, і вар'іруецца ў шырокіх межах. Найболей кансерватыўную ацэнку дае Г. Дэльбрук (18 тыс. салдат), верхняя ацэнка даходзіць да 27 тысяч.[13]
Германцы перабілі не ўсіх палонных рымлян. Прыкладна праз 40 гадоў пасля бітвы, у раёне верхняга Рэйна быў разбіты атрад хатаў, здзіўленыя рымляне знайшлі ў гэтым атрадзе палонных салдатаў з легіёнаў Вара.[14]
Вынікі і наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Вызваленне Германіі. I ст.
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Флора, вынікам паражэння рымскіх легіёнаў у Тэўтабургскім лесе было тое, што Імперыя, якую не затрымліваў і бераг акіяна, была спынена на беразе ракі Рэйн.[15]
Аслабленыя 3-летняй Панонскай і Далмацкай вайной легіёны Імперыі знаходзіліся ў Далмацыі, далёка ад Германіі, таму з'явілася сур'ёзная пагроза ўварвання германцаў у Галію. Баяліся паходу германцаў на Італію, як колішняга нашэсця кімвраў і тэўтонаў. У Рыме імператар Актавіян Аўгуст спешна збіраў свежыя войскі, забяспечваючы мабілізацыю пакараннямі смерцю тых грамадзян, якія ўхіляліся ад яе.[16] Светоний у біяграфіі Аўгуста ярка перадаў роспач імператара, які настолькі бы зломлены, што некалькі месяцаў не стрыг валасоў і барады і не раз біўся галавою аб сцяну, усклікаючы: «Квінтылій Вар, вярні легіёны!».
На сярэднім Рэйне заставаліся толькі 2 легіёны легата Луцыя Аспрэната, які актыўна рыхтаваўся процістаяць пераправе германцаў у Галію і распаўсюджанню паўстання. Аспрэнат перакінуў войскі на ніжні Рэйн і заняў крэпасці ўздоўж ракі.
Паводле Дыяна Касія, германцаў затрымала аблога крэпасці Алізон у глыбіні Германіі. Рымскі гарнізон пад камандаваннем прэфекта Луцыя Цэцыдзія адбіў штурм, пасля беспаспяховых спроб авалодаць Алізонам большасць варвараў разышлася. Не чакаючы зняцця блакады, гарнізон у штармавую ноч прабіўся праз германскія пасты і паспяхова дасягнуў дыслакацыі рымскіх войскаў на Рэйне.
У 10 годзе Тыберый з легіёнамі здзейсніў паход у цэнтральную Германію, захапіў некаторых германскіх правадыроў, аднак галоўным вынікам яго экспедыцыі стала змяншэнне пагрозы ўварвання германцаў у Галію. Хоць трыумф, прысуджаны яму ў 12 годзе імператарам Аўгустам, быў прысвечаны галоўным чынам перамозе ў Панонскай вайне 6—9 гадоў, рымляне радаваліся найперш з нагоды адносна сціплых германскіх поспехаў.[17]
Арміній паслаў галаву Квінтылія Вара Марабоду, каб заахвоціць маркаманаў сумесна выступіць супраць Рыма, але той адмовіўся, праз некалькі гадоў быў выгнаны Армініям і знайшоў прытулак у Імперыі. Галаву Вара пахавалі ў яго фамільным склепе[18], астатніх загінулых рымскіх салдатаў пахавалі войскі рымскага палкаводца Германіка, які здзейсніў у 15 годзе паход супраць Армінія[19]. Германік захапіў цяжарную жонку Армінія, але сам Арміній пасля няўдалай бітвы адступіў[20].
Урэшце, Германія была назаўсёды страчана для Рымскай імперыі. Рымскія правінцыі Ніжняя і Верхняя Германіі размяшчаліся на левым беразе Рэйна, такім чынам знаходзіліся ў Галіі, насельніцтва там хутка раманізавалася. Рымская імперыя больш не спрабавала захапіць і ўтрымаць тэрыторыі за Рэйнам.
Новы час. XIX ст.
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку XIX ст. правадыр паўсталых германцаў Арміній (пераназваны немцамі ў Германа[21]) стаў сімвалічнай постаццю, якая ў вачах немцаў адлюстроўвала ідэю нацыянальнага адраджэння і аб'яднання германскіх дзяржаў (падр.гл. Аб'яднанне Германіі, 1871). У бітве ў Тэўтабургскім лесе немцы бачылі сімвал перамогі германскіх народаў над спрадвечным раманскім ворагам, з якім асацыявалі імператара Напалеона, які да 1807 года заваяваў большую частку Еўропы.
Вялікую цікавасць да бітвы была не толькі ў нямецкай гістарыяграфіі, але і ў нямецкай культуры. У 1808 годзе Г. Клейстам напісана п'еса «Die Hermannsschlacht», у 1847 годзе з нагоды бітвы склалі песню «Als die Römer frech geworden». У 1875 годзе ў Дэтмольдзе ўстаноўлены 53-мятровы манумент у памяць бітвы. Манумент уяўляе сабою медную статую Армінія з узнятым мячом.
Антычныя крыніцы па бітве
[правіць | правіць зыходнік]- Дыян Касій, «Рымская гісторыя», 56.18—24. Крыніца з'яўляецца самай позняй (III ст.), але змяшчае найбольш падрабязнае апісанне бітвы.
- Авідзій, «Журботныя элегіі» (Tristia), IV.2 (трыумф Тыберыя). Апальны і высланы паэт Авідзій апісвае трыумф Тыберыя у Рыме ў 12 годзе, пры гэтым паведамляе дэталі разгрому Вара, хоць не ідэнтыфікуе саму падзею.[22] Ліст Авідзія, напісаны ў 12 годзе, з'яўляецца самай ранняй, хоць і вельмі беднай крыніцай па бітве ў Тэўтабургскім лесе.
- Велей Патэркул, «Рымская гісторыя», 2.117—120. Патэркул быў сучаснікам бітвы і меў магчымасць ведаць акалічнасці са слоў сведак падзей, аднак ён у сваёй працы (30 год) распавядае не столькі пра саму бітву, колькі пра яе прадгісторыю і наступствы, абяцаючы расказаць падрабязнасці «у адпаведным сачыненні».
- Тацыт, «Аналы», 1.55—71, 2.7, 2.45—46. Тацыт напісаў «Аналы» ў 110-я гады паводле згубленай «Гісторыі германскіх войнаў» Плінія Старэйшага. «Аналы» падрабязна выкладаюць ход рымска-германскай вайны, але яе апісанне пачынаецца ўжо пасля бітвы. Пра разгром легіёнаў Вара згадваецца рэтраспектыўна, у сувязі з мінаннем рымскімі войскамі месца бітвы ці ў размовах дзеючых асоб «Аналаў».
- Луцый Аней Флор, «Эпітомы», 2.30 (пачатак II ст.). У кароткім апавяданні Флора галоўным чынам паказаны жорсткасці германцаў да захопленых у бітве палонных.
- Астатнія старажытнарымскія крыніцы, часта згадваючы пра разгром Вара, не даюць дадатковых акалічнасцяў бітвы ў Тэўтабургскім лесе (Страбон, «Геаграфія», 7.1.4; Светоній, «Тыберый», 17—18; і інш.).
Месца бітвы
[правіць | правіць зыходнік]Месца, дзе адбылася бітва, назваў толькі Тацыт (Аналы, 1.60) — Saltus Teutoburgiensis (Тэўтабургскі лес), размешчаны дзесьці ў вярхоўях рэк Амізі (Эмс) і Лупіі (Ліпэ). Больш дакладнае месцазнаходжанне лесу было невядома, гісторыкі прапанавалі дзясяткі версій[23], але толькі ў 1987 годзе англійскі аматар-археолаг Тоні Клан (Tony Clunn) зрабіў знаходкі, якія дазволілі лакалізаваць месца лёсавызначальнай для гісторыі Германіі бітвы.
У мястэчку Калькрызэ[24] (паблізу мястэчка Брамшэ) на полі, вядомым у мясцовых жыхароў як Залатое за частыя знаходкі там старажытнарымскіх манет, Тоні Клан з металашукальнікам выявіў 162 срэбныя манеты, датаваныя часамі імператара Актавіяна Аўгуста ці больш раннімі, і 3 свінцовых ядра для прашчы. Ядры сведчылі пра прысутнасць у гэтым месцы рымскіх войскаў, што стала вырашальнай акалічнасцю для правядзення тут з 1989 года маштабных раскопак[25].
Было знойдзена некалькі тысяч прадметаў рымскай вайсковай амуніцыі, фрагменты мячоў, даспехаў, прылад, у тым ліку падпісаныя. Важнейшыя знаходкі — срэбная маска рымскага афіцэра-кавалерыста і манеты, адштампаваныя з адзнакай VAR. Даследнікі мяркуюць, што гэта пазначэнне імя Квінтылія Вара на адмысловых манетах, вырабленых часы яго кіравання Германіяй і прызначаных для дарэння легіянерам. Вялікая колькасць знаходак сведчыць пра разгром у гэтым месцы буйнага вайсковага падраздзялення рымлян, якое складалася прынамсі з аднаго легіёна, конніцы і лёгкай пяхоты. Выяўлена 5 групавых пахаванняў, на некаторых костках бачныя глыбокія рэзаныя сляды.
На паўночным схіле Калкрызскага ўзгорка, звернутага да месца бітвы, адкапаны рэшткі ахоўнага вала з торфу. Падзеі, якія тут адбыліся даволі пэўна датуюцца шматлікімі манетамі перыяду 6—20 гадоў. Паводле антычных крыніц, у гэты перыяд і ў гэтым рэгіёне была адзіная буйная параза рымскіх войскаў — разгром легіёнаў Квінтылія Вара ў Тэўтабургскім лесе.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Дакладная дата бітвы невядома. Вядома, што бітва адбылася ўвосень 9 года, верасень прызнаецца па кансенсусе гісторыкаў. У ЭСБЭ ўказваецца дата бітвы 9—11 верасня. З прычыны таго, што падставы для вылічэння гэтай даты незразумелыя, то яна не выкарыстоўваецца ў працах сучасных гісторыкаў.
- ↑ Велей Патэркул, 2.97
- ↑ Т. Моммзен. «История Рима». В 4 т., Ростов-на-Д., 1997, с. 597—599.
- ↑ Велей Патэркул пра Марабода: «Плямёнам і асобным людзям, якія ад нас аддзяліліся, ён даваў прытулак; наогул ён дзейнічаў, як сапернік, блага гэта хаваючы; і войска, якое ён давёў да сямідзесяці тысяч пехацінцаў і чатырох тысяч вершнікаў, ён падрыхтаваў у бесперапынных войнах з суседнімі народамі да значнейшай дзейнасці, чым тая, якую ён ажыццяўляў… Італія гэтак жа не магла сябе адчуваць у бяспецы з-за павелічэнні яго сіл, бо ад вышэйшых горных ланцугоў Альпаў, якія пазначаюць мяжу Італіі, да яго межаў не больш за дзвесце міль.»
- ↑ Светоний: «Август», 26; «Тиберий», 16
- ↑ а б Велей Патэркул, 2.117
- ↑ Велей Патэркул, 2.118
- ↑ У землях бруктэраў быў знойдзены адзін з легіённых значкоў (Тацит, Ганнаў., 1.60), другі — у землях марсаў (Тацит, 2.25), трэці — у землях магчыма хаўкаў (у большасці манускрыптаў Дыяна Касія фігуруе этнонім Maurousios, толькі ў адным: Kauchoi), калі гаворка не ідзе пра тых жа марсаў.
- ↑ Легіёны XVII, XVIII, XIX. Тацыт згадаў пра вяртанне арла XIX легіёна (Ан., 1.60), гібель XVIII легіёна пацвярджаецца эпітафіяй на помніку цэнтурыёну Марку Цэлію, які загінуў на Bello Variano (вайне Вара). Удзел XVII легіёна з'яўляецца верагоднай гіпотэзай, бо гэты нумар не зафіксаваны ў іншых месцах.
- ↑ Г. Дельбрюк, «История военного искусства», т.2, ч.1, гл.4
- ↑ Дыян Касій, 56.18—22
- ↑ Велей Патэркул, 2.120
- ↑ 27 тыс. загінулых рымскіх салдатаў паказаны напрыклад ў ЭСБЭ са спасылкай на працы гісторыкаў у 1880-х гадоў, гэту ацэнку паўтарае і ВСЭ.
- ↑ Тацыт, Ан., 12.27
- ↑ Флор, 2.30.39
- ↑ Дыян Касій, кн. 56
- ↑ Паэт Авідзій у апісанні трыумфу Тыберыя, якога сам не бачыў, а судзіў з лістоў сяброў, большую частку радкоў прысвячае сімвалу заваяванай Германіі («Tristia», IV.2).
- ↑ Велей Патэркул, 2.119
- ↑ Тацыт, Ан., 1.62
- ↑ Арміний быў забіты набліжанымі ў 21 годзе. Тацыт пакінуў пра яго наступны водгук: «Гэта быў, бясспрэчна, вызваліцель Германіі, які выступіў супраць рымскага народа не ў пару яго маленства, як іншыя цары і правадыры, але ў пару вышэйшага росквіту яго магутнасці, і хоць цярпеў часам паразы, але не быў пераможаны ў вайне.»(«Аналы», 2.88)
- ↑ Hermann — напэўна, так гучала на германскай мове імя Армінія, т.б. Арміній — лацінскае скажэнне імя Герман.
- ↑ Авідзій паведамляе, што рымляне дзесьці ў Германіі былі падманам заведзены ў засаду. Ён таксама згадаў пра жраца, які прыносіў палонных у ахвяру сваім багам: [1]
- ↑ Паводле адной з версій у Тэўтабургскі быў перайменаваны лес у раёне Дэтмольда, за 70 км ад Калкрызэ.
- ↑ Kalkriese, паблізу мястэчка Брамшэ ў Ніжняй Саксоніі
- ↑ Jona Lendering. Battle in the Teutoburg forest. Archaeological evidence Архівавана 7 мая 2012. : інфармацыя па археалагічных пошуках у Калкрызэ выкладзена па артыкуле J. Lendering з сайта Livius.org
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Войны Рима // История войн. — 1-е изд. — М.: Аванта+, 2007. — С. 108-109. — ISBN 978-5-98986-099-9.
- Дыян Касій. «Рымская гісторыя», 56.18—22
- Публій Карнелій Тацыт. «Аналы», кн. 1
- Луцый Аней Флор. «Эпітомы», 2.30
- Гай Велей Патэркул. «Рымская гісторыя», кн. 2
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме бітвы ў Тэўтабургскім лесе
- Дельбрюк Г. История военного искусства. т. 2, ч. 1 — даследаванне Г. Дэльбрука па бітве в Тэўтабургскім лесе, змяшчае таксама пераклады крыніц.
- Lendering J. The battle in the Teutoburg Forest Архівавана 5 студзеня 2017. — серыя артыкулаў на англ. з версіямі гісторыкаў і параўнаннем крыніц.
- http://www.kalkriese-varusschlacht.de/ — сайт музея на месцы бітвы