Валенцій Швыкоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Валенцій Швыкоўскі
HerbOgonczyk.ws.png
Герб «Агеньчык»
маршалак пружанскі
1854 — 1863
 
Дзейнасць: фалькларыст
Нараджэнне: каля 1817
Смерць: 3 сакавіка 1900(1900-03-03)
Варшава
Пахаванне:
Род: Швыкоўскія
Бацька: Пётр Швыкоўскі
Жонка: Гермінія Важынская
Дзеці: няма

Вале́нцій Пятро́віч Швыко́ўскі гербу «Агеньчык» (каля 1817 — 3 сакавіка 1900, Варшава) — маршалак пружанскі, удзельнік паўстання 1863 года, мецэнат.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька накіраваў Валенція разам з Люцыянам Крашэўскім ехаць за адукацыяй у Дэрпцкі ўніверсітэт (зараз горад Тарту, Эстонія), але правучыўшыся там каля года, Валенцій «ня вытрымаў разгул і нягоды студэнцкага жыцця і кінуў вучобу» (па ўспамінах Каятана Крашэўскага), але хутчэй за ўсё ў сям'і не ставала сродкаў для працягу навучання.

У 1841 ажаніўся з шляхцянкай Ашмянскага павета Гермініяй Парфір'еўнай Важынскай. Бацька яе, Парфірый Важынскі, быў адным з кіраўнікоў вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі. Шлюб быў бяздзетны.

Сядзіба Швыкоўскіх у Пружане. XIX стагоддзе

У 1843 па смерці бацькі Пятра Бернардавіча атрымаў ва ўласнасць пружанскі ключ; яго брат Міхаіл атрымаў новаўтвораны маёнтак Белавусаўшчына[1]. У 1854 Валенцій быў абраны маршалкам Пружанскага павета.

Ёсць звесткі пра тое, што Швыкоўскі падтрымаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, дапамагаючы ім лекамі, грашыма і зброяй (у 2003 годзе ў гарадскім парку Пружаны ля палацыку было знойдзена сховішча зброі тых часоў). Сам пружанскі маршалак не быў заўважаны ў баявых дзеяннях супраць царскіх войскаў. Тым не менш, яго сядзібу сканфіскавалі, а самому яму давялося шукаць прытулку ў Бельгіі, Францыі, Італіі.

Чатыры гады, з 1863 па 1867, правёў пружанскі маршалак у выгнанні. Увесь гэты час яго жонка Гермінія Парфір'еўна дабівалася праўды. Яна пісала да расійскага імператара Аляксандра II, і ў рэшце рэшт ён сваім асабістым загадам зняў арышт на маёмасць Швыкоўскіх і вярнуў усё, што належала ім да 1863 года. У 1867 Швыкоўскаму пашчасціла вярнуцца ў свой маёнтак, дзе ўвесь час жыла Гермінія. Пахаваўшы ў 1888 жонку, Валенцій яшчэ сем гадоў жыў у сядзібе, займаўся гаспадарчай дзейнасцю. У 1895 састарэлы памешчык прадаў маёнтак графу Уладзіміру Пятровічу Кляйнміхелю.

Апошні перыяд свайго жыцця В. Швыкоўскі бавіў час у Варшаве, дзе і памёр 3 сакавіка 1900 года, пражыўшы 83 гады. Пахаваны ён побач з жонкай на каталіцкіх могілках у Пружане. Магіла Швыкоўскіх збераглася да нашага часу.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Валенцій Швыкоўскі вызначаўся руплівай грамадскай і гаспадарчай дзейнасцю. Свой талент і веды пружанскі маршалак скіраваў на ўласную гаспадарку. Гэтымі справамі Валенцій займаўся сам, ужываючы перадавыя метады і тэхналогію, і дасягнуў значных поспехаў. Вось як вызначалі стан гаспадаркі В. Швыкоўскага ацэншчыкі з Віленскага аддзялення Дзяржаўнага банка, якія склалі ў 1895 г. апісанне маёнтка з нагоды пераходу яго да В. П. Кляйнміхеля: «За ўсе 52 гады (валодання маёнткам В. Швыкоўскім. — У. П.)… утрымлівалася ў дастатковай колькасці жывёла і ўсе ворныя землі, а асабліва тыя, якія ляжаць пры галоўнай сядзібе, настолькі палепшыліся, што ў дадзены момант рэзка адрозніваюцца ад усіх суседніх».

За гады свайго знаходжання ў маёнтку В. Швыкоўскі правёў тут вялікія пераўтварэнні: рэканструяваў тэрыторыю сядзібы, узвёў «палацык», бровар, цагельню, шмат іншых жылых і гаспадарчых пабудоў. У вёсцы Дабучын існавала створаная ўладальнікам школа для навучання сялянскіх дзетак.

Пра ўзровень адукаванасці і культурныя інтарэсы мужа і жонкі Швыкоўскіх сведчыць спіс кнігазбору, які размяшчаўся ў «палацыку», у кабінеце Валенція. Гэты спіс маецца ў інвентарным вопісе рухомай і нерухомай маёмасці пружанскага маршалка, складзеным у 1864—1866 гг. з нагоды канфіскацыі маёнтку. Кнігазбор налічваў 1407 адзінак розных найменняў на польскай, расійскай, нямецкай і французскай мовах.

Гаспадары «палацыку» былі вядомы сваёй гасціннасцю. Іх дом наведвалі славуты Ю. Крашэўскі і мастак Н. Орда. Тут бываў нястомны даследчык этнаграфіі і фальклору Беларусі Міхал Федароўскі. У адным з нумароў часопісу «Ziemia» за 1911 г. ён надрукаваў краязнаўчы артыкул «Пружана і яе ваколіцы», дзе ёсць нямала пахвальных словаў пра Швыкоўскіх і іхнюю сядзібу. Валенцій названы там «сапраўдным увасабленнем нашай культуры».

У часы свайго маршалкоўства В. Швыкоўскі прыклаў шмат намаганняў да паскарэння культурнага развіцця Пружаны і паляпшэння дабрабыту жыхароў края: арганізацыі ў горадзе грамадскай бібліятэкі, коннай пошты і правядзення праз Пружану паштовага тракту. Трэба адзначыць яго чынны ўдзел у будаўніцтве новага каталіцкага храма ў горадзе. Праект быў складзены выдатным архітэктарам Г. Марконі, да якога звярнуўся, відаць, сам маршалак. Месца было выбрана каля старога драўлянага касцёла. Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1857 г., але з-за недахопу сродкаў неўзабаве замарудзілася. Дзеля пакрыцця выдаткаў В. Швыкоўскім ладзіліся ў горадзе тэатральныя пастаноўкі, музычныя вечарыны, пашыраліся латарэі, прыбытак ад якіх ішоў на пабудову храма. Да гэтага мерапрыемства далучылі і Я. Крашэўскага. У маі — чэрвені 1861 у лісце да пісьменніка Швыкоўскі прасіў таго скласці рэкамендацыю і запрасіць якога-небудзь «будаўнічага» кіраўніка работ па ўзвядзенні касцёла.

Але ўсё змянілася пасля падзей 1863 г. няскончаны храм аддалі ў праваслаўнае ведамства, якое дабудавала яго. А новага касцёла ў Пружане каталікі ўсё ж дачакаліся, дзякуючы няспынным намаганням таго ж В. Швыкоўскага, які выступаў даверанай асобай вернікаў горада. У 1877 г. гарадзенскі губернатар даў згоду на пабудову храма. Праект быў зацверджаны напрыканцы 1878 г. У 1884 г. касцёл асвяцілі. Ен размяшчаўся на той самай вуліцы, дзе стаяў праваслаўны храм, але на поўнач ад цэнтру.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Валенцій Швыкоўскі. Музей-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 18 лістапада 2011.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]