Вольга Грыцук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вольга Грыцук
Род дзейнасці грамадская дзяячка
Дата нараджэння 29 кастрычніка 1923(1923-10-29)
Месца нараджэння
Дата смерці 22 красавіка 2019(2019-04-22) (95 гадоў)
Месца смерці
Бацька Васіль Дуброўскі
Маці Параскева з дому Барылкаў
Жонка Аляксей Грыцук
Месца працы
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Вольга Грыцук (дзяв. Дуброўская; 29 кастрычніка 1923 — 22 красавіка 2019) — грамадская дзяячка беларускай дыяспары ў Канадзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 29 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Кадушкі Дзісенскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы ў сям’і Васіля Дуброўскага. Бацькі Васіль і Параскева былі граматныя, бацька працаваў бухгалтарам. Сям’я жыла ў Дзісне. Акрамя Вольгі ў сям’і было 5 дзяцей. У 6 гадоў пайшла ў польскую школу. У 12 гадоў належала да вучнёўскага царкоўнага хору.

Другая сусветная вайна і пасляваенныя годы[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Другой сусветнай вайны 9 сакавіка 1941 года ад паралічу памёр бацька. Перад самым прыходам немцаў уся сям’я апынулася ў спісе тых, хто падлягаў дэпартацыі. Даведаўшыся пра гэта, сям’я выехала з роднай Дзісны і перахоўвалася непадалёк у вёсцы Горкі. Пасля адыходу бальшавікоў Вольга з сям’ёй павярнулася ў свой дом у Дзісне, дзе ўжо быў штаб немцаў. У 1943 годзе пачала працаваць у сакратарыяце Дзісненскай гарадской управы, дзе ўжо было шмат беларускай моладзі. У 1944 годзе згарэў дом разам з паловай вуліцы.

Сям’я пакінула руіны згарэлага ад бамбёжак дома і вырушыла на Захад, па дарозе палова сям’і разлучылася праз бамбёжкі цягніка. Прыехаўшы да нямецкага Радэнсбурга Вольга працавала на фабрыцы. Пасля капітуляцыі Германіі ў 1945 годзе сям’я пераехала ў Аўстрыю. У Аўстрыі Вольга пазнаёмілася з будучым мужам Аляксеем Грыцуком, у чэрвені 1946 года з ім заручылася. Працавала ў UNRRA. Праз Чырвоны Крыж знайшліся брат і сястра, якія жылі ў Польшчы, таму сям’я вырашыла ехаць туды. Аляксей Грыцук у гэты час эміграваў у Канаду. Вольга працавала ў банку. Праз сталую перапіску з Аляксеем Грыцуком Вольга знаходзілася пад кантролем спецслужбаў. Захварэла на туберкулёз, але адужала дзякуючы прысланым лекам ад будучага мужа.

Эміграцыя ў Канаду[правіць | правіць зыходнік]

З вялікімі перашкодамі Вользе Грыцук удалося пераехаць у Канаду да Аляксея Грыцука. 1 лютага 1958 года яны пажаніліся, 8 студзеня 1959 года ў іх нарадзілася дачка Юльяна. Натхнёная сваім мужам, стала актыўнай дзяячкай беларускага руху.

У 1965 годзе была адной з арганізатараў Згуртавання беларускіх жанчын Канады (ЗБЖ). У 1970 годзе пазнаёмілася і пачала сябраваць з будучай старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, калі разам з мужам прыязджала ў Атаву каб спаткаць яе сям’ю пасля іх пераезду ў Канаду.

У 1975 годзе абрана старшынёй ЗБЖ і ўзначальвала Згуртаванне да 1993 года. У 1976 годзе памёр муж. Дапамагала хворым беларускім дзецям пасля Чарнобыльскай катастрофы: у рамках Канадскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, яна з дачкой Юльянкай была адной з беларускіх сем’яў, якія ўзялі да сябе дзяўчынку на аздараўленне і адпачынак.

Вольга Грыцук напісала ўспаміны «Мы стваралі сваю Беларусь: Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука», выдадзеныя ў Мінску ў 2007 годзе.

У апошні час жыцця не брала актыўны ўдзел y жыцці беларускай грамады Канады праз стан здароўя, але цікавілася ўсім беларускім і ахвяроўвала частку сваёй пенсіі на падтрымку беларушчыны. Дапамагала Сяргею Чыгрыну ў выданні кніг. 6 красавіка 2019 года была ўзнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Івонка Сурвіла падчас уручэння ў Атаве Юбілейных Медалёў сярод іншага прадставіла Вольгу Грыцук так: «Медаль да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі нададзены спадарыні Вользе Грыцук у знак прызнання пажыццёвых заслугаў для ажыццяўлення ідэалаў 25-га Сакавіка».

Памерла 22 кастрычніка 2019 года. З прычыны смерці Вольгі Грыцук Івонка Сурвіла, Сяргей Чыгрын, Сяргей Панізнік і іншыя надрукавалі некралогі[1].

Зноскі

  1. Радыё Рацыя. Вольга Грыцук: слова на развітанне(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2020. Праверана 5 ліпеня 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Грыцук Вольга. Мы стваралі сваю Беларусь: жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука. Мінск: Медысонт, 2007. — 256 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 13.).