Беларусы Канады

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Беларуская царква ў Таронта

Беларусы Канады (англ.: Belarusians in Canada) — гэта грамадзяне Канады або асобы, якія пражываюць у Канадзе, беларускага паходжання.

Колькасць і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле перапісу насельніцтва 2011 года налічвалася 15 565 канадцаў, якія сцвярджалі сваё беларускае паходжанне[1]. Паводле перапісу 2016 такіх асобаў налічавлася 20 710[2].

Рэгіёны са значнай колькасцю: Антарыа і Квебек.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў Канаду ў канцы ХІХ — пач. ХХ ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыа, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брытанская Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі.

Канадская статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рускіх, польскіх і ўкраінскіх нацыянальных арганізацый. У 1911 беларусы складалі значную частку рускіх таварыстваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта заснавана парафія Рускай праваслаўнай царквы, Рускі прафесійны клуб. У польскіх асяродках яны таксама хутка асіміляваліся.

У 1918—39 у Канаду перасяляліся пераважна выхадцы з Заходняй Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток беларускіх эмігрантаў зменшыўся з-за сусветнага эканамічнага крызісу.

Культурна-мастація гурткі беларускіх вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Заходняй Беларусі заснавалі Федэрацыю рускіх канадцаў, уваходзілі ў Рускі рабочы клуб імя М. Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рускай мове «Вестник» і газета «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары).

Пасля Другой сусветнай вайны ў Канадзе апынуліся каля 60 тыс. беларусаў, сярод іх ветэраны Другога корпуса арміі Андэрса. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваенная беларуская эміграцыя вылучалася нацыянальнай свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у Канаду прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найболш кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу.

Грамадскую, навуковую і культурна-асветную работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК)[3], Беларускае нацыянальнае аб'яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 называлася Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Беларускі нацыянальны камітэт у Вініпегу (1950—80), сектар рады Беларускай Народнай Рэспублікі (з пач. 1950-х), Беларускі вызвольны фронт (1957—70-я), Беларуская каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х), Беларуская самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я), Згуртаванне беларускай моладзі Канады (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз беларускай моладэі Канады (1970—78), Канадскае таварыства «Беларусь» (з 1988), Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля, Беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтр у Таронта (з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969).

Беларусы Канады[4] адзначаюць нацыянальныя святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіцыйна абвяшчаюць 25 сакавіка беларускім днём), Дзень герояў Беларусі, гістарычныя падзеі, юбілеі дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнацыянальных мерапрыемствах, традыцыйных фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т.л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім народным фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я) і ў Бэры (э 1990). Саюз беларускай моладзі Канады, ККБК, Згуртаванне беларускіх жанчын удзельнічалі ў арганізацыі беларускага павільёна «Менск» (Таронта).

На выставах у Канадзе свае творы прадстаўлялі беларускія мастакі Г. Русак, І. Сурвіла, П. Мірановіч, В. Жаўняровіч, А. Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім універсітэце (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы беларускага народнага мастацтва. Беларускае самадзейнае мастацтва на розных культурных імпрэзах прадстаўлялі гурток беларускай народнай песні і танца ў Вініпегу (1951), злучаны беларуска-ўкраінскі мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль народнай песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танцавальныя гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). 3 дапамогай беларусаў створаны беларускія літаратурныя фонды публічных бібліятэк у Таронта і Вініпегу, беларускія аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нацыянальным этнаграфічным музеі.

3 1952 беларусы Канады ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі. У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Беларускі мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін.

Творы беларускіх пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі камітэт пры ККБК, Фонд беларускіх падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з беларускага жыцця. Беларуская перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газеце «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (э 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952).

Беларускія радыёперадачы пачыналіся з невялікіх выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нацыянальныя святы перадае канцэрты беларускіх песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х гадоў працавала беларуская радыёстанцыя ў Оўквілі.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Statistics Canada 2011 National Household Survey: Data tables. Праверана 11 лютага 2014.
  2. Statistics Canada 2016 Census Profile, 2016 Census. Праверана 18 лютага 2020.
  3. https://www.belarusian.ca
  4. https://www.belarusian.ca/be/belarusians-in-canada/

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]