Андрас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Андрас)
Андрас
англ. Andros
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча5 957 км²
Насельніцтва7 386 чал.
Шчыльнасць насельніцтва1,24 чал./км²
Размяшчэнне
24°40′ пн. ш. 77°55′ з. д.HGЯO
АрхіпелагБагамскія Астравы
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Андрас (Багамскія Астравы)
Андрас
Андрас
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́ндрас (англ.: Andros) — найбуйнейшы востраў у складзе Багамаў. Плошча — 5 957 км². Насельніцтва — 7 386 чал. (2010 г.)

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Адна з Блакітных Дзірак у форме шырокага калодзежа

Востраў Андрас фактычна ўяўляе сабою не адзіны кавалак сушы, а цэлы архіпелаг з астравоў, якія маюць адзінае заснаванне. Знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Атлантычнага акіяна ў 46 км на захад ад Насау, сталіцы Багамскіх Астравоў і ў 207 км на паўднёвы ўсход ад Фларыды. Андрас з’яўляецца вяршыняй так званай Багамскай банкі — вялізарнай падводнай вапняковай платформы, якая пачала фарміравацца каля 900 тысяч гадоў таму і сягае ўглыб да 4500 м. Ён падзяляецца на мноства астраўкоў і рыфаў, адасобленых пралівамі і лагунамі. Вылучаюць 3 асноўныя астравы — Паўночны Андрас, Манграўс-Кі і Паўднёвы Андрас, але і яны з’яўляюцца адзінымі астравамі толькі ўмоўна.

Андрас даволі нізкі. Часткі сушы затапляюцца падчас прыліваў акіянам, на гэтых месцах утвараюцца балоты з мангравымі зараснікамі. Глебы кіпрыя, выдатна ўсмоктваюць вільгаць. У выніку эрозіі ў вапняковым фундаменце ўтвараюцца пустэчы ў выглядзе карставых пячор, а на паверхні — вострыя скальныя масівы. Прэсная вада запасіцца пераважна ў падземных пустэчах і здабываецца не толькі для забеспячэння жыхароў Андраса, але і суседняга Насау. Паколькі ў мінулым суша была вышэй за ўзровень акіяна, але потым апынулася ніжэй яго, маецца разгалінаваная сістэма падводных пячор і калодзежаў, яе называюць Блакітнымі Дзірамі (англ.: Blue Holes).

Клімат субтрапічны пасатны. Улетку сярэдняя тэмпература трымаецца на ўзроўні +27° C, але ў іншыя сезоны можа рэзка паніжацца. Андрас знаходзіцца ў зоне частых трапічных ураганаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Да з’яўлення індзейцаў-лукая на Андрасе існаваў багаты раслінны і жывёльны свет, у тым ліку кракадзілы і прадстаўнікі мегафаўны. Яны былі знішчаны да прыходу еўрапейцаў. Пасля каланізацыі Андраса значна пацярпелі лясы паўночнай часткі. Былі ўвезены новыя расліны і жывёлы, якія хутка размножыліся. Але ўвогуле дзякуючы нізкай шчыльнасці насельніцтва прырода Андраса была зменена меней, чым на іншых Багамскіх астравах. Для яе характэрна значная экалагічная разнастайнасць. Вылучаюць зоны мангравых балот, зараснікаў ксерафітных хмызнякоў і хваёвых лясоў, лісцяных гаёў, камяністых і пясчаных пляжаў. Андрас славуты сваімі кветкамі, асабліва архідэямі.

Жывёльны свет сушы прадстаўлены шматлікімі птушкамі, яшчаркамі, казуркамі. На марскім узбярэжжы сустракаюцца чарапахі. Каралавыя рыфы каля Андраса маюць шмат рэдкіх відаў марскіх жывёл. Воды каля Андраса насяляюць акулы, скаты, кіты і дэльфіны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу еўрапейцаў Андрас насялялі індзейцы-лукая, знішчаныя іспанцамі. Адкрыты іспанскімі мараплаўцамі ў 1550 г. і першапачаткова названы Эспірыту-Санта (лац.: Espiritu Santo, літаральна «Святы Дух»). На карце 1782 г. мае назву Сан-Андрэас (ісп.: San-Andreas) у гонар Святога Андрэя. Аднак існуюць версіі аб паходжанні назвы Андрас ад імя англійскага каланіяльнага губернатара Эдмунда Адраса або назвы невялікага вострава Сент-Эндру ля ўзбярэжжа сучаснага Нікарагуа (гл. Астравы Маіс), адкуль у 1787 г. перасялілася 1400 брытанскіх каланістаў. Да гэтай падзеі востраў Андрас часова наведвалі піраты.

Каланісты займаліся пераважна вырошчванне бавоўніка і вытворчасцю каляровых тканін. Для працы на баваўняных плантацыях увозілі неграў-рабоў з Афрыкі. Іх нашчадкі складаюць большасць сучасных астравіцян. У 1834 г. рабства было адменена. Акрамя таго, у XIX ст. на востраў перасяляліся выхадцы з ЗША і індзейцы-семінолы з Фларыды.

З 1973 г. востраў Андрас уваходзіць у склад незалежнай дзяржавы Багамскія Астравы.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйна падзелены на раёны Паўночны Андрас, Цэнтральны Андрас, Паўднёвы Андрас.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]