Перайсці да зместу

Вуліца Сезам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вуліца Сезам — міжнародная дзіцячая адукацыйная тэлепраграма.

У 1966 годзе тагачасны прэзідэнт «Фонду Карнэгі» Лойд Морысэт (англ.: Lloyd Morrisett) наняў журналістку і тэлепрадзюсарку Джоан Ганц Куні (Joan Ganz Cooney) для дапамогі ў стварэнні адукацыйнай праграмы, якая магла быць дасяжнай шырэйшай аўдыторыі, асабліва дзецям з бедных сем’яў. Куні прапанавала стварыць фонд і дзіцячую перадачу, якая б у гульнявой форме вучыла малых алфавіту, лічбам і асновам жыццёвых паводзін. З таго часу дзеці большай часткі Зямлі, якія размаўляюць на дзясятках моў, вучацца разам з жыхарамі Вуліцы Сезам.

Тэлекампанія Сезам

[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаўшы васьмімільённы грант ад Фонда Карнэгі і дадаўшы да яго грошы вылучаныя на праект прамыслоўцам і філантропам Ральфам Роджэрсам (Ralph Rogers), іншымі фундатарамі і амерыканскім урадам, Куні стварае «Дзіцячую тэлекампанію» (Children’s Television Workshop) — CTV, пазней перайменаваную на «Тэлекампанію Сезам» (Sesame Workshop).

Улетку 1968 года пачынаецца праца, Куні наймае каманду прадзюсараў, арганізуе шэраг невялікіх вучэбных семінараў для стваральнікаў дзіцячых тэлепраграм. На адным з семінараў Куні знаёміцца з лялечнікам Джымам Гэнсанам і запрашае яго далучыцца да праекта, а Гэнсан рэкрутуе створаную ім каманду лялечнікаў.

Запрасіўшы ў сваю каманду шэраг акцёраў, сцэнарыстаў і аніматараў, Куні стварае арыгінальны фармат праграмы -- у аснове кожнага эпізода адзін дзень з жыцця вуліцы, дзе разам жывуць людзі (дзеці і дарослыя) і лялькі-мапэты, сярод аповеда ўстаўляюцца рэпартажы з жыцця лялек, дакументальныя сюжэты пра сучасных дзецях і кароткія анімацыйныя фільмы падчас якіх гледачы вучацца алфавіту і лічбам.

Спачатку праграма была разлічана выключна на амерыканскую публіку, але з часам праектам зацікавіліся і іншыя краіны, для іх камандай Гэнсана створаны арыгінальныя лялькі.

Жыхары вуліцы

[правіць | правіць зыходнік]

Цягам існавання праекта на вуліцы Сезам змянілася безліч жыхароў, як людзей так і мапэтаў, але ёсць шэраг герояў, якія трапляюцца часцей за ўсё:

  • Элма (Elmo; сённяшні выканаўца Кэвін Клэш) — упершыню на вуліцы Сэзам аб’явіўся ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Элма — трох з паловай гадовы пухмяны мапэт чырвонага колеру з памаранчавым носам, пра сябе кажа выключна ад трэцяй асобы. Яго ўлюбёнай цацкай ёсць памаранчавая лялька Дэвід. Жыве разам з бацькамі і ў некаторых эпізодах з сястрой Дэйзі. Таксама мае свой уласны поўнаметражны фільм «Сусвет Элмы».
  • Вялікая птушка (Big Bird; сённяшні выканаўца Мэт Фогель) — на вуліцы Сезам з самага пачатку яе існавання, адзіная сярод асноўных персанажаў роставая лялька. Некаторы час была асноўным мапэтам на вуліцы. Гэта вялізная жоўтая канарэйка. Цалкам таленавітая, але нязграбная істота, якая, напрыклад, спрабавала вымавіць алфавіт як адно вялікае слова. Акрамя непасрэднага ўдзелу ў перадачы, першай атрымала ўласны поўнаметражны фільм, аб’яўляецца як гасцявая зорка ў шматлікіх тэлевізійных шоў і поўнаметражным фільме «Мапэт-стужка», таксама аб’яўляецца ў шматлікіх анімацыйных фільмах прысвечаных «Вуліцы Сезам».
  • Печыўны пачвара (Cookie Monster; сённяшні выканаўца Дэвід Рудман) — на вуліцы Сезам жыве ад самага пачатку. Быў створаны Гэнсанам яшчэ ў 1966 годзе, як адзін з герояў скетча «Кола, Карона ды Флейта» (Wheels, Crowns and Flutes), але для ўдзелу ў «Вуліцы Сэзам» значна перапрацаваны. Ненажэрная істота з блакітнай поўсцю, заўзяты аматар печыва, але з аднолькавым задавальненьнем спажывае яблыкі, пірагі ды іншыя рэчы, як прыстасаваныя так і не прыстасаваныя дзеля ежы. Мае глыбокі голас і характэрны гук падчас пажэры: «АХУМ-НУМ-НУМ-НУМ»
  • Гровэр (Grover; сённяшні выканаўца Эрык Джэкабсан) — на вуліцы Сэзам жыве з 1970 году. Прататып Гровэра з'явіўся на свет яшчэ ў 1966 годзе, як сярэдняя галава трохгаловае пачвары ў Гэнсанаўскім скетчы «Рок-н-Рольная пачвара» (The Rock and Roll Monster) дзеля «Шоў Эда Салівана» (The Ed Sullivan Show), а пасля перапрацаваны дзеля ўдзелу ў «Вуліцы Сэзам». Гровэр — блакітная істота з ружовым носам і чырвонымі вуснамі, сам сябе ён кліча «любай, пухмянай маленькай пачварай». Бярэцца за любую справу.
  • Буркач Оскар (Oscar the Grouch; ад пачатку і да сёння выконваецца Каралем Спіні) — жыве ў сметніку паміж гняздом Вялікай птушкі і вуліцай Сэзам. Першапачаткова быў памаранчавага колеру, але з цягам часу яго вырашылі зрабіць зялёным (а часцей брудна-зялёнага колеру). Больш за ўсё ў свеце любіць смецце і буркатаць.
  • Эрні (Ernie; сённяшні выканаўца Стыў Вітмайр) — на вуліцы Сезам жыве з самага пачатку яе існавання. Герой усемагчымых скетчаў сам насам і са сваім найлепшым сябрам Бэртам. Любіць прымаць ванну са сваім улюбёным гумовым качанём, спрабуе навучыцца граць на саксафоне. Разнастайным чынам «дапамагае» свайму сябру Бэрту заснуць, дзеля гэтага можа граць на барабанах, ці лічыць для Бэрта авечак.
  • Бэрт (Bert; сённяшні выканаўца Эрык Джэкабсан) — на вуліцы Сезам жыве з самага пачатку яе існавання. Сябра і сусед па пакоі Эрні. Найлепшым сябрам Бэрта, акрамя яго суседа Эрні, ёсць галубіха Беатрыс. Вельмі рэдка аб’яўляецца на экране без Эрні з якім уяўляе сваеасаблівы камічны дуэт. Больш таго яны адны з нешматлікіх мапэтаў, якія ўдзельнічалі яшчэ ў пілотным выпуску «Вуліцы Сезам».
  • Граф Пытальнік (Count von Count; ад першага з’яўлення ў 1972 годзе і да сённяшняга часу выконваецца Джэры Нэльсанам) — вампір, сваім выглядам парадуе актора Бэлу Лугошы ў ролі Графа Дракулы. Герой скетчаў пад час якіх лічыць усё што заўгодна, нават сцвярджае, што можа палічыць сябе самога. Калі Граф завяршае падлік, ён аб’яўляе агульную колькасць падлічанага і жахліва смяецца пад акампанімент грымот і маланак.
  • Гэры Пачвара (Herry Monster; ад першага з’яўлення ў 1970 годзе і да сённяшняга часу выконваецца Джэры Нэльсанам) — уяўляе сабой блакітую лахманную істоту з фіялетавым носам. Адзін з удзельнікаў Трупы Пачвар з Вуліцы Сезам, амаль не карыстаецца сваімі пачварнымі магчымасцямі. Жыве на вуліцы Сэзам разам з бацькамі, бабуляй і сястрой Гэрыетай. Акрамя «Вуліцы Сэзам» бярэ ўдзел у іншых Мапэт-праектах.
  • Кэрміт (Kermit the Frog; самая старая з лялек Гэнсана, якой ён кіраваў уласнаручна ажно да самае сваёй смерці ў 1990 годзе, сённяшнім выканаўцам з’яўляецца Стыў Вітмайр) — на вуліцы Сезам, амаль з самага пачатку яе існавання. У 1971 годзе, атрымаў уласнае міні-шоў «Экстранныя навіны з вуліцы Сезам» (Sesame Street News Flash), дзе выступае як рэпарцёр. Самы запатрабаваны з мапэтаў, удзельнічае амаль ва ўсіх праектах Кампаніі Джыма Гэнсана, пачынаючы з 1955 году да сённяшняга часу. Своеасаблівы талісман Гэнсана і можна сказаць галоўны мапэт.

Паўнаметражныя фільмы

[правіць | правіць зыходнік]

Некаторы час свайго існавання, героі «Вуліцы Сэзам» не выходзілі па-за межы свайго праекту, абмяжоўваючыся спецыяльнымі выпускамі, прысвечанымі розным нагодам.

Становішча змянілася напрыканцы 1970-х гадоў, калі Гэнсан ужо пачаўшы актыўна здымаць сваіх дарослых мапэтаў у поўнаметражных фільмах запрашае адну з асноўных і найстарэйшых постацяў з «Вуліцы Сезам» — Вялікую птушку ў якасці гасцявога персанажа ў свой «Мапэт-фільм», у 1981 годзе шэраг персанажаў гасцюе ў Гэнсана ў адным з эпізодаў яго «Мапэт-шоў» і ў тым жа 1981 годзе Оскар Буркач бярэ ўдзел у «Вялікім Мапэт-бязглуздзі». Нарэшце Джоан Ганц Куні прымае рашэнне аб неабходнасці стварэння ўласнага паўнаметражнага фільму.

У 1985 годзе на экраны выходзіць створаны супольна з «Ворнэр Бразэрз» фільм «Вуліца Семам прэзентуе: бяжыце за птушкай» (Sesame Street presents Follow That Bird) галоўнай постаццю якога абрана Вялікая птушка. У фільме ідзе гаворка аб тым, як дзякуючы намаганням «Таварыства ахоўнікаў жывёл» Вялікая птушка была вымушана пакінуць свае гняздо на вуліцы Сезам, каб перабрацца ў штат Ілінойс да сям’і додо, каб аб’яднацца са сваякамі, але хутка засмуткавала па родным гняздзе і сябрах з вуліцы Сезам і вырашыла адправіцца дамоў у Нью-Ёрк пешкі, але па дарозе была выкрадзена бандаю злачынцаў. На дапамогу ёй адпраўляецца кампанія яе сяброў з вуліцы Сезам.

Праз чатырнаццаць гадоў стваральнікі «Вуліцы Сезам» з «Тэлекампаніі Сезам» і «Джым Гэнсан Пікчэрз» вырашаюць зняць чарговы поўнаметражны фільм. У супольнікі абіраецца «Каламбія Пікчэрз», а галоўнай постаццю абіраецца малы Элма. У 1999 годзе на экраны выходзяць «Прыгоды Элмы ў Брудляндыі» (The Adventures of Elmo in Grouchland).

У аснове сюжэта ляжыць вольная інтэрпрытацыя кэралаўскае Алісы. Маленькі Элма вырашыўшы палятаць па-над вуліцай Сэзам як парашут, ён выкарыстоўвае сваю ўлюбёную коўдру з якой ніколі не развітваецца і якой не дае карыстацца анікому, але падчас прызямлення коўдра выпадкова трапляе ў сметнік Оскара. Спрабуючы вярнуць сваю маёмасць Элма лезе ў сметнік і трапляе ў чароўную краіну Брудляндыю. Стаміўшыся чакаць пакуль Элма выйдзе вонкі яго сябры таксама лезуць у сметнік.

Акрамя таго ёсць шэраг анімацыйных і лялечных фільмаў героямі якіх выступаюць персанажы з вуліцы Сезам, а таксама колькі фільмаў знятых нацыянальнымі філіямі шоў.

Іншыя праекты

[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя ўласна шоў, поўнаметражных лялечных і анімацыйных фільмаў пад маркаю «Вуліца Сезам» выходзіць шэраг камерцыйнае прадукцыі — усемагчымыя цацкі, камп’ютарныя гульні, адукацыйныя фільмы і праграмы з дапамогаю якіх фінансуюцца здымкі самага шоў.