Вязань
Вёска
Вязань
| ||||||||||||||||||||||
Вя́зань (ж.р.; трансліт.: Viazań, руск.: Вязань), таксама сустракаецца м.р. (за Вя́занем)[1] — вёска ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Фаніпальскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З-за гістарычнай назвы (Вязынь — Wiazyń) цяперашні Вязань часта блытаюць з Вязынем (Вілейскі р-н)[2].
На думку В. Насевіча, Вязынь у XIV ст. быў уладаннем кн. Андрэя Вязынскага (1365—1410), старэйшага сына кн. Івана Гальшанскага[3]. Ю. Вольф у свой час прапаноўваў шукаць Вязынь кн. Андрэя недзе ў родавых уладаннях Гальшанскіх[4]. Магчыма, Вязынь кн. Андрэй атрымаў ад вял.кн. Вітаўта, але пэўных звестак няма. Князь Андрэй вядомы бадай трыма дочкамі, сярэдняя з іх — Соф'я, была жонкай караля Уладзіслава Ягайлы. Сыноў у кн. Андрэя не было, таму далейшы лёс яго Вязыня не прасочваецца.[3]
У XV ст. Вязынь быў уладаннем Кучукаў, потым як спадчына жонкі перайшоў Станіславу Кішку[3]. Дачка Станіслава і Кучукаўны — Барбара, выйшла замуж за Юрыя Радзівіла, праз гэты шлюб Вязынь як кучукаўская спадчына перайшоў да Радзівілаў[3]. З сярэдзіны XVI ст. Вязынь — цэнтр маёнтка ў Койданаўскім графстве Радзівілаў. Пры раздзеле спадчыны сына Юрыя — Мікалая Рудога, у 1584 годзе паміж яго сынамі, Вязынь разам з Койданавым увайшоў у долю Крыштафа Пяруна[3]. Вязынскі маёнтак Крыштафа згадваецца ў менскіх судовых справах за 1600 год[2].
У 1652 годзе вялікі канюшы літоўскі Багуслаў Радзівіл аддаў Вязынь у заставу Базылю і Яну Кастравіцкім і Самуэлю Філіповічу, пазычыўшы ў іх 70000 талераў. Потым Вязынь пераходзіць у заставу ад аднаго з пасэсараў — Самуэля Філіповіча, да Рэгіны з Кастравіцкіх Валадковічавай, земскай пісаравай менскай. Ад Рэгіны Валадковічавай маёнтак быў перададзены ў застаўнае валоданне да Андрэя Казіміра Герждовіча і яго жонкі Ганны з Бесманаў[2]
У час вайны 1654—1667 гадоў казакі І. Залатарэнкі ў ліпені 1655 года спалілі і разрабавалі Койданава і наваколлі. У гэтых умовах муж Рэгіны, земскі пісар менскі Крыштаф Валадковіч, прысягнуў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. Цар загадваў свайму ваяводзе Арсеньеву, каб ў Менскім павеце ўсе маёнткі Радзівілаўскія і тыя, чые ўладальнікі не прысягнулі яму, забіраў на царскае імя. Арсеньеў паведамляў пра выкананне загаду і пра пасылку капітана Цімафея Жамчужнікава збіраць хлеб па Менскім павеце, але з-за казацкага рабавання ніякага хлеба ў сялян не было. З-за голаду адбываюцца масавыя рабункі маёнткаў у ваколіцах Койданава. Сам цар Аляксей Міхайлавіч ў верасні 1656 года праязджаў праз Грытчына, Вязынь і Койданава падчас інспекцыі захопленых тэрыторый.[2]
Спадчынніца па Багуславе Радзівіле — пфальцграфіня рэйнская Людавіка Караліна Радзівіл, у 1691 годзе пацвярджае застаўное права Рэгіне Валадковічавай. Радзівілаўскую пазыку 70000 талераў атрымаў толькі ў 1738 годзе нашчадак Самуэля Філіповіча — Фларыян, гараднічы віленскі. Неўзабаве Фларыян Філіповіч перадаў застаўное права на Вязынь Уладзіславу Тадэвушу Ваньковічу, земскаму войскаму менскаму. Напэўна, іх звязвала сваяцтва, жонкай Уладзіслава была Тэрэза з Філіповічаў. Ваньковічы трымалі ў заставе Вязынь у 1738—1780 гадах.[2]
У 1780 годзе Караль Радзівіл Пане Каханку напэўна выкупіў застаўное права на маёнтак Вязынь ад Ваньковічаў і аддаў на тры гады за 656000 польскіх злотых сваёй сястры — Вераніцы Іаане Радзівіл, жонцы з 1772 года Францішака Станіслава Гутэн-Чапскага, ваяводы хэлмінскага. Вераніка з Радзівілаў Чапская трымала Вязынь у заставе ў 1780—1789 гадах. У 1789 годзе Вязынь пераходзіць у заставу да Антонія Пятровіча Багдашэўскага, ротмістра мазырскага.[2]
Вязынь быў цэнтрам вялікага маёнтка, куды ўваходзілі навакольныя вёскі і фальваркі. Пасэсары XVIII ст. напэўна не дужа дбалі пра аднаўленне пабудоў і ўкладанне сродкаў на падтрыманне гаспадаркі. У 1807 годзе было зроблена «Апісанне забудаванняў маёнтка Вязынь і да яго належных фальваркаў», яно сведчыць, што ў Вязыні жылыя і гаспадарчыя будынкі, нават дом эканома, згнілі і патрабуюць рамонту. Аднак былі ўжо і новыя пуня, вазоўня, абора, гумно і піўны бровар, напэўна, пабудаваныя ўжо Багдашэўскім. Названы вязынскі бровар да сярэдзіны ХІХ ст. стане знакамітым брэндам Койданаўскага графства. Паводле перапісу маёмасці за 1808 год да Вязыня належалі Czeczyn Loh (цяперашні Фаніпаль), Szpilkі, Mazury, Janowicze, Ostrowice, Siedliszcza, Lisowsczyna, Paulucie, Hrychyna, Plewaki, Zastarzynce, Ostrowek, Zmaki, Besmanowka, Rubilki, Suchodol, Sokolsczyzna, Zdanowicze, Ploske, Sudniki, Wiesoly Uhol, Luzok, Lukoszyn, Szabuniowsczyzna, Szatanowscz, Harbuzy, Skorobohate. Антонію Багдашэўскаму належала 430 «душ» абодвух полаў.[2]
У вайну 1812 года ўладальнік Вязыня -- Дамінік Геранім Радзівіл, быў на баку французаў, а пасэсар—Антоній Багдашэўскі, прынамсі, вітаў іх прыход. Дамінік Радзівіл з 1811 года ў чыне палкоўніка ўзначальваў 8-ы уланскі полк французскай арміі, які экіпіраваў на ўласны кошт. Пасля паражэння Напалеона у рускай кампаніі, Дамінік Радзівіл з французскай арміяй пакінуў межы Расійскай імперыі і загінуў у бітве пры Ганаў (30.10.1813). Многія маёнткі Радзівілаў былі секвестраваны і раздадзены розным асобам. Напрыклад, Койданава з наваколлем атрымаў князь Вітгенштэйн. Вязынь заставаўся ў пракуратарскай маёмасці дачкі Дамініка -- Стэфаніі Радзівіл (1809-1832).[2]
У 1820 годзе рэчыцкі ротмістр Антоній Багдашэўскі купіў з фундуша Стэфаніі Радзівіл маёнтак Вязынь з засценкамі Pawełków, Bereża, Czeczyn, Lisowszczyzna, Komarowszczyzna, Pawlucie i Czeremsk. Канечна Вязынскі маёнтак перайшоў да яго толькі ў 1835 годзе, пасля сканчэння справы па секвестраваных маёнтках Радзівілаў, але ў 1836 годзе Антоній Багдашэўскі памёр. Нашчадкаў у Антонія Багдашэўскага не было, яшчэ за жыццём ён перадаў спадчыну пляменніку -- Ігнацыю Багдашэўскаму (1807-1864).[2]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б в г д е ё ж з Сурмачэўскі І. Wiazyń, Вязынь, Вязань // «Наша Вера» № 4(66), 2013.
- ↑ а б в г д Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў. — Мн.: БелЭН, 1993.
- ↑ «…w pobliżu Lebedziowa, Łoska, Holszan, Trab, Wołożyna i t.d.» — Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… — S. 96.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wiazyń (4) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893. — S. 276.
- Вязань // Гарады і вёскі Беларусі. Т.8., кн.2. — Мн., 2011. — С. 28.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вязань