Габрыэль Грубер
Габрыэль Грубер | |
---|---|
ням.: Gabriel Gruber | |
Дата нараджэння | 4 мая 1740[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 красавіка 1805 (64 гады) ці 26 сакавіка 1805[2] (64 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | астраном, інжынер, архітэктар, багаслоў |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Nikolaus Poda von Neuhaus[d][4] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Габрыэ́ль Гру́бер (ням. Gabriel Gruber, 6 мая 1740, Вена — 26 сакавіка 1805, Санкт-Пецярбург[5]) — буйны дзяч каталіцкага касёла і Ордэна езуітаў, вучоны і педагог; генерал Таварыства Ісуса ў Расіі (1802—1805).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Аўстрыя
[правіць | правіць зыходнік]Габрыэль Грубер нарадзіўся ў Вене 6 мая 1740 г. (ёсць меркаванне, што гэта дзень хрышчэння, а датай яго нараджэння трэба лічыць 4 мая[6]) у сям'і збройніка. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у Таварыства Ісуса. Трое малодшых братоў Грубера паследавалі яго прыкладу і таксама сталі езуітамі. З 1757 па 1758 гг. вывучаў лацінскую і грэчаскую мовы ў Леабене, Аўстрыя. Потым у Грацы (1757 - 1760) займаўся філасофіяй, а ў Трнаве (1761 - 1762) - матэматыкай. Пад час вывучэння тэалогіі ў Грацы (1763-1767) быў высвечаны на ксяндза (1766).
Грубер быў высакакласным інжынерам, спецыялістам у галіне механікі і гідрадынамікі, разбіраўся ў архітэктуры, матэматыцы і навігацыі. У 1769 г. ён быў прызначаны прафесарам механікі і гідраўлікі ў Вышэйшай інжынернай школе ў Любляне. Некаторыя мадэлі караблёў яго работы можна ўбачыць у Марскім музеі горада Піран (Славенія). Пасля роспуску Ордэна езуітаў у 1773 г. папам Кліментам XIV Грубер стаў працаваць інжынерам пры двары аўстрыйскага імператара Іосіфа II. Па яго праекце быў пабудаваны Палац Грубера (зараз будынак Архіва Славеніі) у Любляне, які выкарыстоўваўся ім у якасці лабараторыі па вывучэнні механікі і гідраўлікі. Пад кіраўніцтвам прафесара быў створаны так званы Грубераў канал (ням.: Gruberkanal, славенск.: Gruberjev kanal).
Расійская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1784 г. Грубер прыехаў у Беларусь, бо ў межах Расійскай імперыі (пераважна на тэрыторыі Беларусі) структуры Ордэна езуітаў, як і раней, працягвалі дзейнічаць са згоды ўладаў. Працаваў выкладчыкам механікі і архітэктуры (1784-1799) і эксперыментальнай фізікі (1799-1800) у Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго высілкамі калегіум пашырыў сваю навуковую базу і ператварыўся ў буйны тэхнічны цэнтр. Створаныя ім альбо пад яго кіраўніцтвам машыны і механізмы не толькі актыўна выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе, але таксама з поспехам дэманстраваліся гасцям полацкай альма-матэр. Адным з самых вядомых тварэнняў майстра была механічная галава. Згодна з апісаннямі, высока ў сцяне, амаль пад столлю, была ўсталявана галава старога з доўгімі сівым валасамі. Механічная канструкцыя з рухомымі дэталямі «размаўляла» на ўсіх распаўюджаных у той час мовах і адказвала на любыя пытанні наведвальнікаў: «Голова немедленно отвечала внятно, громко, логично, с полным знанием обстоятельств и обстановки спрашивавшего, так что тот приходил просто в ужас. Какова должна была быть вера в мудрость и почти сверхъестественную силу иезуитов, когда никому не приходило на мысль, что за стеною сидел опытный механик, приводивший в движение глаза и все лицо головы и отвечавший за нее. Все верили, никто не смел сомневаться, а если у кого и являлись подозрения, тот не смел и пикнуть»[7].
Грубер распрацаваў праект спецыяльнага музейнага будынка і актыўна ўключыўся ў стварэнне музею, адкрыццё якога адбылося ў 1788 г., калі быў дабудаваны новы трохпавярховы корпус калегіума. Таленавіты езуіт таксама прыклаў сваю руку да мастацкага афармлення інтэр’ераў музейнага корпуса калегіума. Сцены ў будынку былі распісаны яго фрэскамі, была абсталявана зала для заняткаў маляваннем, жывапісам і архітэктурай. Там жа знаходзілася вялікая колькасць кніг, малюнкаў і гравюр, былі прадстаўлены мадэлі ўсіх архітэктурных стыляў з узорамі кладкі і дахаў, мадэлі мастоў і мадэль карабля. Педагагічны і мастацкі талент Грубера зрабіў моцны ўплыў на творчае станаўленне медальера, скульптара, жывапісца, гравёра, аднаго з найбольш уплывовых дзеячаў рускага мастацтва ХІХ ст. графа Фёдара Пятровіча Талстога (1783—1873), у будучым віцэ-прэзідэнта Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Нягледзячы на арыстакратычнае паходжанне і высокую пасаду бацькі, дзевяцігадовы Фёдар быў адпраўлены ў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе пад кіраўніцтвам Грубера пачаў прафесійна займацца жывапісам.
Дзейнасць Грубера атрымала ўхваленне імператрыцы Кацярыны II і імператара Паўла I, які пазнаёміўся з Груберам у 1797 г. пад час наведвання Полацка. У чэрвені 1799 г. Грубер сустрэўся ў Санкт-Пецярбургу з імператарам, які запэўніў яго ў сваім намеры падтрымліваць Таварыства Ісуса, бачачы ў езуіцкім ордэне сродак барацьбы з уплывам Французскай рэвалюцыі. Грубер увайшоў у асаблівы давер да імператара, бо здолеў вылечыць яго жонку ад хранічных зубных боляў; давер да езуіта быў настолькі вялікім, што ён атрымаў права ўваходу да імператара без дакладу. У 1800 г. ён быў прызначаны настаяцелем касёла Св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу і стаў рэктарам сталічнага езуіцкага калегіума. У кастрычніку 1800 г. Павел І выдаў указ, згодна якому езуіты атрымлівалі права кіраваць сістэмай адукацыі ў былых землях Вялікага Княства Літоўскага. Сам Грубер быў прызначаны асістэнтам генеральнага вікарыя Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі.
В чэрвені 1799 г. Грубер прадставіў Паўлу I просьбу, каб імператар звярнуўся да рымскага пантыфіка з нагоды фармальнага прызнання існавання Ордэна езуітаў у межах Расійскай імперыі. Як адзначаў Грубер, папскае прызнанне Таварыства Ісуса на тэрыторыі Расіі паспрыяла б прытоку былых членаў ордэна ў краіну, дзе яны былі б карысныя ў справе выхавання і адукацыі. Грубер заклікаў Паўла I стаць «адноўнікам і анёлам-захавальнікам Таварыства Ісуса». У жніўні 1800 г. Павел I накіраваў папу Пію VII ліст з просьбай прызнаць езуіцкі ордэн у Расіі. Адпаведнае папскае брэвэ (Catholicae fidei) было выдана 7 сакавіка 1801 г. У ім пантыфік прызнаваў кананічнасць езуіцкіх структур у Расіі і пагаджаўся на тое, каб генеральны вікарый Таварыства Ісуса ў Расіі і яго пераемнікі насілі тытул «Генерал ордэна ў Расіі». Пасля смерці Францішка Караў 22 кастрычніка 1802 г. генералам і быў абраны Грубер[8].
Пры імператары Аляксандры I прывілеі езуітаў былі зменшаны. Намаганнямі Грубера былі створаны езуіцкія місіі ў Саратаве (1803), Адэсе (1804) і Астрахані (1805), а таксама шматлікія місіянерскія пункты. Грубер падтрымліваў сувязі з многімі былымі членамі езуіцкага ордэна, запрашаючы іх для місіі ў Беларусь. Ён дамогся ад рымскага папы аднаўлення езуіцкіх структур у Неапалітанскім каралеўстве са статусам філіяла Таварыства Ісуса ў Санкт-Пецярбургу. Гады знаходжання Грубера ў Расіі адзначаюцца распаўсюджаннем каталіцкіх ідэй сярод рускай інтэлігенцыі. Габрыэль Грубер загінуў у ноч на 26 сакавіка (7 красавіка старога стылю) 1805 г. пад час пажару ў сваёй рэзідэнцыі. Яго пераемнікам на пасадзе Генерала ордэна стаў Тадэвуш Бжазоўскі. Трагічнае здарэнне адбылося літаральна за 2 тыдні да заключэння ў Пецярбургу антынапалеонаўскага саюза паміж Англіяй і Расіяй, таму яго гібель не ўсе лічылі «выпадковай».
Ушанаванне памяці Габрыэля Грубера ў Полацкім дзяржаўным універсітэце
[правіць | правіць зыходнік]У 2014 г. ва ўнутраным дворыку адроджанага Полацкага калегіума адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар Грубера. Пасля ўрачыстага мерапрыемства гасцям прапанавалі пакаштаваць гарачы шакалад, прыгатаваны згодна з рэцэптам Грубера. Частаванне гэтым напоем ужо паспела стаць добрай універсітэцкай традыцыяй у Полацку[9]. У 2015 г. атрымала новае жыццё знакамітая механічная галава. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і матэрыялы, выкладчыкі і супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта[10] стварылі экспазіцыю "Рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера «Механічная галава»". Сёння аб’ект стаў папулярнай турыстычнай кропкай комплексу будынкаў Полацкага калегіума і месцам правядзення ўніверсітэцкіх ўрачыстых цырымоній[11].
Зноскі
- ↑ Gabriel Gruber // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в Dr. Constant v. Wurzbach Gruber, Gabriel // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt haben — Wien: 1856. — Т. 5. — S. 382.
- ↑ а б Матэматычная генеалогія — 1997.
- ↑ Матэматычная генеалогія — 1997. Праверана 8 жніўня 2016.
- ↑ Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 146.
- ↑ Живописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении / под общ. ред. П. П. Семенова. - СПб. : [Тип.] М. О. Вольф, 1881-1901. Т. 3. Ч. 1 : Литовское полесье ; Ч. 2 : Белорусское полесье. — СПб. ; М., 1882. — 490, VI с. : ил., 23 л. ил.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всём мире. М., 2004.
- ↑ Открытие мемориальной доски Габриэлю Груберу Архівавана 17 жніўня 2018.
- ↑ Открытие выставочной композиции «Реконструкция проекта Габриэля Грубера „Механическая голова“» Архівавана 17 жніўня 2018.
- ↑ Торжественная церемония регистрации студентов первого курса в Полоцком коллегиуме Архівавана 25 студзеня 2021.
Літаратура і спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Г. Грубер на сайте иезуитов в России
- Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – 632 с.
- Католическая энциклопедия. Изд. францисканцев. — М.: 2002.
- Морошкин, М.Я. (свящ.). Иезуиты в России, с царствования Екатерины ІІ-й и до нашего времени (в 2-х ч.) Ч. 1. : обнимающая историю иезуитов в царствование Екатерины Великой и Павла І-го / Михаил Яковлевич Морошкин. – СПб. : В Тип. Второго Отд-ния Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1867. – XV, 301, ХІІ, ІІ с. – 22 см.
- о. К. Симон. Иезуиты в России
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / oprac. L. Grzebień. – Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
- Pierling, P. G.Gruber et les jésuites réfugiés en Russie. — Meudon, 1999. (фр.)
- Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773–1905. Cz. 1 : 1773–1820. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. – 517 s.