Галіна Кліменцьеўна Макарава
Галіна Кліменцьеўна Макарава | |
---|---|
| |
Імя пры нараджэнні | Агата Кліменцьеўна Чаховіч |
Дата нараджэння | 27 снежня 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 верасня 1993 (73 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Прафесія | |
Гады актыўнасці | 1938—1992 |
Тэатр | БелАДТ імя Я. Купалы |
Узнагароды | |
IMDb | ID 0538414 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Галіна Кліменцьеўна Макарава, народжаная Агата Чаховіч (27 снежня 1919, Старобін — 28 верасня 1993) — актрыса тэатра і кіно, Народная артыстка Беларусі (1967), Народная артыстка СССР (1980).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў сям'і афіцэра расійскай імператарскай арміі Кліменція Чаховіча. У 1-ю сусветную вайну бацька служыў у імператарскай стаўцы, у сям'і захоўваўся сярэбраны паднос і чайны сервіз, падораныя імператарам. Не прыняўшы савецкую ўладу, Чаховіч ваяваў у арміі Дзянікіна, дайшоў да Крыма, але не эміграваў, а вярнуўся ў Старобін, дзе заставалася жонка з дзецьмі. Яго бацька, святар на прыходзе ў Старобіне, выгнаў сына з дому, калі той кінуў першую сям'ю дзеля маладой (маладзей на 24 года) дзяўчыны-прыслугі.[1]
Кліменція Чаховіча арыштавалі, год ён праседзеў у турме, але застаўся жывы. Але сям'я назаўжды атрымала таўро лішэнцаў. Прыйшлося знішчыць усе дакументы, якія злучаюць іх з імем бацькі. У новым пашпарце дзяўчыны год нараджэння быў паказаны няправільна. Пазней яна самастойна вылічыла, што нарадзілася ў 1916 годзе[1].
У 16 гадоў Агата пераязджае ў Мінск. Працуе хатняй прыслужніцай, санітаркай. Трохі пазней паступае ў студыю Першага Беларускага драматычнага тэатра. Падчас навучання ў студыі актрыса бярэ псеўданім Галіна і мяняе прозвішча рэпрэсаванага бацькі Чаховіч, на прозвішча маці — Апанашчык. У гэты ж час захапляецца экстрэмальнымі відамі спорту, конным спортам, кіданнем дзіды, вышываннем. У 1937 годзе становіцца чэмпіёнкай рэспублікі па мотакросе.
Скончыла студыю Першага Беларускага драматычнага тэатра ў 1938, у гэтым жа годзе была прынята ў яго трупу.
У 1939 годзе актрыса выходзіць замуж за Івана Макарава і бярэ яго прозвішча. Пераязджае з ім у Маскву, пасля ў эвакуацыю ў Карэлію. У 1944 годзе разводзіцца з мужам і вяртаецца ў Мінск.
Першы поспех у тэатры да актрысы прыходзіць у 1954 г., вядомасць ёй прынесла роля Марыі Кірылаўны ў спектаклі «Выбачайце, калі ласка!» па п'есе Андрэя Макаёнка. Пасля гэтага ў п'есах Макаёнка Галіна Кліменцьеўна пачала іграць вельмі часта, некаторыя ролі драматург пісаў спецыяльна для яе.
Здымацца ў фільмах актрыса пачала з 1958 г. Яе першай зорнай роляй у кінематографе стала роля Аляксандры Мацвееўны Громавай ў фільме Сяргея Мікаэляна «Удовы» ў 1976 годзе.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Яркая нацыянальная актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай.
Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя народныя характары. Талент Галіны Макаравай як глыбока самабытнай актрысы найбольш выявіўся ў нацыянальным рэпертуары, найперш у п’есах А. Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для Г. Макаравай): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага тэатра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я. Купалы), Матруна («На кругым павароце» К. Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А. Дударава). 3 іншых роляў: Кабаніха («Навальніца» А. Астроўскага), Квашня («На дне» М. Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л. Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А. Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У. Шэкспіра).
Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш.
Выбраная фільмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Альпійская балада» (1965)
- «Паланэз Агінскага» (1971)
- «Дзед Аўсей і Палашка» (1974)
- «Іван» (1982)
- «Белыя росы» (1983)
Фільмы пра актрысу
[правіць | правіць зыходнік]- Дакументальны фільм «Каралеў я не іграла» 1983 год.
- Мастацка-публіцыстычны фільм «Мама» 2009 год.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сохар Ю. Макарава Галіна Кліменцьеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Мака́рава Галіна Кліменцьеўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 457. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Галина Макарова всю жизнь любила первого мужа «Комсомольская правда»
- Галина Макарова — белорусская актриса, почти никогда не пользовавшаяся косметикой — замечательный пример настоящей матери и бабушки(недаступная спасылка)
- «Трыбунал» Андрэя Макаёнка. Галіна Макарава (Паліна). Архівавана 28 сакавіка 2022.
- СЕМЬЯ С ИСТОРИЕЙ. Макаровский клан Архівавана 27 снежня 2019. (руск.)
- Нарадзіліся 27 снежня
- Нарадзіліся ў 1919 годзе
- Нарадзіліся ў Старобіне
- Памерлі 28 верасня
- Памерлі ў 1993 годзе
- Памерлі ў Мінскай вобласці
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Асобы
- Актрысы паводле алфавіта
- Актрысы СССР
- Актрысы Беларусі
- Актрысы XX стагоддзя
- Кавалеры ордэна Леніна
- Народныя артысты СССР
- Народныя артысты Беларускай ССР
- Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
- Асобы на марках
- Чаховічы