Гарабурды
Гарабурды гербу «Габданк» — вялікалітоўскі шляхецкі род.
Паходзяць, імаверна, з полацкага баярства. Польскі генеалог XIX ст. Севярын Урускі лічыў, што Гарабурды татарскага паходжання[1] і атрымалі шляхецтва ад Жыгімонта Аўгуста. Аднак Рыгор Гарабурда служыў яшчэ вялікаму князю Казіміру Ягелончыку. Таксама, з 1390—1420-х гадоў вядомы Астафій Гарабурда, пісар князя Лугвеня Альгердавіча, але яго сувязь з родам не высветлена. Урускі пачынаў радавод Гарабурдаў з Багдана (Тэадата, Федзькі) Рыгоравіча, якога называў пісарам каралевы Боны і ўраднікам яе літоўскіх маёнткаў. Паводле Урускага, Багдан у шлюбе з Мілаславай з Сачкевічаў на Ліпах меў пяць сыноў — Сямёна, Лукаша, Міхайлу, Анцуту і Пятра.
Лукаш і Міхайла Багданавічы былі гаспадарскімі дваранамі, выконвалі дыпламатычныя даручэнні, у т.л. у складзе пасольстваў да Масквы і Крыма, бралі ўдзел у баявых дзеяннях Лівонскай вайны (1558—1582). Анцута (Ancuta), паводле гісторыка-езуіта ХVІІІ ст. Каспара Нясецкага і таго ж Урускага, з 1562 года быў полацкім епіскапам. Пасля ўзяцця Полацка маскоўскімі войскамі (1563), Сямён, Лукаш, Анцута і Пётр Багданавічы з сем’ямі трапілі ў палон. З палону вярнуўся толькі Лукаш і яго пляменнікі — Аляксандр Сямёнавіч, Пётр і Васіль Анцуцічы.
Міхаіл Гарабурда меў сыноў Яна (?—1613) і Крыштафа (?—1616), з іх першы валодаў Свіслаччу, другі — Востравам. Нашчадкі абодвух вядомы да пачатку XVIII ст. З іншых галін роду Гарабурдаў адна жыла ў Гарадзенскім павеце да другой паловы XIX ст.
Маёнткі Гарабурдаў размяшчаліся ў Полацкім ваяводстве і Слонімскім павеце.
Зноскі
- ↑ Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Т. І. – XVI. – Warszawa, 1904–1931.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Boniecki A. Herbarz polski. Część I. Wiadomości historyczno-genealjgiczne o rodach szlacheckich / Ułożył i wydał… / Adam Boniecki. — Warszawa, 1904. — T. 7. — 408, [6] s.
- Niesiecki K. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego S. J. powiększony dodatkami z poźniejszych autorów, rękopisów, dowodów urzędowych i wydany przez Jana Nep. Bobrowicza // Kasper Niesiecki. — Lipsk, 1839. — T. 4. — 518 s.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 38. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Пазднякоў В. Гарабурды // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 495. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 469. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.