Міхаіл Багданавіч Гарабурда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхаіл Багданавіч Гарабурда
Jan Matejko - Batory pod Pskowem VI. Haraburda i Bornamissa.png
POL COA Abdank.svg
Герб «Габданк»
Кашталян менскі
1585 — 1586
Папярэднік: Ян Глябовіч
Пераемнік: Вацлаў Агрыпа
 
Дзейнасць: дыпламат
Веравызнанне: праваслаўе
Нараджэнне: невядома
Смерць: 12 ліпеня 1586(1586-07-12)
Род: Гарабурды
Бацька: Фёдар (Тэадат) Рыгоравіч Гарабурда
Маці: Міласлава з Сачкевічаў на Ліпах
Жонка: Дамінітра з Калінікавічаў
Дзеці: Ганна

Міхаіл Багданавіч Гарабурда (? — 12 ліпеня 1586) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1559 года дзяк Канцылярыі ВКЛ, з 1566 — вялікі пісар літоўскі[2]. У 1584 годзе паступіў на ўрад кашталяна менскага[3], але як вялікі пісар згадваецца яшчэ ў 1579 годзе[4].

Зрабіў значны ўклад у дыпламатычнае забеспячэнне Інфлянцкай вайны (1558—1582). У 1559 і 1561 гадах у пасольствах да крымскага хана па падтрымку супраць Маскоўскай дзяржавы. У 1563—1564 і 1566 — сакратаром пасольства ў Маскву, у 1571 і 1572—1573 — паслом. Вёў перамовы пра магчымую элекцыю на сталец Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча. За дыпламатычныя заслугі (заключэнне перамір'я) у 1566 годзе прызначаны вялікім пісарам літоўскім і атрымаў Свіслацкую воласць. Пазней, абвінавачаны ў планах перадаць Маскве Лівонію ў абмен на Полацк, некаторы час быў адхілены ад дыпламатычнай службы. У 1579—1581 гадах у войску. У 1582 годзе ўдзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага перамір'я, быў у складзе пасольства ў Маскву[1]. Прыхільнік аб'яднання Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай праз дыпламатыю[1]. У 1585 годзе вёў перамовы з маскоўскім пасольствам да Стэфана Баторыя[1]. Сам быў паслом у Маскву ў 1585—1586 гадах, вёў перамовы пра антыасманскі саюз[3].

Валодаў маёнткамі Востраў, Клімавічы і Угрын (Слонімскі павет), путнымі слугамі ў Полацкім ваяводстве, у 1566—1568 — дзяржаўца свіслацкі. Паводле Попісу 1567 года, ставіў у войска 17 коней. У 1568 годзе атрымаў у валоданне Свіслацкую воласць з дванаццаццю вёскамі[3].

Адзін з кіраўнікоў праваслаўнай партыі ў ВКЛ. За пасольствамі ў Маскву купляў рукапісныя кнігі, шмат якія з іх пасля былі выдадзены ў ВКЛ. Куплены ў Маскве Генадзеўскі спіс Бібліі перадаў князю Канстанціну Астрожскаму, спіс быў узяты за аснову выдання г. зв. Астрожскай Бібліі (1581)[1][3].

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Бацька — Багдан, у хрышчэнні Фёдар (Тэадат) Рыгоравіч Гарабурда, пісар каралевы Боны; маці — Міласлава з Сачкевічаў на Ліпах. Фёдар з Мілаславай мелі 5 сыноў — Сямёна, Лукаша, Міхаіла, Аніцэтыя і Пятра. Трое з іх, Лукаш, Міхаіл і Пётр, былі на дыпламатычнай службе, ездзілі ў пасольствах у Маскву. Аніцэты (Анцута) з 1562 года быў полацкім епіскапам. Пад час узяцця Полацка маскоўскімі войскамі чацвёра з іх, Сямён, Лукаш, Анцута і Пётр, трапілі ў палон, з якога вярнуўся толькі Лукаш. Лукаш меў дачку, жонку кашталяна полацкага Іосіфа Корсака. У Сямёна быў сын Аляксандр, які таксама быў у маскоўскім палоне і вярнуўся. У Анцуты былі сыны Пётр і Васіль, друкар.

Міхаіл Гарабурда быў жанаты з Дамінітрай, дачкой Гетаўта Калінікавіча. Меў сыноў Яна і Крыштафа, а таксама дачку Ганну, жонку суддзі земскага гарадзенскага Льва Сапегі, траюраднага брата канцлера Льва Іванавіча Сапегі.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Гарабурда Михаил Богданович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 138. — 737 с.
  2. Wolff J. Senatorowie i dignitarze Wielkigo Księstwa Litewskiego, 1386—1795. — Kraków, 1885. С. 270.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Пазднякоў В. Гарабурда Міхаіл Багданавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. Т.1: Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.: іл. С. 495. ISBN 985-11-0315-2 ISBN 985-11-0314-4 (т. 1) С. 495
  4. Wolff J. Senatorowie… С. 270. Заўв. 7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]