Шматгадовая шызаватая або зялёная травяністая расліна. Мае тонкае паўзучае карэнішча, якое ўтварае дзярнінкі з кветканосных і бясплодных парасткаў. Сцябло ўзыходзячае, з кароткім шурпатым апушэннем, 10—40 см вышынёй. Лісце супраціўнае, па краях і сярэдняй жылцы пакрыта жорсткім апушэннем, тупое; ніжняе — падоўжана лапаткападобнае, верхняе — лінейнае. Кветкі правільныя, двухполыя, адзінкавыя, радзей — па дзве — тры, 5-пялёсткавыя. Пялёсткі зубчастыя, чырвоныя, з кольцам пурпуровых плям. Плод — каробачка. Цвіце ў чэрвені — верасні. Утварае натуральныя гібрыды з гваздзіком барадатым (Dianthus barbatus)[7].