Перайсці да зместу

Жан Эмануэль Жылібер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Gilib.)
Жан Эмануэль Жылібер
фр.: Jean Emmanuel Gilibert
Жан Эмануэль Жылібер
Жан Эмануэль Жылібер
Дата нараджэння 21 чэрвеня 1741(1741-06-21)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 верасня 1814(1814-09-02)[1][2][…] (73 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці батанік, палітык, урач, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера батаніка, біялогія, медыцына
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сістэматык жывой прыроды
Аўтар найменняў шэрага батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Gilib.».
Спіс такіх таксонаў на сайце IPNI

Жан Эмануэль Жылібе́р[3] (21 чэрвеня 1741 — 2 верасня 1814) — французскі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Гродзенскай медыцынскай акадэміі (17751781), у Гродне таксама заснаваў акушэрскую і ветэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад, у 1781—1783 гг. прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы ВКЛ у Вільні.

Вывучаў медыцыну ў Манпелье з 1760 па 1764 гады. Пасля атрымання дыплома атрымаў кабінет у Ліёне. У вольны час збіраў гербарый мясцовай флоры. Заснаваў батанічны сад у квартале Брато, які па прычыне няўмелай адміністрацыі прыйшоў у непрыдатнасць.

Пасланнікам гродзенскага старосты А. Тызенгаўза Т. Даўнаровічам запрошаны на работу ў Гродна для арганізацыі медыцынскай школы[4]. У дарогу з сабой Жылібер забраў каштоўны кнігазбор ды каштоўны гербарый, сабраны на Міжземнаморскім узбярэжжы Францыі.

3 1775 года працаваў у прыгарадзе Гродна Гарадніцы. 9 мая 1776 года ён падпісаў 10-гадовы кантракт, згодна з якім ён мусіў заснаваць медычную і ветэрынарную школы, прыродазнаўчы музей з заробкам у памеры 125 луідораў у золаце[5].

У 1775 годзе арганізаваў Гродзенскую медыцынскую акадэмію, не выключана, што навучанне там пачалося ў 1776 ці 1777. 23 кастрычніка 1778 года Жылібер выслаў ліст дырэктару батанічнага сада ў Парыжы Антуану Ларуану дэ Жусье, у якім сцвярджаў, што будаўніцтва школы са шпіталём, якімі маглі б ганарыцца нават у Манпелье, толькі што скончана. Але паміж Жыліберам і Тызенгаўзам адбываюцца канфлікты праз недастатковае фінансаванне школы.

Стварыў Гродзенскі каралеўскі батанічны сад (у 1777 годзе было 1200 відаў экзатычных раслін, якімі натураліст хваліўся каралю). Падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гарадніцу ў 1778 годзе, налічыў у садзе ўжо 1500 экзатычных раслін, сярод якіх былі бразільская сасна, воцатавае дрэва і манчжурскі арэх.

У 1773 года дзякуючы намаганням Даўнаровіча на Гарадніцы быў заснаваны кабінет натуральнай гісторыі, для якога набылі калекцыю ў бібліятэкара радзівілаўскіх збораў у Нясвіжы Крысціяна Магніцкага. Пры кабінеце Жылібер арганізаваў бібліятэку, на паліцах якой у 1780 годзе знаходзілася каля 300 кніг. Тут захоўвалася бліз 300 медзярытаў раслін, якія потым трапілі ў зборы Галоўнай школы ў Вільні.

У верасні 1777 года Гарадніцу наведаў Станіслаў Аўгуст. 15 верасня кароль азнаёміўся са шматлікімі экзатычнымі гатункамі, лекавымі травамі і аранжэрэяй батанічнага саду, а пазней наведаў бібліятэку ды кабінет натуральнай гісторыі школы з «анатамічным амфітэатрам».

Пры акадэміі працавала аптэка (цяпер Гродзенская аптэка-музей), побач з якой знаходзіўся аптэкарскі агарод і апрацоўваліся лекавыя і рэзка-араматычныя расліны. Планаваў арганізацыю сельскагаспадарчай і ветэрынарнай школ, разам з А. Тызенгаўзам стварэнне ў Гродне Акадэміі навук.

У 1780 годзе ў сям’і Жылібераў у Гародні нарадзіўся сын, хросным бацькам якога быў кароль Станіслаў Аўгуст.

У прадчуванні краху Тызенгаўза ў маі 1780 года Жылібер нечакана выехаў у Варшаву, матывуючы свой ад’езд станам здароўя.

У 1781 годзе медычная школа была пераведзена ў Вільню, куды Жылібер забраў з сабой кнігазбор, калекцыю мінералаў, найбольш каштоўныя расліны з батанічнага саду і хірургічныя інструменты. У Вільні пры падтрымцы М. Пачобут-Адляніцкага і Я. Храптовіча стварыў на базе Гродзенскай медыцынскай акадэміі медыцынскі факультэт у Галоўнай школе ВКЛ, узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі, заклаў пры школе батанічны сад.

Вясной 1776 года Ж. Э. Жылібер разам са сваімі вучнямі пачаў збіраць расліны ў ваколіцах Гародні, пазней — вакол Вільні і Навагрудка. Вынікам гэтага з’явілася праца «Flora lithaunica inchoata», у адным з раздзелаў якога Жылібер дае апісанне 95 відаў лекавых раслін, прыводзіць звесткі пра час іх цвіцення, абмяркоўвае лекавыя ўласцівасці травы і ўжыванне іх у побыце.[6]

Напісаў артыкулы:

  • Flora lithaunica inchoata (1781),
  • Indagatores Naturæ in Lithuania (1781),
  • Exercitium botanicum in Schola principe Universitatis Vilnensis peractum (1782),
  • Exercitia phytologica (1792).

Вярнуўся ў Ліён у 1783 годзе, матывуючы сваё рашэнне пагаршэннем здароўя і стомленасцю. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі быў арыштаваны якабінцамі за прыналежнасць да жырандыстаў у 1793 годзе. У тым жа годзе вызвалены.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Стары ясень у парку Жылібера
Помнік Ж. Жыліберу ў Гродне ля ўвахода ў гарадскі парк, названы яго імем

У гонар Жана Эмануэля Жылібера названы галоўны гродзенскі гарадскі парк — Парк Жылібера. У 2007 годзе ў Гродне ўсталявана гарадская скульптура Жану Эмануэлю Жыліберу, кіраўніку медыцынскай акадэміі, адкрытай Антоніем Тызенгаўзам.

Яго імем быў названы род раслін Gilibertia Ruiz & Pav. сямействы Araliáceae (Araliaceae), у сучаснай наменклатуры званы Dendropanax.

Зноскі

  1. а б https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/jan-emanuel-gilibert-1741-1814-botanik-i-lekarz-wiesz
  2. а б Jean-Emmanuel Gilibert // GeneaStar
  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
  4. ЭГБ 1996.
  5. Гардзееў Юрый. Антоні Тызенгаўз і яго эпоха. — Мінск: Рыфтур прынт, 2021. — С. 150—155.
  6. Лекарственные растения и их применение. Изд. 5-е, перераб. и. доп. — Наука и техника — Мн., 1974. — С. 9—10.