Геранім Лявон Радзівіл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геранім Лявон Радзівіл
Дата нараджэння 10 сакавіка 1808(1808-03-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 студзеня 1885(1885-01-08)[1] (76 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Людвік Мікалай Радзівіл[d][2]
Маці Марыяна з Вадзінскіх[d]
Жонка Соф’я Урусава[d][2]
Грамадзянства
Прыналежнасць Расійская імперыя
Род войскаў кавалерыя
Званне Генерал ад кавалерыі
Бітвы/войны Паўстанне 1830—1831 гадоў, Задушэнне Вянгерскага паўстання, Крымская вайна
Узнагароды і званні
Ордэн Святога Георгія
Ордэн Святога Георгія
Ордэн Святога Аляксандра Неўскага
Ордэн Святога Аляксандра Неўскага
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла
Ордэн Святой Ганны I ступені
Ордэн Святой Ганны I ступені
Ордэн Святога Станіслава I ступені
Ордэн Святога Станіслава I ступені
Ордэн Святога Уладзіміра
Ордэн Святога Уладзіміра
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святога Станіслава II ступені
Ордэн Святога Станіслава II ступені
Ордэн Святога Георгія
Ордэн Святога Георгія
Ордэн Святога Уладзіміра
Ордэн Святога Уладзіміра

Герані́м Ляво́н Радзіві́л, таксама вядомы як Леў Людвігавіч Радзівіл (польск.: Leon Hieronim Radziwiłł; 10 сакавіка 1808, Варшава8 студзеня 1885, Парыж) — князь, ваенны дзеяч Расійскай імперыі. Генерал-ад’ютант (1855), генерал ад кавалерыі (1869). Дванаццаты клецкі ардынат[d].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік вялікалітоўскага шляхецкага роду Радзівілаў герба «Трубы». Нарадзіўся ў сям’і Людвіка Мікалая Радзівіла[d] (1773—1830) і яго жонкі Мар’яны Вадзінскай[d] (1778—1823). З’яўляўся ўнукам Міхала Гераніма Радзівіла, пляменнікам князя Антонія Генрыка Радзівіла, намесніка Вялікага княства Познанскага і Міхала Гедэона Радзівіла, аднаго з галоўных кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў.

Геранім Лявон Радзівіл атрымаў хатнюю адукацыю: яго выхоўваў французскі эмігрант-манархіст Жан дэ Нэў. Пачаў ваенную службу 7 мая 1825 года, калі цэсарэвіч Канстанцін Раманаў[d] адправіў яго юнкерам у Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк, дзе 25 чэрвеня 1826 года Радзівіл даслужыўся да звання карнета.

Удзельнічаў у задушэнні паўстання 1830—1831 гадоў, у тым ліку ў бітве пад Астраленкай[d], штурме Варшавы[d], у ліквідацыі партызанскіх атрадаў, створаных на тэрыторыі Беларусі. За дасягненні ў бітвах у 1831 годзе быў ганараваны званнем паручніка. Асабліва вызначыўся ў бітве пад Грохавам[d], неаднаразова атакаваўшы кавалерыю Юзафа Хлапіцкага[d] з эскадронам гусар. Таксама адзначыўся пры штурме Варшавы, за што атрымаў Ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені[3].

Пасля смерці дзеда ў 1831 годзе афіцыйна стаў уладальнікам Клецкай ардынацыі. Пры дапамозе Міхаіла Мураўёва вярнуў сабе былыя радзівілаўскія маёнткі, якія праз заклад перайшлі да мясцовай шляхты[4]. У тым жа годзе, знаходзячыся ў сваім маёнтку ў Мінскай губерні, ён выявіў атрады разбойнікаў, якіх яму ўдалося знішчыць уласнымі сіламі.

25 чэрвеня 1832 года Геранім Радзівіл быў прызначаны флігель-ад’ютантам, а 6 снежня наступнага года атрымаў званне штабс-ротмістра і быў накіраваны ў Маскву, дзе служыў пры Мікалаі I. Карыстаўся асаблівым даверам расійскіх імператараў, часта суправаджаў іх у падарожжах і выконваў дыпламатычныя даручэнні. У 1838 годзе Геранім Радзівіл суправаджаў Мікалая I за мяжой і ў Варшаве атрымаў даручэнне разбіраць просьбы, пададзеныя на ягонае імя. У 1841—1842 гадах зноў знаходзіўся пры імператары ў час яго паездак па Расіі, а ў 1843 годзе ездзіў у Берлін па дыпламатычных пытаннях[5].

У 1844 годзе князь Радзівіл быў камандзіраваны ў Гесэн-Касель[d], дзе ад імя Мікалая I прысутнічаў на шлюбе эрцгерцага Фрыдрыха Вільгельма Гесэн-Касельскага[d] з князёўнай Аляксандрай Мікалаеўнай[d], а ў маі таго ж года камандзіраваўся ў Лондан з дыпламатычным даручэннем і за паспяховае яго выкананне быў узведзены ў палкоўнікі.

У часе задушэння Венгерскай рэвалюцыі[d] ў 1849 годзе знаходзіўся пры галоўнакамандуючым расійскай арміяй Іване Паскевічы ў Трансільваніі. Па вяртанні ў жніўні 1849 года накіраваўся ў Стамбул для вырашэння пытання аб выдачы расійскаму ўраду польскіх удзельнікаў Венгерскай рэвалюцыі, за што быў павышаны ў званні генерал-маёра.

У ходзе Крымскай вайны ў 1854 годзе камандаваў 2-й рэзервовай уланскай дывізіяй, пасля — Сацкім авангардам. 22 верасня 1855 года атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў прызначаны камандзірам уланскай дывізіі, а ў лістападзе таго ж года стаў генерал-ад’ютантам і ўзяў камандаванне 6-й лёгкай кавалерыйскай дывізіяй[3].

У 1869 годзе Гераніму Радзівілу быў нададзены чын генерала ад кавалерыі, сам ён быў залічаны ў Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк. Прадаўшы ў 1872–1875 гадах Клецкую і Давыд-Гарадоцкую ардынацыі разам з зямельнымі ўладаннямі Антонію Вільгельму Радзівілу ў абмен на пажыццёвую пенсію ў 40 000 рублёў у год, Геранім пражываў пераважна ў Парыжы, дзе і памёр 27 снежня 1884 года[6]. Пахаваны ў радавой спачывальні ў нясвіжскім фарным касцёле.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

12 лютага 1833 года ажаніўся з фрэйлінай Соф’яй Урусавай[d], дачкой князя Аляксандра Урусава[d] і з таго часу карыстаўся літасцю імператара. Ад гэтага шлюбу не было нашчадкаў, а ў канцы 1850-х гадоў Геранім Радзівіл разышоўся з жонкай у атмасферы скандалу[6].

У 1853 годзе ў Радзівіла нарадзілася пазашлюбная дачка Леантэна ад рамана з італьянскай балерынай Карлотай Грызі[d].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Hieronim Leon Dominik Radziwiłł // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. а б Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  3. а б Радзивилл, который двух императоров смешил (руск.). СБ. Беларусь сегодня (26 красавіка 2014). Праверана 03.09.2019.
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8., с.57
  5. Радзивил, князь Лев Людвигович (ros.). W: Большая биографическая энциклопедия [on-line]. dic.academic.ru. (руск.)
  6. а б Stefan Kieniewicz: Radziwiłł Hieronim Leon Dominik. W: Polski Słownik Biograficzny. Emanuel Rostworowski (red.). T. XXX/2. Cz. 125. Wrocław–Warszawa i in.: Ossolineum PAN, 1987, s. 284. ISBN 83-04-02673-2. (польск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]