Грамадзянства Славеніі
Грамадзянства Славеніі — устойлівая прававая сувязь асобы са Славеніяй, якая выяўляецца ў сукупнасці іхніх узаемных правоў і абавязкаў.
Славенскі Закон аб грамадзянстве грунтуецца перадусім на прынцыпе jus sanguinis («права крыві»), гэта значыць славенскае паходжанне хаця б аднаго з бацькоў з’яўляецца асновай для набыцця славенскага грамадзянства. Пры гэтым месца нараджэння мае значэнне для набыцця грамадзянства дзіцем славенскіх бацькоў, але не адыгрывае ролі для ўраджэнца неславенскіх бацькоў.
Славенія стала незалежнай ад СФРЮ 25 чэрвеня 1991 года, пасля чаго былі зроблены пераходныя палажэнні для набыцця славенскага грамадзянства некаторымі былымі югаслаўскімі грамадзянамі.
У Славеніі дапускаецца падвойнае грамадзянства, за выключэннем выпадкаў, калі асобы, якія набываюць грамадзянства Славеніі па натуралізацыі — у гэтым выпадку яны звычайна абавязаны адмаўляцца ад любога замежнага грамадзянства, якое яны маюць.
Пераходныя палажэнні 1991 года
[правіць | правіць зыходнік]Да здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе славенцы былі грамадзянамі Сацыялістычнай Югаславіі. Аднак у межах Югаславіі таксама існавала ўнутранае «грамадзянства Рэспублікі Славенія», і пры незалежнасці любы грамадзянін Югаславіі, які валодаў гэтым унутраным «славенскім грамадзянствам», аўтаматычна станавіўся славенскім грамадзянінам.
Некаторым іншым былым югаслаўскім грамадзянам было дазволена набываць грамадзянства Славеніі ў пераходных палажэннях:
- грамадзянін Югаславіі, звязаны з іншай рэспублікай, які пражываў у Славеніі 23 снежня 1990 года і заставаўся жыхаром Славеніі да ўступлення ў сілу Закона аб грамадзянстве Славеніі разам з дзецьмі гэтай асобы ва ўзросце да 18 гадоў;
- асоба ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, якая нарадзілася ў Славеніі, з бацькамі, якія першапачаткова мелі грамадзянства Славеніі ў Югаславіі, але перайшлі на грамадзянства іншай югаслаўскай рэспублікі.
Грамадзянства па нараджэнні і ўсынаўленні
[правіць | правіць зыходнік]Дзіця, народжанае ў Славеніі, з’яўляецца грамадзянінам Славеніі, калі адзін з бацькоў з’яўляецца славенскім грамадзянінам.
Калі дзіця нарадзілася за межамі Славеніі, то яно будзе славенцам, калі:
- абодва бацькі — грамадзяне Славеніі; або
- адзін з бацькоў — славенец, а іншы — без грамадзянства; або
- дзіця не мае ніякага іншага грамадзянства.
Асоба, народжаная за межамі краіны, адзін з бацькоў якой з’яўляецца грамадзянінам Славеніі, і якая не падпадае пад аўтаматычнае набыццё славенскага грамадзянства, можа набыць грамадзянства наступнымі спосабамі:
- заява аб рэгістрацыі як славенскага грамадзяніна, зробленая ў любы час да 36 гадоў; або
- афармленне пастаяннага месца жыхарства ў Славеніі — у перыяд да 18 гадоў.
Дзецям, усыноўленым славенскімі грамадзянамі, можа быць дадзена славенскае грамадзянства[1].
Грамадзянства па натуралізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Асоба можа набыць грамадзянства Славеніі шляхам натуралізацыі пры выкананні наступных умоў:
- у агульнай складанасці 10 гадоў пражывання ў Славеніі, у тым ліку 5 гадоў сталага пражывання да падачы заявы,
- адмова ад замежнага грамадзянства (або прывядзенне доказаў, што яно будзе аўтаматычна страчана),
- веданне славенскай мовы,
- узрост не менш за 18 гадоў,
- пастаянная праца ў Славеніі, з тым каб не патрабаваць выплаты па сацыяльным забеспячэнні.
Выключэнні з патрабаванняў па натуралізацыі:
- тыя, хто эмігрыраваў са Славеніі (і тыя, хто мае прамыя славенскія карані да чацвёртага пакалення), могуць быць натуралізаваны пасля аднаго года пражывання ў Славеніі[2]. Адмова ад замежнага грамадзянства ў рамках гэтай працэдуры не патрабуецца;
- асоба, якая знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Славеніі не менш за тры гады, можа быць натуралізавана пасля аднаго года пражывання ў Славеніі;
- патрабаванне аб адмове ад замежнага грамадзянства можа быць адменена па спецыяльным хадайніцтве;
- агульнае выключэнне з патрабаванняў па натуралізацыі можа быць зроблена на падставе нацыянальных інтарэсаў Славеніі;
- асоба «славенскага паходжання» да другога пакалення па прамой лініі сваяцтва або былы грамадзянін Славеніі можа быць натуралізаваны без якіх-небудзь патрабаванняў да пражывання. Заява на атрыманне славенскага грамадзянства можа быць пададзена ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Славеніі з-за мяжы. У гэтым выпадку заяўнік павінен даказаць свае актыўныя сувязі з Рэспублікай Славенія, гэта значыць свой актыўны ўдзел на працягу некалькіх гадоў у славенскіх суполках, школах са славенскай мовай навучання, аб’яднаннях экспатрыянтаў ці нацыянальных меншасцяў. Урадавае бюро Рэспублікі Славенія па справах славенцаў за мяжой, якое з’яўляецца органам, упаўнаважаным ацэньваць наяўнасць нацыянальных падстаў па канкрэтных прыкметах, дае станоўчае заключэнне ў тых выпадках, калі заяўнік з’яўляецца асобай славенскага паходжання і калі ён/яна даказаў/ла наяўнасць сваіх актыўных сувязей з Рэспублікай Славенія.
Дзеці ва ўзросце да 18 гадоў звычайна могуць быць натуралізаваны разам са сваімі бацькамі, калі яны пражываюць у Славеніі. Асобы ва ўзросце 14 гадоў і старэйшыя, як правіла, павінны даць уласную згоду.
Пазбаўленне грамадзянства
[правіць | правіць зыходнік]Нядобраахвотнае пазбаўленне грамадзянства
[правіць | правіць зыходнік]Грамадзянін Славеніі, які мае грамадзянства іншай дзяржавы, можа быць пазбаўлены грамадзянства на падставе «дзейнасці, варожай міжнародным і іншым інтарэсам Рэспублікі Славенія». Дадзеная дзейнасць вызначана наступным чынам:
- калі асоба з’яўляецца членам якой-небудзь арганізацыі, якая займаецца дзейнасцю па звяржэнні канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Славенія;
- калі асоба з’яўляецца членам замежнай разведкі, і яе дзейнасць шкодзіць інтарэсам Рэспублікі Славенія або ён/яна шкодзіць такім інтарэсам, служачы ўраду або арганізацыі замежнай дзяржавы;
- крымінальныя злачынцы, якія пераследуюцца законам і абвінавачваюцца ў падрыве грамадскага парадку;
- калі асоба адмаўляецца выконваць абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Славенія, прадпісаныя Канстытуцыяй;
- грамадзяне Славеніі, у якіх ёсць іншае грамадзянства, могуць звычайна адмовіцца ад грамадзянства, калі ўвесь час жывуць за межамі краіны.
Падвойнае грамадзянства дазволена, за выключэннем выпадкаў, калі замежнік хоча яго атрымаць у парадку натуралізацыі. У той жа час асоба з двума грамадзянствамі, адно з якіх славенскае, можа пры некаторых абставінах быць пазбаўлена грамадзянства Славеніі.
Раней, масавыя выпадкі прымусовага пазбаўлення грамадзянства мелі месца ў Славеніі ў перыяд «сціранні асоб», калі пасля распаду Сацыялістычнай Югаславіі быў зачышчаны шэраг найважнейшых уліковых запісаў і рэестраў.
Добраахвотнае пазбаўленне грамадзянства
[правіць | правіць зыходнік]Славенскія грамадзяне, якія маюць іншае грамадзянства, могуць адмовіцца ад славенскага грамадзянства, пражываючы за межамі Славеніі.
Падвойнае грамадзянства
[правіць | правіць зыходнік]Падвойнае грамадзянства ў Славеніі абмежавана, але не забаронена. Асобы, якія сталі славенцамі ў выніку натуралізацыі, могуць быць абавязаны адмовіцца ад свайго ранейшага грамадзянства пры атрыманні славенскага грамадзянства. Славенцы па нараджэнні, якія маюць множнае грамадзянства, могуць быць пазбаўлены свайго грамадзянства на законных падставах пры пэўных абставінах.
Свабода перамяшчэння грамадзян Славеніі
[правіць | правіць зыходнік]Візавыя патрабаванні для славенскіх грамадзян з’яўляюцца адміністрацыйнымі абмежаваннямі на ўезд, устаноўленыя ўладамі іншых дзяржаў. Па стане на студзень 2019 года грамадзяне Славеніі мелі бязвізавы ці візавы доступ у 180 краін і тэрыторый, што ставіць славенскі пашпарт на 11-е месца ў свеце згодна з індэксам візавых абмежаванняў[3][4].
У 2017 годзе славенскае грамадзянства заняло сямнаццатае месца ў індэксе якасці грамадзянства (QNI, ад англ.: Quality of Nationality Index). Гэты індэкс адрозніваецца ад індэкса візавых абмежаванняў, улічваючы знешнія перавагі, як свабоду міжнародных падарожжаў. Таксама QNI улічвае і ўнутраныя чыннікі, такія як стан міру і стабільнасць у дзяржаве, эканамічная моц і паказчык чалавечага развіцця[5].
Грамадзянства Еўрапейскага Саюза
[правіць | правіць зыходнік]Паколькі Славенія з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза, славенскія грамадзяне таксама з’яўляюцца грамадзянамі Еўрапейскага саюза ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і, такім чынам, карыстаюцца правам свабоднага перамяшчэння і маюць права галасаваць на выбарах у Еўрапейскі парламент[6]. Знаходзячыся ў краіне, якая не ўваходзіць у ЕС, дзе няма пасольства Славеніі, славенскія грамадзяне маюць права атрымаць консульскую абарону ў пасольстве любой іншай краіны ЕС, якая знаходзіцца ў адпаведнай краіне[7][8]. Славенскія грамадзяне могуць жыць і працаваць у любой краіне ЕС дзякуючы праву на свабоднае перамяшчэнне і пражыванне, прадстаўленаму артыкулам 21 Дагавора аб ЕС[9].
Вядомыя людзі, якія змянілі грамадзянства на славенскае
[правіць | правіць зыходнік]- Мерлін Оты (у 2002 годзе[10]) — ямайская лёгкаатлетка-спрынтар, дзевяціразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, шасціразовая чэмпіёнка свету.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ (англ.) CITIZENSHIP OF THE REPUBLIC OF SLOVENIA ACT officially revised text (ZDRS-UPB1) . Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2016. Праверана 9 жніўня 2017.
- ↑ (англ.) Citizenship, Gov.si
- ↑ (англ.) Visa Restriction Index 2007 to 2017(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2020. Праверана 9 жніўня 2017.
- ↑ (руск.) Индекс визовых ограничений
- ↑ (англ.) The 41 nationalities with the best quality of life(недаступная спасылка). www.businessinsider.de (6 лютага 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2018. Праверана 10 верасня 2018.
- ↑ (англ.) Slovenia . European Union. Праверана 4 траўня 2015.
- ↑ Артыкул 20(2)(с) Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза.
- ↑ Правы за мяжой: Права на консульскую ахову: права на ахову з боку дыпламатычных або консульскіх органаў іншых дзяржаў-членаў ЕС пры знаходжанні ў дзяржаве, якая не з’яўляецца членам ЕС, калі ў ёй адсутнічаюць дыпламатычныя або консульскія органы ўласнай дзяржавы грамадзяніна (артыкул 23): гэта абумоўлена тым, што не ўсе дзяржавы-члены ЕС маюць пасольствы ў кожнай краіне свету (14 краін маюць толькі адну пасольства ад дзяржавы ЕС). Антыгуа і Барбуда (Вялікабрытанія), Барбадас (Вялікабрытанія), Беліз (Вялікабрытанія), Вануату (Францыя), Гамбія (Вялікабрытанія), Гаяна (Вялікабрытанія), Каморскія астравы (Францыя), Ліберыя (Германія), Саламонавы астравы (Вялікабрытанія), Сан-Марына (Італія), Сан-Тамэ і Прынсіпі (Партугалія), Сент-Вінсент і Грэнадзіны (Вялікабрытанія), Усходні Тымор (Партугалія), Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (Францыя).
- ↑ (англ.) Treaty on the Function of the European Union (consolidated version) (PDF). Eur-lex.europa.eu. Праверана 10 ліпеня 2015.
- ↑ (англ.) Merlene Ottey receives Slovenian citizenship . Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2017. Праверана 9 жніўня 2017.
Знешнія спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Брама ў Славенію
- Інфармацыя для замежнікаў
- Міністэрства замежных спраў | Урад Рэспублікі Славенія
- Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Славенія на сайце coe.int (архіўная копія)
- Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Славенія на сайце refworld.org