Спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны
Спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны (іншая назва — дапаможныя гістарычныя дысцыпліны) — адносна самастойныя галіны гістарычнай навукі, якія сваімі спецыфічнымі метадамі вывучаюць пэўныя віды або асобныя бакі формы і зместу гістарычных крыніц.
Часам да ліку спецыяльных гістарычных дысцыплін адносяць асаблівыя раздзелы гістарычнай навукі (гістарыяграфію, метадалогію гісторыі) або нават больш самастойныя гістарычныя навукі (археалогію або, радзей, — этнаграфію).
Асноўныя дысцыпліны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатыка
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатыка — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем актавых крыніц. Актавыя крыніцы — гэта дакументы пераважна дамоўнага характару (міжнародныя дагаворы, дарчыя граматы, дамовы арэнды, куплі- продажу і г.д.). Асноўным метадам дыпламатыкі з’яўляецца метад фармулярнага аналізу. Ён складаецца з падзелу акта на ўстойлівыя формулы і пабудовы схемы ўнутранай структуры акта, г.зн. паслядоўнасці гэтых формул. Веданне схемы ўстойлівых формул дазваляе датаваць і лакалізаваць акт, вывучаць яго эвалюцыю, вылучаць дакладную інфармацыю крыніцы сярод «канцылярскіх штампаў», якія сфармаваліся за дзесяцігоддзі і нават стагоддзі да часу стварэння акта.
Сфрагістыка
[правіць | правіць зыходнік]Сфрагістыка — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем пячатак. Па пячатках можна датаваць і лакалізаваць дакумент, высветліць ад чыйго імя ён выдаваўся. Напрыклад, адзін з дагавораў Полацка з Рыгай і Лівонскім ордэнам датуецца 1330-мі — пачаткам 1440-х гг. па віслых свінцовых пячатках полацкага князя Глеба (Нарымунта), сына Гедыміна, і полацкага біскупа Рыгора, якія ў гэты перыяд часу згадваюцца ў летапісах. І самі пячаткі — гэта гістарычныя крыніцы, якія дазваляюць рэканструяваць мінулае. Напрыклад, знойдзеная ў Ноўгарадзе пячатка полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча (кан. 980-х гг. — 1001) дапускае магчымасць выдання гэтым князем дакументаў і існавання дыпламатычных і гандлёвых дачыненняў паміж Полацкім і Ноўгарадам у канцы Х ст.
Гістарычная метралогія
[правіць | правіць зыходнік]Для датыроўкі і лакалізацыі (вызначэння месца стварэння) крыніц часта выкарыстоўваюцца дасягненні гістарычнай метралогіі, якая займаецца вывучэннем сістэм вымярэння (часу, адлегласцяў, плошчаў, вагі і г.д.) Згадванне ў крыніцы сістэмы адзінак вымярэння, якія існавалі ў пэўны перыяд часу і ў пэўнай мясцовасці дазваляе па гэтых ускосных прыкметах высветліць час і месца стварэння крыніц. Напрыклад, такія адзінкі вымярэння плошчы як валокі, моргі і пруты пачалі актыўна выкарыстоўвацца на землях Беларусі з 1550-х гг. у сувязі з правядзеннем «валочнай памеры» — аграрнай рэформы, якая прадугледжвала падзел усёй зямлі маёнтка на асобныя падатныя адзінкі «валокі». Такім чынам, дакумент, у якім напісана пра тое, што зямля была падзелена на валокі, моргі і пруты, мог быць складзены не раней 1550-х гг. Адна з задач гістарычнай метралогіі — перавод адзінак вымярэння з гістарычных крыніц у сучасную адзіную сістэму вымярэння СІ. Гэта дазваляе рабіць матэматычныя вылічэнні і параўноўваць колькасныя паказчыкі крыніц паміж сабой.
Палеаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вывучэннем знешніх прыкмет рукапісных крыніц (вонкавы выгляд, матэрыял, прылады пісьма, графіка крыніцы) займаецца такая спецыяльная гістарычная дысцыпліна як палеаграфія. З дапамогай палеаграфіі даследчык можа правільна прачытаць рукапісную крыніцу і, такім чынам, правільна яе інтэрпрэтаваць. Вывучэнне візуальным і метрычным метадамі палеаграфіі почырку (устаў, паўустаў, скорапіс), якім напісана крыніца, дазваляе яе датаваць. Некаторыя віды почыркаў (напрыклад, паўустаў або скорапіс) мелі лакальныя асаблівасці, што дазваляе лакалізаваць (вызначыць месца стварэння) крыніцы, напісанай тым ці іншым відам почырка. Удакладніць датыроўку і лакалізацыю рукапісных крыніц дапамагае таксама вывучэнне чарніла, вокладкі, прылады пісьма. Вызначыць час стварэння крыніц, напісаных на паперы, дазваляюць таксама філіграні («вадзяныя знакі»). Напрыклад, царкоўны ўстаў смаленскага князя Расціслава Мсціславіча 30 верасня 1150 года дайшоў да нас у выглядзе копіі ў сшытку, папера якога датуецца па вадзяным знаку «Тыяру» 1534 г. Тэкст копіі ўстава напісаны старабеларускім паўставам XVI ст., які пераходзіць у скорапіс.
Эпіграфіка
[правіць | правіць зыходнік]Эпіграфіка — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае змест і формы надпісаў на цвёрдых матэрыялах (камень, кераміка, метал і інш.) і класіфікуе іх у паводле іх часовага і культурнага кантэксту. Вывучэннем старажытнага пісьма, зробленага пераважна чарнілам, займаецца асобная дысцыпліна палеаграфія. Эпіграфічныя тэксты — адна з асноўных крыніц палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай гісторыі. Як правіла, час стварэння надпісаў адпавядае змешчаным ў іх звесткам.
Кадыкалогія
[правіць | правіць зыходнік]Кадыкалогія — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае старажытную і сярэдневяковую рукапісную кнігу; таксама раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан старажытнай кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і іншыя надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае даныя пра яе геаграфію і гісторыю.
Нумізматыка
[правіць | правіць зыходнік]Нумізматыка — гэта спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем грошай і грашовых сістэм, вытворчасці і абароту грошай. Даследаванне манет дазваляе высветліць фінансавае і эканамічнае становішча дзяржавы ў пэўны момант часу, знешні выгляд і тытул кіраўніка дзяржавы, агульнадзяржаўны герб. Згадка назвы грашовых адзінак або выкарыстаных грашовых сістэм дапамагае датаваць і лакалізаваць пісьмовыя крыніцы. Напрыклад, адначасовая згадка літоўскай і польскай грашовых сістэм (разам з іншымі ўскоснымі прыкметамі) дазволіла датаваць інвентар маёнтка Смаргоні Ашмянскага павета Віленскага ваяводства 1640-мі гг.
Баністыка
[правіць | правіць зыходнік]Баністыка — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае ўстарэлыя грашовыя знакі і боны як гістарычныя дакументы, якія адлюстроўваюць эканамічнае і палітычнае становішча грамадства ў той час. Узнікла ў пачатку XX стагоддзя і цесна звязана з нумізматыкай. Калекцыяніраванне папяровых грашовых знакаў таксама называюць баністыкай.
Фалерыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Вывучэннем такіх гістарычных крыніц, як ордэны, медалі, узнагародныя і памятныя знакі, займаецца спецыяльная гістарычная дысцыпліна фалерыстыка. Выкарыстанне яе метадаў дазваляе дакладней датаваць і лакалізаваць выяўленчыя крыніцы, напрыклад, можна ўстанавіць асобу гістарычнага дзеяча, намаляванага на партрэце, карціне або фатаграфіі, калі ён быў узнагароджаны ордэнам, медалём або памятным знакам.
Геральдыка
[правіць | правіць зыходнік]Даследаванню гістарычных крыніц спрыяе выкарыстанне звестак геральдыкі — спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны, якая займаецца вывучэннем гербаў. Малюнак гербаў на рэчавых, пісьмовых і выяўленчых крыніцах, пячатках дазваляе іх датаваць і лакалізаваць, а таксама ўстанаўляць, каму належала, ад чыйго імя была створана крыніца або хто быў яе аўтарам. Напрыклад, наяўнасць герба Льва Сапегі ў выданні Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. кажа аб яго асаблівых правах у стварэнні і распаўсюджванні гэтай крыніцы.
Генеалогія
[правіць | правіць зыходнік]Пры высвятленні аўтара гістарычнай крыніцы, а таксама пры персаніфікацыі асоб, якія бралі ўдзел у падзеях мінулага, эфектыўна прымяняюцца даныя генеалогіі — спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны, якая займаецца гісторыяй асобных родаў. Напрыклад, вядома што аўтарам «Перэгрынацыі ў Святую Зямлю», выдадзенай у 1601 г., быў Радзівіл. Даныя генеалогіі дазваляюць высветліць, што гэта быў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549—1616), сын лідара Рэфармацыі ў ВКЛ князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1512—1565).
Гістарычная храналогія
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычная храналогія — спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае сістэмы летазлічэння і календары розных народаў і дзяржаў, дапамагае высвятляць даты гістарычных падзей і час стварэння гістарычных крыніц.
Гістарычная інфарматыка
[правіць | правіць зыходнік]Неабходнасць вывучэння масавых гістарычных крыніц, якія змяшчаюць інфармацыю аб масавых працэсах і з’явах, захаваліся ў вялікай колькасці, маюць шматлікія колькасныя паказчыкі, прымусіла навукоўцаў звярнуцца да колькасных (матэматыка-статыстычных) метадаў аналізу. Гэты працэс, пачынаючы з 1950-х — 1960-х гг., стымуляваўся развіццём новай вылічальнай тэхнікі («Вялікіх ЭВМ»), а потым з другой паловы 1980-х гг. — персанальных камп’ютараў, ён значна палегчыў працаёмкія разлікі. Выкарыстоўваючы высновы сфармуляванага І. Д. Кавальчанкам вучэння аб гістарычным крыніцы ў святле тэорыі інфармацыі аб наяўнасці ў крыніцы схаванай інфармацыі, Л. І. Бародкін, Н. Б. Селунская, І. М. Гарскова і іншыя навукоўцы-кліаметрысты выяўлялі скрытыя ўзаемасувязі паміж дадзенымі ў гістарычных крыніцах метадамі множнай рэгрэсіі, карэляцыйнага і факторнага аналізу, класіфікавалі гістарычныя аб’екты (губерні або сялянскія гаспадаркі) па колькасных прыкметах метадам кластар-аналізу. Група навукоўцаў на чале з Л. В. Міловым распрацавала метады вызначэння аўтарства ананімных тэкстаў па фармальным стылявым асаблівасцям тэксту (спосабу пабудовы сказаў, узаемасувязяў паміж часткамі мовы). Л. І. Бародкін і Л. В. Мілоў сфармулявалі методыку пабудовы па фармальных прыкметах іерархічнага дрэва спісаў рукапісных крыніц. Выкарыстанне колькасных метадаў і інфармацыйных тэхналогій дазваляе таксама расшыфроўваць крыніцы, напісаныя на невядомай мове (напрыклад, у працах В. Л. Усцінава пра мову мая), мадэляваць на падставе дадзеных, вынятых з крыніц, ход гістарычных працэсаў.
У 1980-х — пач. 90-х гадоў часта выкарыстоўваўся тэрмін «кампутарнае крыніцазнаўства», які адлюстроўвае ролю новых тэхналогій працы з гістарычнымі крыніцамі. У сярэдзіне 1990-х сфармавалася новая навуковая дысцыпліна — гістарычная інфарматыка, у аснове якой ляжыць сукупнасць тэарэтычных і прыкладных ведаў, неабходных для стварэння і выкарыстання ў даследчай практыцы машыначытальных версій гістарычных крыніц розных відаў. Першымі ў практыцы гістарычных даследаванняў у машыначытальны выгляд сталі перакладацца крыніцы статыстычнага характару. Найбольшай папулярнасці ў 1980-1990-я гады дасягнула тэхналогія стварэння баз даных, якая выкарыстоўваецца для прадастаўлення і аналізу структураваных крыніц (дакументальных, рэчыўных). Найбольш цяжкімі для фармалізацыі і пераводу ў машыначытальны від з’яўляюцца наратыўная крыніцы (апавядальныя), для такіх было распрацавана спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое ўлічвае іх спецыфіку. У апошнія дзесяцігоддзі ўсё больш прыкметную ролю ў інфармацыйным забеспячэнні гістарычных даследаванняў гуляюць тэхналогіі алічбоўвання малюнкаў (карцін, абразоў, схем, карт і г.д.).
Выкарыстанне іншых дысцыплін
[правіць | правіць зыходнік]Анамастыка
[правіць | правіць зыходнік]Анамастыка — раздзел мовазнаўстава, які вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання, а таксама сукупнасць уласных імён — анімію, анамастыкон. Уласныя імёны мастацкіх твораў даследуе паэтычная анамастыка. Раней замест тэрміна анамастыка ўжываўся тэрмін тапанамастыка. Спецыфіка прадмета анамастыкі ў тым, што яго вывучэнне выходзіць за межы мовазнаўства і патрабуе ўліку гістарычных, геаграфічных, сацыяльна-эканамічных і іншых фактараў.
Асноўныя і найбольш распрацаваныя раздзелы анамастыкі — тапаніміка, якая вывучае ўласныя назвы геаграфічных аб’ектаў, і антрапаніміка, якая вывучае ўласныя імёны людзей.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. Б. Каун, О. Л. Липницкая, С. Н. Ходин. Теория и история источниковедения. Учебно-методический комплекс для студентов заочных отделений гуманитарных факультетов вузов. Минск, 2001.
- Специальные исторические дисциплины. Учеб. пособие / Сост. М. М. Кром. СПб.: Дмитрий Буланин, 2003. 634 с.
- Учебно-методическое пособие со сборниками снимков русского письма XI—XVIII вв. / А. В. Муравьев. — М., 1975.
- Вспомогательные исторические дисциплины. А. П. Пронштейн, В. Я. Кияшко. — М., 1973.
- Вспомогательные исторические дисциплины: классическое наследие и новые направления: материалы XVIII науч. конф. Москва, 26-28 янв. 2006 г. / редкол. : В. А. Муравьев (отв. ред.), Д. А. Добровольский (отв. секретарь), Р. Б. Казаков, Е. В. Пчелов, М. Ф. Румянцева, О. И. Хоруженко, Ю. Э. Шустова ; Рос. гос. гуманитар. ун-т, Ист.-арх. ин-т, Каф. источниковедения и вспомогат. ист. дисциплин. — М. : РГГУ, 2006. — 457 с.
- Вспомогательные исторические дисциплины: Учебно-методический модуль / Под ред. В. А. Муравьева. М., 2004. С.109-117. — (Я иду на занятия…).
- Календарно-хронологическая культура и проблемы ее изучения: к 870-летию «Учения» Кирика Новгородца: материалы науч. конф. Москва, 11-12 дек. 2006 г. / сост. Ю. Э. Шустова; редкол.: Р. А. Симонов (отв. ред.) и др.; Рос. гос. гуманитар. ун-т, Ист.-арх. ин-т, Каф. источниковедения и вспомогат. ист. дисциплин, Ин-т всеобщ. истории РАН, Моск. гос. ун-т печати. — М.: РГГУ, 2006.
- Палеография и кодикология: 300 лет после Монфокона: Материалы междунар. науч. конф. Москва, 14-16 мая 2008 г. М., 2008. С.265-295.
- Вспомогательные исторические дисциплины в пространстве гуманитарного знания : материалы XXI междунар. науч. конф. Москва, 29-31 янв. 2009 г. М.: РГГУ, 2009.
- Проблемы дипломатики, кодикологии и актовой археографии: Материалы XXIV Междунар. науч. конф. Москва, 2-3 февр. 2012 г. / редкол.: Ю. Э. Шустова (отв. ред.) и др.; Рос. гос. гуманитар. ун-т, Ист.-арх. ин-т, Высшая школа источниковедения, спец. и вспо-могат. ист. дисциплин; Рос. акад. наук, ФГБУН ИВИ РАН, Археогр. комиссия. М.: РГГУ, 2012. 548 с. http://iai.rsuh.ru/binary/1830235_44.1330127574.48892.pdf Архівавана 25 жніўня 2014.