Дараванне (аповесць)
| Дараванне=Прощение=Vergebung | |
|---|---|
| Дарава́нне=Проще́ние=Vergе́bung | |
| Вокладка асобнага выдання аповесці. | |
| Жанр | аповесць |
| Аўтар | Алена Брава |
| Мова арыгінала | беларуская |
| Дата напісання | 2011 |
| Дата першай публікацыі | 2013 |
| Асобнае выданне | 2013 |
| Выдавецтва | Выдавецкі дом «Звязда» |
| Колькасць старонак | 208 |
| Ілюстратар | Р. М. Найдзен |
| Афармленне | А. Г. Шклярэўская |
| Пераклад на беларускую | 2013 |
| Перакладчык | Андрэ Бём |
| Носьбіт | кніга |
| ISBN | 978-985-7059-28-7 |
«Дарава́нне» — аповесць беларускай пісьменніцы Алены Брава, выдадзеная ў 2013 годзе ў мінскім выдавецкім доме «Звязда» тыражом 1 418 экзэмпляраў ― менавіта столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна[1]. Асобнае выданне з апавяданнем завяршае інтэрв’ю-пасляслоўе з аўтарам, якое ўзяў літаратуразнаўца Алесь Карлюкевіч.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Старажытнагрэчаскае слова «алетэйя» («ісціна») літаральна азначае «адсутнасць забыцця». Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну, — да такой высновы прыходзіць гераіня аповесці Алены Брава «Дараванне» беларуска Ларыса Вашкевіч, вымушаная даглядаць у Германіі Ганса Краўза — цяжкахворага бацьку свайго мужа. Аднойчы Ларыса, чыя сям’я пацярпела ад фашызму ў гады акупацыі Беларусі, даведваецца пра тое, што Ганс у гэты час служыў у вермахце, і не дзе-небудзь, а ў яе родных мясцінах. Рашэнне жанчыны адназначнае: пакінуць дом былога акупанта. Аднак ні муж, ні суайчынніца-эмігрантка, ні нават дарослая дачка не разумеюць яе.
Дык што прымушае Ларысу Вашкевіч не спаць уночы: выхадкі былога нямецкага салдата, які пакутуе на хваробу Альцгеймера і таму лічыць, што вайна яшчэ працягваецца? Гульня каляровых шкельцаў у калейдаскопе Мнемазіны? Ці «замацаванне афекту» гістарычнай памяці?
Выданні і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню надрукавана ў часопісе «Маладосць» у 2011 годзе. У перакладзе аўтара на рускую мову надрукавана ў расійскім літаратурна-мастацкім часопісе «Сибирские огни». Пераклад на нямецкую мову для асобнага выдання аповесці зрабіў Андрэ Бём.
Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў-баталістаў і марыністаў (Масква) у 2011 годзе адзначыла аповесць літаратурнай прэміяй імя Канстанціна Сіманава.
Зноскі
- ↑ Брава Алена. Дараванне. knihi.by. Праверана 13 кастрычніка 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх