Джамскі мінарэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джамскі мінарэт
Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 211
рус.англ.фр.

Джамскі мінарэт — аб'ект са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, які прадстаўляе сабой мінарэт 12 ст., размешчаны на паўночным захадзе Афганістана. Па вышыні гэта другі найбольш высокі мінарэт у свеце (болей за 60 метраў), пабудаваны з апаленай цэглы[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Як сведчыць надпіс на мінарэце, ён быў узведзены ў 1194 годзе ў горадзе Фірузкух султанам з дынастыі Гурыдаў у гонар сваіх ваенных перамог. Аднак праз дваццаць з лішнім гадоў горад быў амаль цалкам разбураны войскам Чынгісхана.

Мінарэт паўстаў з нябыту праз 700 гадоў, калі ў 1943 годзе Абдула Хан Малекяр, губернатар Герата, упершыню зрабіў фатаграфіі мінарэта і паведаміў аб ім Ахмеду Алі Каазаду, прэзідэнту Афганскага гістарычнага таварыства.

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Мінарэт знаходзіцца ў цясніне, якую акружаюць цяжкапраходныя горы. Буйных населеных пунктаў паблізу няма. З-за гэтага, а таксама з-за ваенных канфліктаў у краіне помнік сур'ёзна не вывучаны.

19 жніўня 1957 года французскі археолаг Андрэ Марык першым з еўрапейскіх вучоных даследаваў мінарэт, і ў 1958 годзе апублікаваў даклад у «Запісках французскай дэлегацыі ў Афганістане»[2].

Некалькі экспедыцый у 1960-х гг. пачалі раскопкі гарадзішча. Былі знойдзены руіны палаца, мусульманскія і яўрэйскія могілкі (ёсць надмагіллі з надпісамі на іўрыце), рэшткі ўмацаванняў, уваход у мінарэт.

Мінарэт Джама належыць да групы з прыкладна 60 мінарэтаў і вежаў, пабудаваных паміж 11-м і 13-м стагоддзямі ў Сярэдняй Азіі, Іране і Афганістане. Мінарэты, як мяркуюць, былі пабудаваны як сімвалы перамогі ісламу, у той час як іншыя вежы былі проста арыенцірамі або вартаўнічымі вежамі.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Мінарэт і навакольны ландшафт былі паспяхова вылучаны ў якасці першага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Афганістане ў 2002 годзе[3], таксама ўключаны ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якія знаходзяцца пад пагрозай, з-за дрэннага стану захаванасці мінарэта і вынікаў рабаванняў.

Мінарэт Джама знаходзіцца пад пагрозай эрозіі, прасочвання вады і паводкі з-за сваёй блізкасці да рэк Хары і Джам. Іншая пагроза — землятрусы, якія часта здараюцца ў гэтым рэгіёне. Вежа была нахілена, і ў розны час праводзіліся стабілізацыйныя работы[4].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. NATO Channel, Discover Afghanistan — The Minaret of Jam, August 2013, http://www.youtube.com/watch?v=5F8SREfehZ4
  2. Джамскі мінарэт. goroda-mira.com/. Праверана 15 лістапада 2016.(недаступная спасылка)
  3. Minaret and Archaeological Remains of Jam. UNESCO World Heritage Center. UNESCO. Праверана 14 лістапада 2016.
  4. Cruickshank, Dan (23 April 2008). "Meeting with a Minaret". The Guardian.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Тысяча чудес света. — СПб: ООО «СЗКЭО», 2007. — 336 с.