Джэймс Сомервіль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джэймс Фаўнс Сомервіль
англ.: James Fownes Somerville
Дата нараджэння 17 студзеня 1882(1882-01-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 19 сакавіка 1949(1949-03-19) (67 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прыналежнасць Каралеўскі ваенна-марскі флот Вялікабрытаніі
Род войскаў флот
Гады службы 1897-1945
Званне адмірал флоту
Камандаваў Злучэнне H
Брытанскі Усходні флот
Бітвы/войны Аперацыя «Катапульта»
Узнагароды і званні
Рыцар Вялікага крыжа найшаноўнага ордэна Лазні
Рыцар Вялікага крыжа найшаноўнага ордэна Лазні
Кавалер ордэна Брытанскай імперыі, ваенны
Кавалер ордэна Брытанскай імперыі, ваенны
Кавалер ордэна «За выдатныя заслугі»
Кавалер ордэна «За выдатныя заслугі»
Ордэн «Легіён пашаны» ступені Галоўнакамандуючага
Ордэн «Легіён пашаны» ступені Галоўнакамандуючага
У адстаўцы 1945
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сэр Джэ́ймс Фаўнс Со́мервіль (англ.: James Fownes Somerville, 17 ліпеня 1882 — 19 сакавіка 1949) — адзін з самых знакамітых брытанскіх адміралаў Другой сусветнай вайны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Джэймс Сомервіль нарадзіўся ў 1882 годзе ў Уэйбрыджы (графства Сурэй). 15 студзеня 1897 года ён паступіў кадэтам у Каралеўскі флот, а 15 сакавіка 1904 года атрымаў званне лейтэнанта. Сомервіль стаў вядучым спецыялістам флоту ў вобласці радыёсувязі. Падчас Першай сусветнай вайны ён удзельнічаў у Дарданэльскай аперацыі і быў узнагароджаны ордэнам «За выдатныя заслугі».

Пасля вайны Сомервіль застаўся на службе, 31 снежня 1921 года атрымаў званне кэптэна і стаў камандаваць лінкорам «Бенбау». З 1925 па 1927 год Сомервіль служыў начальнікам Аддзела сувязі Адміралцейства, у 1927 годзе стаў флаг-капітанам адмірала Джона Кэлі, а з 1929 па 1931 гады быў інструктарам па ваенна-марской справе ў Імперскім каледжы абароны. У 1932 годзе ён атрымаў званне камадора і стаў начальнікам Флоцкіх казармаў у Портсмуце. 12 кастрычніка 1933 года атрымаў званне контр-адмірала, з 1934 года ўзначаліў Кадравую службу Адміралцейства.

З 1936 па 1938 год Сомервіль камандаваў флатыліяй эсмінцаў Міжземнаморскага флоту і ў гады грамадзянскай вайны ў Іспаніі дапамагаў прыкрываць Мальёрку ад рэспубліканцаў. У 1938—1939 гадах ён быў галоўнакамандуючым Ост-Індскай станцыі, а ў 1939 годзе быў вымушаны сысці ў адстаўку (у яго памылкова дыягнаставалі сухоты).

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Сомервіль быў ізноў закліканы на службу, і стаў працаваць у Аддзеле радараў. У маі 1940 года Сомервіль пад камандаваннем адмірала Бертрама Рамсея дапамагаў арганізоўваць дзюнкеркскую эвакуацыю.

Пасля таго, як было сфарміравана Злучэнне H, якое базіравалася ў Гібралтары, Сомервіль атрымаў пад камандаванне яго флагман — лінейны крэйсер «Худ». Пасля таго, як 22 чэрвеня 1940 года маршал Петэн падпісаў перамір'е з Германіяй, Чэрчыль аддаў загад знішчыць асноўную частку французскага флоту. Нягледзячы на тое, што ўнутрана Сомервіль лічыў гэты загад памылковым, ён яго выканаў, і 3 ліпеня 1940 года расстраляў французскі флот у Мерс-эль-Кебіры. У якасці главы Злучэння H 9 лютага 1941 года Сомервіль арганізаваў рэйд на Геную, а 26 мая 1941 года адыграў важную ролю ў патапленні германскага лінкора «Бісмарк». Яму неаднаразова даводзілася арганізоўваць прычыненне важных ваенных канвояў, якія ішлі на Мальту і ў Егіпет. За свае заслугі ў справе камандавання Злучэннем H Сомервіль атрымаў у 1941 годзе Ордэн Брытанскай імперыі.

У сакавіку 1942 года Сомервіль быў прызначаны галоўнакамандуючым Усходнім флотам. Пасля падзення Сінгапура флот базіраваўся ў Трыкамалі, аднак Сомервіль быў нездаволены тым, якую бяспеку гэта база магла забяспечыць флоту, і загадаў стварыць сакрэтную базу для флоту на атоле Аду ў паўднёвай частцы Мальдыўскіх астравоў. Пасля заняцця японцамі Андаманскіх астравоў флот быў пераведзены на Аду і ў гавань Кіліндзі каля Мамбасы (Кенія). Японскі рэйд у Індыйскі акіян, здзейснены ў красавіку 1942 года, прадэманстраваў правільнасць дзеянняў Сомервіля. У 1944 годзе, пасля атрымання падмацаванняў, Сомервіль змог перайсці ў наступ і арганізаваў шэраг авіяносных нападаў на акупаваную японцамі Галандскую Ост-Індыю.

Улетку 1944 года Сомервіля на пасадзе камандуючага Усходнім флотам змяніў адмірал Брус Фрэйзер. Праз два месяца Сомервіль узначаліў Дэлегацыю Брытанскага Адміралцейства ў Вашынгтоне, застаючыся на гэтай пасадзе да снежня 1945 года. 8 мая 1945 года ён атрымаў званне Адмірала флоту.

Пасля вайны Сомервіль выйшаў у адстаўку. У жніўні 1946 года ён стаў лордам-намеснікам Сомерсета, і жыў у сямейным маёнтку ў Дындэр-хаус, дзе і сканаў у 1949 годзе.