Перайсці да зместу

Дзень адзінства балтаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дзень балцкага адзінства)

Дзень адзі́нства ба́лтаў (літ.: Baltų vienybės diena, лат.: Baltu vienības diena) — свята прыхільнікаў агульнабалцкай этнічнай ідэнтычнасці ў Літве, Латвіі і на былых балцкамоўных землях на ўсходзе ад іх, святкуецца 22 верасня.

У Літве і Латвіі гэты дзень заканадаўча ўключаны ў спіс «памятных дзён» (літ.: atmintina diena, лат.: atceres diena)[1][2]. Пастанову пра Дзень адзінства балтаў адначасна прынялі парламенты Літвы і Латвіі 18 траўня 2000 г.

У 2017 годзе міністэрствы замежных спраў Літвы і Латвіі заснавалі супольную «Балцкую ўзнагароду», якая ад 2018 года ўручаецца штогоду перад Днём адзінства балтаў.

Гісторыя даты

[правіць | правіць зыходнік]
Карціна Волдэмара Вімбы «Саўлэская бітва» (Saules kauja), 1937
Карціна Волдэмара Вімбы «Саўлэская бітва» (Saules kauja), 1937

Гістарычная падстава Дня адзінства балтаў — перамога над войскам Ордэна мечаносцаў, здзейсненая аб’яднаным войскам зямгалаў і жамойтаў у бітве пры Саўле на чале з жамойцкім князем Вікінтам 22 верасня 1236 г. У выніку разбіты Ордэн мечаносцаў быў вымушаны неўзабаве далучыцца да Тэўтонскага ордэна.

Гістарычнае значэнне бітвы — запыненне місіянізатарскай навалы крыжакоў і выйграны час для гуртавання і ўзмацнення Вялікага Княства Літоўскага. Важным з’яўляецца адзінства плямёнаў (зямгальскага і жамойцкага) супраць агульнага ворага (хрысціянізатараў-крыжакоў), і гэта лічыцца зачаткамі надпляменнага, прота-дзяржаўнага мыслення.

"Дзень адзінства балтаў". Андрэйс Брокс, 2019
«Дзень адзінства балтаў». Андрэйс Брокс, 2019

Першае святкаванне ўгодкаў бітвы пры Саўле адбылося ў 1986 годзе, на 750-годдзе падзеі. Наступныя гады адзначалі найперш энтузіясты з літоўскіх Шаўляў і церазмежнай латвійскай Елгавы (каля Шаўляў — найбольш верагоднае месца бітвы).

Заканадаўчую прапанову пра святкаванне Дня адзінства балтаў у парламент Літвы ў 2000 годзе ўнёс парламентарый Рымантас Смятона, тагачасны кіраўнік парламенцкай групы па сувязях з Латвійскай Рэспублікай і пляменнік даваеннага прэзідэнта Антанаса Смятоны. Узгоднена з літоўскімі калегамі прапанову ў парламент Латвіі ўнёс парламентарый, літовец з паходжання Ромуалдс Ражукс. «Я мяркую, што бітва пры Саўле як гістарычны факт — гэта толькі прэтэкст, нагода для таго, каб нам глядзець наперад. А ўжо справа гісторыкаў — даследаваць значэнне гэтай падзеі і яе адлюстроўваць», — казаў пры абмеркаванні прапановы ў Сейме Літвы Р. Смятона. У 2019 годзе латвійскі дызайнер Андрэйс Брокс прапанаваў графічны сімвал Дня адзінства балтаў — геаметрычную выяву дрэва, на «ствале» якога закампанаваныя ў ромб дзяржаўныя сцягі Латвіі, Літвы, а таксама чорна-чырвона-чорны (неафіцыйны сцяг руху «новых прусаў») і бел-чырвона-белы сцягі.

«Вогненны перагук»

[правіць | правіць зыходнік]
Дзень адзінства балтаў на гары Шатрыя на літоўскай Жамойці
Дзень адзінства балтаў на гары Шатрыя на літоўскай Жамойці, 2021

У 2005 годзе краязнаўчы клуб «Аўкурас» (літ.: aukuras «алтар, ахвярнік») з Шаўляў, які ўзначальвае мясцовы дзеяч этнакультурнага руху Дарус Раманчоніс, правёў першую прымеркаваную да Дня адзінства балтаў маштабную рэгіянальную акцыю «Вогненны перагук» (літ.: Ugnies sąšauka). На трох гарадзішчах Жамойцкага ўзвышша «аўкураўцы» запалілі вялікія вогнішчы. Семантычнае поле Дня адзінства балтаў, такім чынам, было папоўненае значэннем 22 верасня як «парубежнай» пары восеньскага раўнадзення, калі ноч зраўноўваецца з днём і пачынаецца цямнейшае паўгоддзе.

Іншы літоўскі этнакультурнік Ёнас Вайшкунас удакладняў, што гэта час пераходу ад знешніх работаў да ўнутранай работы, да клопату пра ўнутраны свет і да культывавання памяці пра продкаў, у тым ліку пра аддаленыя ў часе даўнейшыя балцкія плямёны. На тэрыторыі цяперашняй Беларусі Дзень адзінства балтаў упершыню быў публічна адзначаны ў 2009 годзе на тэрыторыі Менскага гарадзішча, калі было запаленае першае памятнае вогнішча.

Пачынаючы з 2014 года святкаванне Дня адзінства балтаў пераходзіць пад эгіду этнакультурнага інтэрнэт-партала «Свайкста». Геаграфія вогнішчаў ахоплівае не толькі некалькі дзясяткаў месцаў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, але і захад цяперашняй Расіі (да актыўнай і раней Цвяры далучаюцца Вязьма, Калуга, Варонеж, Курск, Падмаскоўе). Агні Дня адзінства балтаў у розныя гады палалі на поўдні Беларусі (у Пінску, Пружанах, Жабінцы, Камянцы) і на ўсходзе краіны (Рагачоў, Орша, Магілёў, Гомель, Віцебск). Традыцыйна актыўны прылеглы да Літвы і Латвіі паўночны захад (Вілейка, Маладзечна, Смаргонь).

Прымеркавана да Дня адзінства балтаў у 2018 годзе ў Мінску канцэртаваў літоўскі гурт абрадавых спеваў «Кулгрында».

Ахвяраванне саламянага козліка каля літоўскіх Мажэек, 2018
Ахвяраванне саламянага козліка каля літоўскіх Мажэек, 2018

У 2016 годзе музычны гурт «Eizva» прадставіў прысвечаную Дню адзінства балтаў кампазіцыю «Дзень адзінства»[3].

У 2017 годзе гэты ж гурт прадставіў сумесную з гомельскай фолк-спявачкай Ірынай Глушэц кампазіцыю «Стаіць козлік»[4], якая прысвечаная звычаю падчас Дня адзінства балтаў урачыста спальваць саламянага козліка. У канцы кампазіцыі ў відэакліпе падаецца ўрывак з «Судаўскай кніжкі» XVI стагоддзя, у якім апісваецца абрадава-рэлігійная традыцыя старажытных прусаў ахвяраваць казла.

З Днём адзінства балтаў таксама звязаная практыка апошніх гадоў спальваць вялікія саламяныя скульптуры (у тым ліку ў выглядзе арнаментацыйных знакаў) у Літве і Латвіі.

Зноскі