Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч
ваявода кіеўскі
1492 — 1505
Папярэднік Юрый Пац
Пераемнік Іван Львовіч Глінскі

Нараджэнне не пазней за 1440
Смерць 1505[1]
Месца пахавання
Род Друцкія
Бацька Іван Сямёнавіч Пуцята

Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч з князёў Друцкіх (да 1440 — 1505) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, намеснік мцэнскі і любуцкі, намеснік бранскі (згадв. 1486—1488), ваявода кіеўскі (1492—1505).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сын князя Івана Пуцяты з роду князёў Друцкіх. Упершыню «князь Дзімітр» згаданы ў 1455 годзе як сведка запісу князя Андрэя Уладзіміравіча[2].

У 1467 годзе (12 красавіка 15-га індыкта) памяняўся з панам Іванам Іллінічам сёламі ў Друцкім княстве — сваё «сяло Іллі Дзірыніча» на сяло Харковічы (абодва цяпер пэўна не лакалізуюцца) — у мяноўным лісце паны Пуцяціч і Іллініч ніякімі ўрадамі не тытулуюцца[3]. У тым жа 1467 годзе як «князь Мітка Іванавіч» быў сведкам запісу князя Юрыя Нясвіцкага жонцы[2].

У 1486 годзе, як намеснік мцэнскі і любуцкі, паведамляў каралю Казіміру пра набег разанцаў і спаленне імі Мцэнска. Раней дакумент датавалі 1456 годам[4], пад ім князя Дзмітрыя Пуцяціча згадваюць у многіх даследаваннях[5]. Аднак пасольства караля Казіміра да неназванага вялікага князя разанскага, дзе згадана паведамленне намесніка пра набег, датавана 9 чэрвеня 4-га індыкта, які ў перыяд валадарства караля Казіміра прыпадаў на 1441, 1456, 1471 ці 1486 гады. Урэшце, 1486 год болей пэўны, бо кніга Літоўскай Метрыкі з запісам дакумента змяшчае пасольствы за 1479—1486 гады[6]. Чэрвенем 1486 года князь Дзмітрый Пуцяціч як намеснік любуцкі і мцэнскі паведамляў каралю пра напад 8 мая 1486 года на «мецнян и любучан» маскоўскага войска[7][8]. У тым жа 1486 годзе атрымаў ад караля са скарбу 5 коп грошаў[2].

З ліпеня 1486 па верасень 1488 года князь Дзмітрый Пуцяціч згадваецца як намеснік бранскі[9] — у маі 1487 і верасні 1488 года[10] яму адрасаваны указныя лісты караля Казіміра, у снежні 1487 года[11] атрымаў з мыта бранскага 20 коп грошаў. Магчыма, гэта новы урад князя Дзмітрыя Пуцяціча, але іншы намеснік мцэнскі і любуцкі вядомы толькі з 1492 года. На думку Алега Харужэнкі, перавод у Бранск, напэўна, можна звязаць са шлюбам стрыечнай пляменніцы князя Дзмітрыя Пуцяціча — Аграфены (дачкі князя Васіля Бабіча), з вялікім князем разанскім[12]. З 20.10.1492[13] года называны ваяводам кіеўскім.

У 1499 годзе (14.3) у Вільні быў сведкам прывілея Менску на магдэбургскае права. У 1499 годзе ад вялікага князя Аляксандра атрымаў Крошын у Новагародскім павеце і Палажаны ў Любашанскай воласці. На думку Харужэнкі, тым часам князь Пуцяціч магчыма чакаў нараджэння дзіця, бо ў надаўчым акце адзначана, што пры нараджэнні сына Крошын і Палажаны мусяць адысці яму, што не было тыповай фармулёўкай для падобных актаў[14]. Нашчадкаў у князя Дзмітрыя Пуцяціча, аднак, не было.

У 1500 годзе ездзіў з пасольствам да крымскага хана Менглі-Гірэя і, напэўна, завязаў з ім прыязныя адносіны, бо ў 1502 годзе хан паведамляў «прыяцелю свайму князю Дзімітрыю» пра разгром хана Шэйх-Ахмеда. Наступнае пасольства караля Аляксандра да хана Менглі-Гірэя і паведаміла яму пра смерць князя Дзмітрыя на пачатку 1505 года.[2]

Трымаў родавыя вотчыны Стараселле, Радча і Лясныя[15], а таксама Зарэмцы і іншыя.

Пасля смерці князя Дзмітрыя Пуцяціча апекуном яго маёмасці быў князь Міхаіл Глінскі. На памін душы праваслаўнай царкве часткова былі запісаны Зарэмцы, Лагі і Белічаны — палова даннікаў ў Зарэмцах з мядовай данінай перайшла Багародзіцкай царкве ў Вільні, частка Лагоў і Белічан перайшла Кіева-Пячорскай лаўры. Частку спадчыны атрымаў князь Талачынскі[2], астатняе перайшло да родзічаў князёў Друцкіх-Пуцяцічаў і Друцкіх-Горскіх[2] (у т.л. частка даннікаў у Белічанах) і да князя Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага (у т.л. частка Зарэмцаў і Лагоў).

Пячатка[правіць | правіць зыходнік]

Медная літая з пазалотай матрыца пячаткі нейкага князя Дзмітрыя знойдзена «чорнымі капальнікамі» ў Алексінскім раёне Тульскай вобласці Расіі «за 8 км на поўдзень ад Алексіна і за 2 км ад сяла Шыраносава, месца колішняй вёскі» ў складзе скарбу, «найранейшая манета, знойдзеная тамсама, дзе і пячатка, належыць часу Івана III (1462—1505) або Васіля III (1505—1533)». Апублікавана ў 2007 годзе ў зборніку помнікаў сфрагістыкі, знойдзеных праз «металапошук» і аселых ў прыватных калекцыях, недасяжных даследчыкам.[16]

Дыяметр пячаткі 22 мм. Кругавы надпіс у абадку «† Печ[а]ть кн[ѧ]зѧ Дмитрєѧ». У цэнтры — тамгападобная фігура, апісаная публікатарамі як «стаячая калона з двума сіметрычнымі С-падобнымі завіткамі па баках». Палеаграфічныя асаблівасці надпісу дапускаюць шырокі дыяпазон датавання — у межах XV ст.

Публікатары звузілі датаванне 2-й чвэрцю XV ст., што не суадносіцца з датаваннем манет са скарбу. Магчымых уладальнікаў публікатары выбіралі з ліку вярхоўскіх князёў — лічылі найбольш імаверным Дзмітрыя Усеваладавіча Шуціху-Мязецкага (узг. 1422—1424, 1440), з меншай імавернасцю Дзмітрыя Сямёнавіча Тарускага (кан. XIV — пач. XV ст.) або Дзмітрыя Фёдаравіча Варатынскага (узг. 1483, 1488—1496) — «па месцы знаходкі», бо на іх думку ўладальнік мог згубіць пячатку ў межах вотчыны або ў непасрэднай блізкасці ад яе. Гэтаму крытэрыю публікатараў супярэчаць прапанаваныя імі асобы, месца знаходкі не належала да іх вотчын і не было ад іх у непасрэднай блізкасці.

На думку А. Харужэнкі, не варта абмяжоўваць мабільнасці князёў і кола магчымых уладальнікаў мясцовымі вотчыннікамі. Даследчык заўважае, што месца знаходкі знаходзіцца за 12 км да поўдня ад Любуцка, з канца XIV ст. і да 1503 года цэнтра павета Вялікага княства Літоўскага, дзе намеснікам у канцы XIV ст. быў князь Дзмітрый Пуцяціч. Таксама А. Харужэнка не абмежаваўся тоеснасцю часу, тытулу і імя, а параўнаў напячатную фігуру са знойдзенай матрыцы з фігурамі пячатак сваякоў князя Дзмітрыя Пуцяціча — яго бацькі князя Івана Пуцяты, дзядзькаў князёў Івана Бабы і Васіля Краснага. У выніку даследчык зрабіў выснову, што фігура тыпалагічна адпавядае фігурам з атрыбутаваных пячатак князёў Друцкіх і гэта ўзмацняе аргументацыю атаяснення ўладальніка пячаткі з князем Дзмітрым Друцкім-Пуцяцічам, намеснікам любуцкім.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV-XVIII wieku: spisyKórnik: Biblioteka Kórnicka, 2002. — С. 66. — 344 с. — ISBN 83-85213-37-6
  2. а б в г д е Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. — Warszawa,1895. — S. 62.
  3. Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях. — Мір: Музей «Замкавы комплекс „Мір“», 2015. — 374 с. — С. 293.
  4. Акты, относящиеся к истории Западной России / Собр. и изд. Археографической комиссией. — СПб., 1846. — Т. I: 1340—1506. — С. 71. № 58.
  5. Иловайский Д. И. История Рязанского княжества. — М., 1858. — С. 210.
  6. Бережков Н. Г. Литовская метрика как исторический источник. — Ч. 1: О первоначальном составе книг Литовской метрики по 1522 год. — М.; Л., 1946.  — С. 118.
  7. Акты, относящиеся к истории Западной России / Собр. и изд. Археографической комиссией. — СПб., 1846. — Т. I: 1340—1506. — С. 107. № 88.
  8. РИБ. Т. XXVII. Стб. 445—447.
  9. РИБ. Т. XXVII. Стб. 229.
  10. РИБ. Т. XXVII. Стб. 415—416, 426.
  11. РИБ. Т. XXVII. Стб. 239.
  12. Хоруженко, 2014. с. 123, прим. 8.
  13. РИБ. Т. XXVII. Стб. 129.
  14. Хоруженко, 2014. с. 124.
  15. У складзе Вялікага княства…
  16. Станюкович А. К., Авдеев А. Г. Неизвестные памятники русской сфрагистики. Прикладные печати-матрицы XII—XVIII веков из частных собраний. — М., 2007. — Табл. XII. № 49; С. 132—133.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Хоруженко О. И. «Печать князя Дмитрия» XV в.: проблемы интерпретации // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3 (57), 2014. — С. 122—128.
  • У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага раёна. — Мінск, 1996. — С. 92—114.