Дом Прушынскай
Славутасць | |
Дом Прушынскай | |
---|---|
| |
53°54′12″ пн. ш. 27°33′12″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | 1824 год |
Статус |
![]() |
![]() |
Дом Прушынскай — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 4. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Мураваны двухпавярховы будынак пабудаваны ў 1824 годзе на Койданаўскай вуліцы побач з сядзібай, якая належала Юрыю Кабылінскаму[1].
У 1833 годзе гэты будынак быў значна пашыраны ўздоўж вуліцы і адначасова перароблены яго галоўны фасад, які атрымаў адзінае архітэктурнае рашэнне, паводле ўзору 1824 года. Будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, але быў хутка адноўлены, пры гэтым галоўны фасад, што выходзіў на вуліцу Койданаўскую, захаваў архітэктурнае рашэнне, якое атрымаў у 1833 годзе. Гэта быў прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Галоўны фасад быў падзелены на ярусы плоскімі цягамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Першы паверх апрацаваны рустам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Аконныя праёмы першага паверха мелі плоскія ліштвы з замковым камнем. На другім паверсе над вокнамі знаходзіліся сандрыкі з фігурнымі кансолямі, завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Высокі цокальны паверх і падвальныя памяшканні будынка былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У двары знаходзіўся вялікі мураваны флігель[1].
У другой палове XIX стагоддзя гэты будынак разам з пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Сафіі Прушынскай. Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым і цокальным паверхах дома знаходзіўся шэраг крам, у тым ліку дзве мануфактурныя і кнігарня, акрамя таго тут былі змешчаны слясарная і кавальская майстэрні. На другім паверсе будынка знаходзілася банкірская кантора Ліўшыца. Астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[1].
Пасля 1920 года былы дом Прушынскай быў нацыяналізаваны, а большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў[1].
Цяпер у ім размешчаны грамадскія арганізацыі.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрыта двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае плоскаснае строгае вырашэнне, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія на 2-м паверсе дэкарыраваны трохвугольнымі сандрыкамі ў выглядзе франтонаў з карнізамі і плоскімі тымпанамі. У цэнтры была праезная арка, над ёй балкон. Пад карнізам даху праходзіць пояс сухарыкаў. З боку дваровага фасада магутныя вуглавыя контрфорсы[2].
Зноскі
- ↑ а б в г БУДЫНАК № 4. ДОМ ПРУШЫНСКАЙ
- ↑ 271. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- 271. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Прушынскай
- БУДЫНАК № 4. ДОМ ПРУШЫНСКАЙ