Перайсці да зместу

Дом з вуліцы Вызвалення, 4

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом з вуліцы Вызвалення, 4
53°49′59″ пн. ш. 27°22′28″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне Мінска, вул. Вызвалення, 4 (першапачаткова),
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Тып будынка жылы дом
Архітэктурны стыль беларускае народнае дойлідства
Дата пабудовы пачатак XX стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000404шыфр 612Г000404
Map

Дом з вуліцы Вызвалення, 4 — жылы дом пачатку XX стагоддзя з вул. Вызвалення ў Мінску з'яўляецца помнікам драўлянай архітэктуры Ракаўскага прадмесця. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо.

Дом з вуліцы Вызвалення, 4

Гісторыя помніка сведчыць, што ў ім адлюстраваны не толькі рысы драўлянага дойлідства, характэрныя для былой вул. Уваскрасенскай, але і характэрныя асаблівасці забудовы прадмесцяў XIX — пачатку XX ст. Натурнае даследаванне помніка было выканана ў 1985 г. у сувязі з разборкай дома і перавозам яго ў музей. Даследаванні паказалі, што веранда прыбудавана пазней, у 1960 г. Планіроўка дома захавалася.

Паводле адміністрацыйна-паліцэйскага падзелу Мінска другой паловы XIX — пачатку XX ст., участак, на якім быў узведзены дом, знаходзіўся ў 630-м квартале пад № 3 у другой частцы горада. У той час пляц з забудовай належаў Лейбу Гіршавічу Куперу. Акрамя жылога дома на пляцы існавалі хлеў, лядоўня. Плошча пляца складала 121,5 кв. саж.

Паводле дакумента, дом пабудаваны каля 19061907 гг. Меў памеры 18х10х5,8 аршын, крыты гонтай. Праект на будаўніцтва жылога дома быў зацверджаны ў 1895 г. Акрамя дома на пляцы меркавалася пабудаваць яшчэ драўляны флігель. Па праекце дом складаўся з дзвюх жылых чатырохпакаёвых кватэр. Уваходы былі з боку двара праз блакіраваную веранду і кухню. У працэсе будаўніцтва адбыліся нязначныя адхіленні ад праекта.

Аналіз планаў пабудовы за 1895, 1948 і 1984 гг. сведчыць, што за перыяд існавання планіровачная структура не мела значных пераробак.

Сцены рублены ў чысты вугал з зашыўкай дэкаратыўнымі накладкамі і карнізам. Бярвёны абчасаныя на два канты. Пастаўлены на бутабетонны падмурак. Капітальнай сцяной падзелены на дзве часткі. Падлога двайная на лагах. Столь таксама двухслойная. Дах кроквенны, апошнім часам быў накрыты дранкай. Галоўны фасад падзелены прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з прапіленым і вытачаным дэкорам, з філянговымі аканіцамі. На дваровым фасадзе зроблена веранда з ганкам.