Імануіл Кант
Імануіл Кант (22 красавіка 1724 — 12 лютага 1804) — нямецкі[5] філосаф эпохі Асветніцтва, заснавальнік нямецкай класічнай філасофіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Імануіл Кант нарадзіўся ў сціплай і вельмі набожнай сям'і. Яго дзед Яган быў рымарам з Мемеля (з 1923 г. — Клайпеда). Бацькі — Яган-Георг, сёдзельнік з Кёнігсберга, і Ганна-Рэгіна Ройтар[6]. Падлеткам ён наведвае каледж, а затым працягвае сваю адукацыю ва ўніверсітэце. Вывучае фізіку, прыродазнаўчыя навукі, матэматыку і філасофію. У 1747 годзе смерць бацькі вымушае яго спыніць вучобу і пачаць працаваць у якасці выкладчыка. З 1755 года рэгулярна наведвае Кёнігсбергскі ўніверсітэт, а ў 1770 годзе становіцца прафесарам гэтага ж універсітэта. Кант быў першым вялікім філосафам, які атрымаў вышэйшую адукацыю. Яго лекцыі і публікацыі гэтага перыяду былі вельмі разнастайныя: па матэматыцы, логіцы, геаграфіі, багаслоўі, педагогіцы, праве, антрапалогіі, метафізіцы.
У 1781 годзе з’явілася першая фундаментальная праца «Крытыка чыстага розуму», якая у выніку не стала паспяховай для яе аўтара. Яшчэ адна праца «Крытыка практычнага розуму» убачыла свет у 1788 годзе. Асноўнай філасофскай дактрынай Канта з’яўляецца трансцэндэнтальны ідэалізм. Яго самымі вядомымі творамі з’яўляюцца «Крытыка чыстага розуму» і «Крытыка здольнасці меркавання». Адной з цэнтральных тэм стаў прадмет чалавечай свабоды — свабода думаць у адпаведнасці з самым сабою, і свабода выказвання думкі.
Светапогляд
[правіць | правіць зыходнік]У творчай біяграфіі Імануіла Канта вылучаюць два перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97).
Для першага перыяду характэрныя творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. Ранні І. Кант спрабаваў спалучаць некаторыя прынцыпы прыродазнаўчага матэрыялізму з ідэямі Г. Лейбніца і яго паслядоўніка X. Вольфа. У працы «Усеагульная прыродазнаўчая гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы. У фізіцы, у развіццё ідэй Р. Дэкарта і Г. Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.
Галоўныя творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці меркавання» (1790). Паводле І. Канта, па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказваў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцяў, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (антыномія).
У аснове этыкі І. Канта — праблема годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, што адпавядала ідэям Французскай рэвалюцыі (1789) аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яна выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігія ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле Канта, патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх, т.зв. «катэгарычны імператыў».
Імануіл Кант падзяляў свет на дзве часткі — свет прыроды і свет свабоды. Першы з іх уяўляе сабой свет жорсткасці і зла, а другі, наадварот, свет культуры і маралі. Гэтыя два светы злучае, звязвае вялікая сіла Прыгажосці (сіла мастацтва).
У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці філосаф прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэя ўсеагульнай гісторыі ў сусветна-грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку.
І. Кант вызначыў тры неад'емныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага чальца грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці», або «сусветна-грамадэянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле Канта, толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцяў, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей.
У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Паводле Імануіла Канта, найвышэйшым праяўленнем культуры выступае менавіта яе эстэтычнае праяўленне. Як эстэтык, І. Кант адзначаў, што ўжо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе ўзвышае чалавека ў маральных адносінах.
Распрацаваў вучэнне аб антыноміях (супрацьлегласцях) тэарэтычнага розуму, якое адыграла значную ролю ў развіцці дыялектыкі.
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя публікацыі Імануіла Канта:
- 1755 — Allgemeine Naturgeschichte und Theorie Des Himmels (Усеагульная прыродазнаўчая гісторыя і тэорыя неба)
- 1763 — Der einzig mögliche Beweisgrund zu einer Demonstration des Daseins Gottes (Адзіны магчымы грунт для доказу дэманстрацыі існавання Бога)
- 1764 — Beobachtungen über das Gefühl des Schönen und Erhabenen (Назіранні адчування прыгожага і ўзнёслага)
- 1781 — Kritik der reinen Vernunft (Крытыка чыстага розуму)
- 1783 — Beantwortung der Frage: Was ist Aufklärung? (Адказ на пытанне: што такое Асвета?, бел. пераклад Я.Бяласіна, 1997)
- 1783 — Prolegomena zu einer jeden künftigen Metaphysik (Пралегамены да любой будучай філасофіі, бел. пераклад Л.Баршчэўскага, 2006)
- 1784 — Idee zu einer allgemeinen Geschichte in weltbürgerlicher Absicht (Ідэя да супольнай гісторыі з касмпаліцкім намерам)
- 1785 — Grundlegung zur Metaphysik der Sitten (Асновы метафізікі маральнасці)
- 1786 — Metaphysische Anfangsgründe der Naturwissenschaft (Метафізічныя асновы прыродазнаўчых навук)
- 1788 — Kritik der praktischen Vernunft (Крытыка практычнага розуму)
- 1790 — Kritik der Urteilskraft (Крытыка здольнасці меркавання)
- 1793 — Religion innerhalb der Grenzen der bloßen Vernunft (Рэлігія ў межах толькі розуму)
- 1795 — Zum ewigen Frieden (Да вечнага міру)
- 1797 — Metaphysik der Sitten (Метафізіка маральнасці)
- 1798 — Anthropologie in pragmatischer Hinsicht (Антрапалогія з прагматычнага гледзішча)
- 1798 — Der Streit der Fakultäten (Сутыкненне здольнасцяў)
- 1803 — Über Pädagogik (Пра педагогіку)
- 1804 — Opus Postumum
Уплывы
[правіць | правіць зыходнік]Імануіл Кант аказаў значны ўплыў на філасофію рамантызму і ідэалізму ў XIX стагоддзі, і яго працы з’яўляюцца адпраўным пунктам для Гегеля. Кант лічыцца бацькам нямецкай класічнай філасофіі. Выкладзеная ім гіпотэза аб паходжанні Сонечнай сістэмы змяніла метафізічны погляд на свет.
На падставе яго вучэння ўзніклі розныя філасофскія кірункі і плыні (Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія Канта вядома з канца XVIII ст. Некаторыя яго творы, у т.л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю. Быхавец. Прафесар Віленскага ўніверсітэта Ян Г. Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння Канта. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навуковай сістэмы Канта сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. Анёл Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі Імануіла Канта аб «рэчах у сабе», даследаваў на падставе прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго уяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Адказ на пытанне: што такое Асвета? / Перакл. Я. Бяласіна, 1997;
- Пралегомены да любой будучай філасофіі: Трактат / Перакл. Л. Баршчэўскі, 2006
Зноскі
- 1 2 Immanuel Kant // Brockhaus Enzyklopädie — F.A. Brockhaus, 1796. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Immanuel Kant // Proleksis enciklopedija, Opća i nacionalna enciklopedija — 2009.
- 1 2 3 4 Соловьёв В. С. Кант, Иммануил // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XIV. — С. 321–339.
- ↑ Матэматычная генеалогія — 1997.
- ↑ bigenc.ru(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2022. Праверана 11 жніўня 2022.
- ↑ Архівавана 2 снежня 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. Ф. Дубянецкі. Кант // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Кант Імануіл // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі — Мн.: БелЭн, 2003. — ISBN 985-11-0277-6
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Імануіл Кант- Імануіл Кант у Нямецкай нацыянальнай бібліятэцы
- Нарадзіліся 22 красавіка
- Нарадзіліся ў 1724 годзе
- Нарадзіліся ў Кёнігсбергу
- Памерлі 12 лютага
- Памерлі ў 1804 годзе
- Памерлі ў Кёнігсбергу
- Пахаваныя ў Калінінградзе
- Выкладчыкі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
- Члены Прускай акадэміі навук
- Члены РАН
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Філосафы Германіі
- Постаці Асветніцтва