Дом Ромераў (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Ромераў
53°40′53″ пн. ш. 23°49′54″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000665шыфр 412Г000665
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом па Савецкай вуліцы, 23 — будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дом Ромера на малюнку Н. Орды

Першапачаткова дом належаў Севярыну і Тэадоры Ромерам. Севярын Мікалай Ромер — маршалак шляхты Гродзенскага павета, удзельнік паўстання 1863 г. (у яго часта збіраліся паўстанцы), быў знаёмы з Напалеонам Ордам, які бываў у гэтым доме і выявіў яго на адным з сваіх малюнкаў. У 1865 годзе пасля высылкі С. Ромера ў Томскую губерню будынак быў выстаўлены на продаж і быў набыты Моўшай і Лізай Ясяноўскімі, пасля перабудаваны пад гатэль «Пецярбургскі». Адначасова тут працавала крама рэйнскіх вінаў і каланіяльных тавараў. У пачатку 20 ст. будынак належаў Юдэлю і Раўбе Рыманам, якія пашырылі гатэль да 33 нумароў.

У сакавіку-красавіку 1919 года ў доме працавалі Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, рэдакцыя газеты «Беларусь». У 20-я гады 20ст. змяшчалася рэдакцыя газеты «Nowy Dziennik Kresowy».

Падчас нямецкай акупацыі — Галоўнае мытнае ўпраўленне акупацыйнага ўрада, для якога гаспадар дома здаваў 9 жылых, 14 кабінетаў, 2 склады, прыёмную і 5 гаражоў за 195,1 рэйхсмарак. Пасля вызвалення горада ў будынку размяшчаўся інтэрнат педінстытута, і ў ім пражываў будучы пісьменнік Аляксей Карпюк. У той жа час тут дзейнічала падпольная беларуская антысавецкая арганізацыя, разгромленая НКУС у канцы 40 гг. У канцы чэрвеня 1947 г. гарвыканкам (які знаходзіўся тады па адрасе вул Сацыялістычная, 3) і педінстытут памяняліся будынкамі і ў гэты дом перасяліўся гарвыканкам з усімі службамі і аддзеламі. У 1961 г. у цокальным паверсе адкрылася кафэ «Пяльменная», якое пасля доўгага рамонту ператварылася ў рэстаран-бістро «Семафор». У 1963 у будынку знаходзілася бюро таварных экспертыз[1]. У 1970 годзе ў будынку размяшчаліся ў тым ліку «Аблміжкалгаспраект» і «Аблміжкалгасбуд», у 1982 — абласная арганізацыя аматараў кнігі. У яшчэ нават у сярэдзіне 20 ст. старыя гродзенцы называлі дом «гатэлям паўстанцаў»[2].

Цяпер у доме знаходзіцца Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, крама «Сафія». Прымыкае да дома № 25.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Трохпавярховы будынак прамавугольны ў плане. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Дэкор будынка па складанасці і насычанасці нарастае ад 1-га паверха да 3-га. Цэнтральная і бакавая часткі вылучаны рызалітамі. Парадны ўваход у выглядзе здвоеных арак паўцыркульнага абрысу вышынёй у паўтара паверхі. 1-ы паверх вырашаны як стылабат, 2-і і 3-і аддзелены фрызам з прамежкавым карнізам. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў лучковыя, 3-га — паўцыркульпыя. На рызалітах 3-га паверха размешчаны балконы, якія аб’ядноўваюць па 2 здвоеныя праёмы паўцыркульнага абрысу. Гэты матыў пераклікаецца з канфігурацыяй параднага ўвахода. Аконныя праёмы верхняга паверха ўпісаны ў прамавугольныя нішы і аздоблены сандрыкамі, нішы аддзелены ад карніза гарызантальнай цягай[3].

Узор будынка стыля эклектыкі з выразнымі элементамі класіцызму.

Зноскі

  1. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 112. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  2. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 298. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  3. 29. Забудова вуліцы Савецкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]