Дроў
Дроў (англ.: drow) — цёмныя эльфы з сусвету Забытых Каралеўстваў — найбольш папулярнага сусвету ролевай гульні «Dungeons & Dragons». Папулярызаваныя пісьменнікам Робертам Сальваторэ, аўтарам кніжнага серыяла пра цёмнага эльфа Дрызта Да’Урдэна. Сёння дроў — адна з найвядомейшых рас у літаратуры і камп’ютарных гульнях жанру фэнтэзі.
Дроў — адна з самых жорсткіх, небяспечных, бязлітасных і крыважэрных рас за ўсю гісторыю фэнтэзі. Дроў жывуць пад зямлёй, у вялізных гарадах, супольнай дзяржаўнасці не маюць. Улада ў гарадах належыць кланам («дамам»), кожны з якіх узначальвае жанчына-матрыярх, найстарэйшая ў родзе. Яна мае амаль неабмежаваную ўладу над сваімі дзецьмі і мужам. Кіраванне ажыццяўляецца праз дыктат і гвалт, іерархію дроў характарызуе абсалютная пакорлівасць перад вышэйшымі і дэспатычныя паўнамоцтвы над ніжэйшымі. Дроў, здольныя праяўляць хоць бы якія прыкметы дабрыні, чалавечнасці, літасці, папросту не выжываюць. Натуральны адбор (ад войн смяротнасць даволі высокая) пакідае толькі самых беспрынцыповых, бесчалавечных, здольных на ўсякую подласць і здраду. Натуральная працягласць жыцця дроў — каля 700 гадоў, але большасць проста не дажывае да гэтага ўзросту. Хворых і параненых суайчыннікаў дабіваюць. Усякае праяўленне літасці да ворага расцэньваецца як здрада. Дзяцей выхоўваюць з ужываннем фізічнай сілы (у прыватнасці, змяіных бізуноў), без усялякіх уступак: самыя слабыя з іх паміраюць. У многіх гарадах рабы складаюць да паловы насельніцтва. Больш за ўсё дроў ненавідзяць светлых эльфаў, што жывуць на паверхні Зямлі. Амаль усе іншыя расы вадзяцца і не давяраюць дроў, што ўскладняе жыццё нават тых рэдкіх цёмных эльфаў, якія перайшлі на бок дабра.
Выглядам дроў адрознівае абсалютна чорная (абсідыянавая) скура і белыя валасы. Галоўная багіня дроў — Ллос, Павучыная Каралева.