Дубровенскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Замак
Дубровенскі замак
Замчышча
Замчышча
54°34′24,11″ пн. ш. 30°40′28,77″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Дуброўна
Дата пабудовы XVI стагоддзе

Дубровенскі замак — колішні замак, які існаваў у XVIXVIII стст. у г. Дуброўна на беразе Дняпра. Складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў. Комплекс не збярогся.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1593 годзе праз Дуброўну праязджаў пасол аўстрыйскага імператара Мікалай Варкач, які пакінуў сціслае апісанне «Дуброўна — горад і ў гэтым месцы апошні памежны замак супраць масквітаў. Горад ляжыць на Дняпры, а па другі бок замка працякае рака Дуброўніца. Гэты замак шырокі ў акружнасці, толькі ўвесь драўляны»[1]. .

У 1654 годзе падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай пасля працяглай аблогі (чэрвенькастрычнік) Дуброўну занялі маскоўскія войскі. Яшчэ да ўзяцця горада цар Аляксей Міхайлавіч даваў інструкцыі ваяводзе князю Чаркаскаму: «Как город Дубровно здастца, и… шляхты лучших людей выбрав, прислать к государю,… а остальную шляхту велеть послать на Тулу, а мещан и уездных людей раздать ратным людям семьями, а город Дубровно выжечь». Гэты загад быў выкананы: 17 кастрычніка замак быў спалены, палонных шляхціцаў са складу залогі, а таксама 30 сем'яў лепшых мяшчан вывезлі ў царскую стаўку ў Смаленск[1].

У 1731 годзе паводле інвентара, Верхні і Ніжні Дубровенскія замкі амаль страцілі абарончае значэнне, хоць і былі адноўлены пасля Паўночнай вайны.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Неаднаразова перабудоўваўся. У першай палове XVIII ст. драўляны замкава-палацавы комплекс абкружаны вадзяным ровам, умацаваны земляным валам, на якім 6ылі драўляныя абарончыя сцены. Завершаная гонтавым шатром двух'ярусная брама з мостам цераз роў злучала замак з горадам. У яе ніжнім ярусе па баках ад праезда размяшчаліся вязніца і кардэгарда, у верхнім — зала з галерэяй. У цэнтры замка стаялі стары і новы палацы, злучаныя дарожкай з брусоў з невялікім мостам цераз сажалку (у цэнтры моста была відавая пляцоўка ў форме балкончыка, агароджанага ажурным парапетам з точанымі балясамі).

Стары палац[правіць | правіць зыходнік]

Стары палац (пабудаваны ў XVII ст.) — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты гонтавым дахам. Абапал размешчанай у яго цэнтры прыхожай групаваліся чатыры жылыя пакоі і две алькежы. Фасад з боку Дняпра афармляла галерэя з балюстрадай.

Новы палац[правіць | правіць зыходнік]

Новы палац (пабудаваны ў 1720-я гады — двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, складаўся з цэнтральнай часткі з прыхожай на першым паверсе і вялікай залай на другім, завершанай самастойным гонтавым дахам) і двух бакавых крылаў (у правым — чатыры жылыя пакоі і кабінет, у левым — сталовая і два жылыя пакоі). Быў накрыты складаным гонтавым дахам з шасцю люкарнамі. Планіроўка анфіладная. У пакоях стаялі грубкі з белай і зялёнай паліванай кафлі. Вокны ў алавяных пераплётах.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 В. Насевіч. Дубровеншчына ў складзе Вялікага Княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дубровенскага раёна / Рэдкал. П. М. Бараноўскі, І. Я. Скарынкін. — Мн.: Універсітэцкае, 1997. У 2-х кн.Кн. 1. — Мн., 1997. С. 50—67.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), с. 246

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]