Ездра
Ездра (іўр.: עֶזְרָא, Эзра; грэч. Έσδράς; лац.: Esdras) — адзін з галоўных іудзейскіх свяшчэннікаў, які пабываў у вавілонскім палоне. Паводле біблейскага падання жыў у часы панавання іудзейскага цара Іасіі. Будучы ў Вавілоніі, ён звярнуў на сябе увагу цара Артаксеркса і заслужыў ў яго асаблівы давер. Цар зрабіў яго сваім упаўнаважаным па справах іудзеяў. Ад Артаксерса ён атрымаў паўнамоцтвы вывесці ў Палесціну іудзеяў, якім не ўдалося вярнуцца на радзіму з першай часткай перасяленцаў, даставіць у Іерусалім дары і прынашэнні ад цара і народа для храма, назіраць за захаваннем закону і парадку сярод насельніцтва. Сваю дзейнасць на радзіме ён пачаў з правядзення шэрагу неабходных рэформ, якія мелі на мэце адраджэнне іудзейскага народа пасля вавілонскага палону. Па яго даручэнню іудзейскія кніжнікі сталі рабіць пераклады кніг Майсея на арамейскую мову і суправаджаць іх тлумачэннямі. Імем бога Яхве і персідскага цара Кіра II ён сумесна з Неяміем дамогся скасавання змешаных шлюбаў і выгнання з Палесціны іншапляменных жонак іудзеяў з іх дзецьмі, якім забараняўся доступ у Іерусалім. Гэтаму іудзейскаму рэфарматару прыпісваецца ўвядзенне ў літаратурны ўжытак халдзейскай мовы замест забытай у палоне старажытнаяўрэйскай, аб'яднанне ў адзіны звод свяшчэнных кніг Старога запавету, выпраўленне пашкоджаных спісаў, а таксама аўтарства трэцяй і чацвёртай кнігі «Царствы», двух кніг «Параліпаменон» і адной кнігі Бібліі, вядомай пад яго імем (першая кніга «Ездра»). Што датычыцца другой і трэцяй кніг «Ездра», якія дайшлі ў грэчаскім і лацінскім перакладах і прыпісваюцца па традыцыі гэтаму аўтару, то яны не лічацца кананічнымі, не з'яўляюцца арыгінальнымі і ўзніклі значна пазней жыцця самога Ездры.[1]
Зноскі
- ↑ Скарына Ф. Творы:… С. 156.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 156. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Ездра на Вікісховішчы |
---|
- Артыкул «Эзра» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі