Ельскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб «Пелеш»

Ельскія — беларускі шляхецкі род герба «Пелеш». У канцы ХVІ ст. род жыў яшчэ выключна ў Гарадзенскім павеце. У ХVІІ-ХVІІІ стст. валодалі вялікімі маёнткамі на Палессі[1].

У Расійскай імперыі род Ельскіх унесены ў VI часткі радаводных кніг Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай[2] губерняў, а таксама Царства Польскага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі князь літоўскі Вітаўт даў свайму двараніну Фёдару Хлісту дзве пустыя зямлі (пустаўшчыны) у Гарадзенскай воласці на імя Тыжоўшчызна і Тымжоўшчызна. Указаны арыенціры зямель: пры Коматаўскай дарозе, пад елкаю. Дата надання не пазначана, але ўказваецца, што ліст Вітаўта быў пацверджаны вялікімі князямі Казімірам і Аляксандрам[1].

Васіль Ходаравіч Пад’елчанік скардзіўся Жыгімонту Старому на тое, што гарадзенскі намеснік адняў у яго сенажаць, якую вялікі князь загадаў вярнуць. Роднасныя сувязі не прапісаны, Фёдар Хліст, мог быць бацькам Васіля Ходаравіча Пад’елчаніка. Апошні, у сваю чаргу, мог быць дзедам братоў Шчаснага і Гаўрылы Канстанцінавічаў. Пра самога Канстанціна звестак няма, акрамя таго, што яго жонкай была Марына, дачка Кандрата Праневіча[1].

Радавод беларускіх Ельскіх пачынаецца ад Канстанціна (нарадзіўся каля 1530 г.), які ўпамінаецца ў аршанскіх актах у 1575—1590 гг. Па некаторых крыніцах продкам, папярэднікам Канстанціна быў яго брат — шляхціц Станіслаў па мянушцы «Пелеш» (польск. — птушынае гняздо, логава звера). Ён згадваецца ў аршанскіх актах за 1570—1610 гг. Сыны Канстанціна Цярэнцій (Шчасны, Шчэсны) і Гаўрыла (Габрыэль) мелі прывілеі польскага караля Стэфана Баторыя (ад ліпеня 1578 г.) на зямлю пры вёсках Глінішча і Крыніца Гродзенскага павета[3].

На жаль, звестак аб нашчадках Цярэнція не выяўлена. Вядома, што яго сын Раман займаў у 1617 г. пасаду пінскага войскага. Пасля смерці Рамана Ельскага яго жонка Кацярына Саламярэцкая падалася ў манастыр св. Барбары ў Пінску[3].


Радавая лінія ад Гаўрылы выглядала так: яго сын Іосіф (мазырскі стольнік і староста), праўнук — Мікалай Сцяпанаў (пінскі стольнік), потым Іосіф Сцяпанаў, далей яго сын Уладзіслаў (1710—1762) — пінскі староста, пазней брэсцкі ваявода, які трагічна загінуў у Нясвіжы, калі гасціў у Радзівілаў (пахаваны ў Пінскім касцёле). Адзін з яго сыноў — Францішак (1738—1821), уладальнік Масалян (Бераставіцкі раён), быў брэсцкім кашталянам, літоўскім кухмістрам, кавалерам ордэнаў св. Станіслава і Белага арла. Пасля паўстання 1794 г. эмігрыраваў. У 1812 г. ён увайшоў у камісію Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. На радзіму вярнуўся па амністыі. Ад Францішка праз сыноў Людвіга і Міхаіла пайшло лядскае адгалінаванне роду Ельскіх, прадстаўнікам якога належалі Ляды (Чэрвеньскі р-н) і Ігнацічы (Мінскі р-н)[3].

У 1818 г. старэйшы сын Францішка Людвіг (1785—1843) ажаніўся з Клацільдай Манюшка, дачкой Станіслава Манюшкі, вядомага кампазітара. У якасці пасагу ёй адышлі Ляды — невялікі маёнтак непадалёку ад Смілавіч. Яго новы ўладальнік — Людвіг Ельскі — атрымаў добрую адукацыю, закончыў Сарбону. Ён прымаў удзел у напалеонаўскай кампаніі, з’яўляўся кавалерам ордэнаў Ганаровага легіёна, Залатога Крыжа Віртуці Мілітары, св. Яна Ерусалімскага, св. Уладзіміра ІІІ ступені і Чырвонага арла. У час паўстання 1831 г. быў фінансавым міністрам рэвалюцыйнага ўрада, пасля паражэння якога эмігрыраваў у Францыю, дзе памёр у вялікай беднасці[3].

У 1820 г. Клацільда ўступіла ў шлюб з Міхаілам Ельскім (1789—1859), малодшым братам Людвіга. Ён быў капітанам першага палка конных стралкоў Каралеўства Варшаўскага, кавалерам ордэнаў Ганаровага легіёна і Залатога ваеннага крыжа, пазней стаў харунжым шляхты Ігуменскага павета. Шлюб Міхаіла і Клацільды палажыў пачатак лядскай лініі Ельскіх, другое пакаленне якіх склалі тры дачкі і пяць сыноў. Ад Міхаіла Ляды адышлі старэйшаму сыну Аляксандру (1824—1905), вядомаму будаўніку мастоў, губернскаму сакратару, а малодшы сын Канстанцін (1837—1896) стаў вядомым біёлагам, даследчыкам фаўны Паўднёвай Амерыкі, заолагам, правадніком ідэй эвалюцыйнага вучэння Чарльза Дарвіна[3].

Другі сын Уладзіслава Ельскага Станіслаў (?-1829), ігуменскі павятовы маршалак, кавалер ордэна св. Станіслава, праз пасаг Розы Прозар стаў уладальнікам Дудзіч (Пухавіцкі р-н), якімі нашчадкі гэтай галіны роду валодалі больш за сто гадоў. Дом іх зрабіўся адным з цэнтраў культурнага жыцця на Беларусі. Тут нарадзіліся і жылі прадстаўнікі роду, якія сталі яго славай і гонарам: Казімір Ельскі (1782—1867), вядомы беларускі скульптар, аўтар многіх твораў станковай і манументальнай скульптуры; Аляксандр Ельскі (1834—1916), пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнаўца, перакладчык, публіцыст, стваральнік літаратурна-краязнаўчага музея ў Замосці (Пухавіцкі р-н); Міхаіл Ельскі (1831–1904), кампазітар, скрыпач-віртуоз, музыказнаўца. Яго адзіная дачка выйшла замуж за Януша Уняхоўскага. Уняхоўскія і былі апошнімі гаспадарамі Дудзічаў.

Праз шлюбы род Ельскіх цесна зблізіўся з вядомымі родамі Манюшкаў, Булгарынаў, Ваньковічаў, Корсакаў, Чапскіх і інш.

Герб[правіць | правіць зыходнік]

Прывілеем ад 1 сакавіка 1578 года кароль Стэфан Баторый даў для ўмацавання шляхецкага становішча Шчаснаму і Гаўрылу Канстанцінавічам Ельскім дадатковыя элементы да герба — шлем са страўсавым пяром і іншымі ўпрыгожаннямі (магчыма, намётам). Сам герб Ельскіх апісаны так: два мячы, накрыж пакладзеныя, над імі зорка. Пазней герб роду Ельскіх атрымаў назву «Пелеш»[1].

Паходжанне прозвішча[правіць | правіць зыходнік]

Дакументы дазваляюць прасачыць паходжанне прозвішча Ельскіх. Яно паходзіць ад нейкай елкі паміж Горадняй і Коматавам. Дрэва, пэўна, было вялізных памераў, калі выкарыстоўвалася як арыенцір для пазначэння зямельных уладанняў. Напэўна, менавіта ад гэтай елкі пайшло прозвішча Пад’елчанік, а пасля — Ельскія[1].

Найбольш вядомыя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]