Вялікую частку сваёй кар’еры правёў у бельгійскім «Беверэне» і мюнхенскай «Баварыі». Удзельнік двух чэмпіянатаў свету (1982, 1986) і двух чэмпіянатаў Еўропы (1980, 1984), срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1980 і чацвёрты прызёр чэмпіянату свету 1986. Адзін з найлепшых брамнікаў у сусветнай гісторыі. Першым атрымаў званне найлепшага брамніка свету (у 1987 годзе). У 2004 годзе, у год стагоддзя ФІФА, быў уключаны ў спіс ФІФА 100. Акрамя надзейнай гульні ў браме, праславіўся таксама сваімі дзівацтвамі, гульнёй на публіку падчас матчаў. З 2003 года на бельгійскім тэлебачанні выходзіць праграма «Пфафы», свайго роду рэаліці-шоў з удзелам Жан-Мары, яго жонкі і трох дачок.