Забялышын
Аграгарадок
Забялышын
| ||||||||||||||||||||||||||
Забялы́шын[2][3] (трансліт.: Zabialyšyn, руск.: Забелышин) — аграгарадок у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Забялышынскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Аграгарадок знаходзіцца за 32 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Клімавічы—Сураж, за 182 кіламетры ад Магілёва. Транспартныя сувязі ажыццяўляюцца па мясцовай дарозе праз вёскі Трасціно, Маркаўка і далей па шашы Хоцімск—Краснаполле.[2]
Рэльеф раўнінны, на захадзе мяжуе з лесам. Праз вёску цячэ ручай (прыток ракі Сураж), на якім утворана запруда. На паўднёвым усходзе цячэ другі ручай (прыток ракі Мужычок).[2]
Планіроўка радыяльная. Ад трохвугольнай невялікай плошчы адыходзяць працяглыя крывалінейныя вуліцы, перакрыжаваныя другараднымі вуліцамі і завулкамі. Забудова пераважна двухбаковая, шчыльная, індывідуальнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Новыя вуліцы забудаваны мураванымі аднакватэрнымі дамамі, а ў цэнтры ўзведзены 2 двухпавярховыя мураваныя 8-кватэрныя дамы. Грамадскія будынкі размешчаны ў цэнтры, вакол плошчы.[2]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з 18 стагоддзя. У 1715 годзе, ратуючыся ад улад Рэчы Паспалітай, з Крычава збеглі 5 сямей, якія далі пачатак паселішчу. У 1768 годзе заснаваны маёнтак, шляхецкая ўласнасць. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі.[2]
У 1885 годзе — цэнтр воласці ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. Апрача земляробства, вяскоўцы займаліся кравецкім, стальмашным, кавальскім і адходным промысламі. Працавала школа, у якой у 1889 годзе навучалася 35 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак. Мелася бальніца (адкрыта не пазней за 1880 год) і царква. У 1897 годзе дзейнічалі 4 крамы, хлебазапасны магазін, піцейны дом, праводзіліся 2 кірмашы на год.[2]
З 1919 года ў Клімавіцкім павеце Гомельскай губерні РСФСР. У лістападзе 1919 года створана сельскагаспадарчая арцель «Свет». 14 снежня 1922 года — закуначна-збытавое таварыства. З 20 жніўня 1924 года — цэнтр сельсавета ў Хоцімскім раёне. З 1926 года пачалі дзейнічаць фельчарска-акушэрскі пункт і бальніца. У пачатку 1930-х гадоў на мясцовым спіртзаводзе была зманціравана энергаўстаноўка, вёска атрымала электраасвятленне. У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас.[2]
У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1941 года да 27 верасня 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.[2]
У 1967 годзе да вёскі далучаны пасёлак Свет, у 1975 годзе — вёска Хацімча, пасёлкі Стары і Фралоўка. У 1986 годзе вёска стала цэнтрам саўгаса «Забялышын».[2]
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У 2007 годзе ў аграгарадку дзейнічалі дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, Дом культуры, музычная школа, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі і «Беларусбанка», амбулаторыя, аптэка, гандлёвы цэнтр, сталовая.[2]

Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1799 год — 141 жыхар, 20 двароў[2].
- 1885 год — 253 жыхары, 31 двор[2].
- 1897 год — 251 жыхар, 56 двароў[2].
- 1909 год — 269 жыхароў, 53 двары[2].
- 1986 год — 997 жыхароў, 362 гаспадаркі[2].
- 1997 год — 628 жыхароў, 374 двары[4].
- 2007 год — 807 жыхароў, 319 двароў[2].
- 2016 год — 824 жыхары[5].
Памятныя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]- Драўляная царква, пабудаваная ў 1843 годзе. З'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму.[2]
- Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (пастаўлены ў 1967 годзе).[2]
- Магіла Якуба Брайцава на мясцовых могілках.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Іван Раманавіч Брайцаў (1870—1947) — матэматык.
- Васіль Раманавіч Брайцаў (1878—1964) — савецкі хірург.
- Якуб Брайцаў (1861—1931) — празаік, драматург, паэт.
Зноскі
- ↑ Звесткі аб колькасці насельніцтва сельскіх населеных пунктаў
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7. Кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 257—258. — 544 с. — ISBN 978-985-11-0452-5.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 491. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- ↑ Звесткі аб колькасці насельніцтва сельскіх населеных пунктаў
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 491.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7. Кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 257—258. — 544 с. — ISBN 978-985-11-0452-5.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 31. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)
- Ліст карты N-36-89. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1984 г. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Забялышын