Заслаўе (геалагічнае агаленне)
Засла́ўе — геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе Мінскага раёна ў пясчана-жвіровым кар’еры. Адкрыта ў 1979 годзе. Геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння з 1984 года.
Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Заслаўе // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).