Ваколічная шляхта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Засцянковая шляхта)

Ваколічная шляхта — адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты ў Беларусі 15-19 ст. Называлася таксама засцянковай, заградовай, загонавай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна набліжалася да працоўнага сялянства.

Паходзіць са свабодных людзей, якія змаглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглавачыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі, абрубы) на землях, не занятых гаспадарскімі дамамі і надзеламі залежных сялян. Зямлёй валодала паводле родава-спадчынага права, апрацоўвала яе самастойна, але нярэдка наймала ў дапамогу агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У канцы 18 ст. каля 5% ваколічнай шляхты валодалі прыгоннымі. Удзельнічала ў ваяводска-павятовых сойміках, Паспалітым рушэнні, карысталася юрыдычнай недатыкальнасцю, прымала ўдзел у надзвычайных агульназемскіх ваенных і рамонтна-будаўнічых мерапрыемствах. Набілітацыю атрымлівала паводле родавага паходжання падмацованага сведкамі і каралеўска-соймавымі прывілеямі.

Вылучалася пачуццём уласнай годнасці, незалежнасці, саслоўна-карпаратыўнай выключнасці і салідарнасці. У 1796 8 паветах былога Вялікага Княства Літоўскага складала 61% ад усёй шляхты, у 1839 у заходніх губернях Расійскай імперыі — 56%. У 1810 годзе сярэдняя гаспадарка ваколічнага шляхціца Магілёўскай губерні складалася з 7 душ, мела 7.7 дзес. зямлі, 1.8 селяніна.

Пасля ўключэння ВКЛ у склад Расійскай імперыі, увядзення падушных рэвізій, рэкруцтва, маёмаснага цэнзу пры выбарах і інш. у 18-19 ст. ваколічная шляхта страціла сваё саслоўнае становішча. Актыўна ўдзельнічала ў паўстані 1831. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 выключана з дваранства і пераведзена ў катэгорыю аседлых аднадворцаў, абложаных падаткамі і рэкруцтвам. Указам ад 01.08.1857 аднадворцы на дзяржаўнай і ўласнай зямлі пераводзіліся ў дзяржаўных сялян, а на памешчыцкай праз добраахвотніцкія пагадненні з уласнікамі зямлі, зберагалі права захавання і ўзнаўлення вольнасці.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]